Чым жывуць сучасныя медыя

Больш як 50 экспанентаў будуць прадстаўлены на ХХІІІ Міжнароднай спецыялізаванай выстаўцы «СМІ ў Беларусі». Як расказаў журналістам Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч, на медыяфоруме наведвальнікі змогуць пазнаёміцца з найноўшымі тэндэнцыямі, тэматычнымі кірункамі і тэхналогіямі друкаваных і анлайн-СМІ, тэле- і радыёканалаў не толькі з Беларусі, але таксама з Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Казахстана, Узбекістана, Кітайскай Народнай Рэспублікі.

На асобным стэндзе, падрыхтаваным з дапамогай Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, будуць прэзентаваныя СМІ дыяспар. Сярод іншых адметнасцяў сёлетняй выстаўкі — правядзенне 3 мая першага тэматычнага Дня піяра, а таксама шырокая прэзентацыя сеткавых СМІ (са снежня 2018 года іх ужо зарэгістравана ў Беларусі звыш 10), сярод якіх інтэрнэт-выданне «Медыяна.by» (mediana.by), заснаванае сумесна факультэтам журналістыкі БДУ, Міністэрствам інфармацыі і Грамадскім прэс-цэнтрам Дома прэсы.

Ужо традыцыйна менавіта на выстаўцы будуць уручаны ўзнагароды пераможцам у 23 намінацыях прафесійнага конкурсу «Залатая літара» — сёлета на ўдзел у ім паступіла звыш 330 заявак. «Сёлета ў нас працавала новае журы, і магу вас запэўніць, што эксперты падрабязна разгледзелі ўсе работы, найлепшыя з якіх будуць адзначаны 3 мая», — расказаў Аляксандр Карлюкевіч.

Цэнтральнымі тэмамі медыяфоруму стануць ужо вельмі блізкія ІІ Еўрапейскія гульні, сучасныя інтэрнэт-тэхналогіі, адраджэнне малой радзімы, а таксама, безумоўна, 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Дарэчы, з дапамогай РУП «Белпошта» непасрэдна на выстаўцы можна будзе падпісаць паштоўкі і карткі для ветэранаў — вестачкі са словамі падзякі і добрымі пажаданнямі вызваліцелям ад нашчадкаў супрацоўнікі пошты бясплатна даставяць ва ўсе куткі Беларусі.

Апублікавана:
Праглядаў:
44
Крыніца:
Падзяліцца ў сац.сетках