Міністэрства інфармацыі дало адказы на пытанні тэлегледачоў

Некаторыя пытанні, якія паступілі ад жыхароў Беларусі ў ходзе падрыхтоўкі «Вялікай размовы з Прэзідэнтам», датычыліся работы айчынных тэлевізійных каналаў. Міністэрства інфармацыі дало на гэтыя пытанні грунтоўныя адказы.

Так, гледачоў турбуе зместавы кантэкст телеперадач і фільмаў, якія дэмаструюцца ў эфіры. 

Ірына Берастава з Мінска абураецца перавагай фільмаў, якія ўтрымліваюць сцэны забойства і гвалту, а кіно і перадач са «светлымі, добрымі, гуманнымі» сюжэтамі бракуе. Яшчэ адзін жыхар сталіцы Анатоль Канарскі незадаволены зместам забаўляльных і палітычных ток-шоу, якія рэтранслююцца з расійскіх тэлеканалаў.

- Пытанні напаўнення эфірнага часу адносяцца да ўнутранай палітыкі тэлеканалаў, якія, у сваю чаргу, пры фарміраванні эфірнай сеткі зыходзяць, перш за ўсё, з меркаванняў рэйтынга тэлевізійнай прадукцыі. Разам з тым у тэлеканалаў ёсць разуменне, што сённяшняя аўдыторыя гледачоў — складаная, шматпрофільная структура, дзе ў кожнага асобнага гледача ёсць свае запыты, перавагі і патрабаванні да тэлевізійнага кантэнту. У эфіры беларускіх тэлеканалаў прадстаўлены фільмы і праграмы рознай жанравай накіраванасці, у тым ліку культурна-асветніцкай, дакументальныя фільмы пра вядомых асоб і гістарычныя падзеі, актыўна транслюецца савецкая кінакласіка. Выходзіць у эфір шэраг тэлепраграм для падлеткаў і моладзі.

Што датычыцца рэтрансляцыі расійскіх тэлеканалаў, то з 1 снежня 2018 года ўступілі ў сілу папраўкі ў Закон Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі», у якіх, сярод іншага, прадугледжваецца павелічэнне долі нацыянальнага (беларускага) кантэнту да 30 % да 2020 года. Адпаведна, колькасць тэлепрадукцыі беларускай вытворчасці будзе павялічвацца. У перспектыве магчыма і паступовае павелічэнне абавязковай долі нацыянальнага кантэнту. Разам з тым «абмежаванне трансляцыі таго ці іншага тэлепрадукту ў Рэспубліцы Беларусь магчыма пры наяўнасці на гэта прававых падстаў». (Такімі падставамі можа быць размяшчэнне ў эфіры інфармацыі аб незарэгістраваных у нашай краіне прадпрыемствах, рэкламы наркотыкаў, інструкцый па вырабе зброі і да т. п.)

Некалькі зваротаў, у прыватнасці Вячаслава Новіка са Жлобіна і Віктара Качаргі з Гродна, датычыліся вялікай колькасці рэкламы ў эфіры. 

- Патрабаванні да рэкламы ў складзе тых ці іншых тэлепраграм вызначаны ў артыкуле 11 Закона аб рэкламе. Усе ўмовы размяшчэння рэкламы ў СМІ вызначаюцца ў дамове паміж рэдакцыяй тэлепраграмы і рэкламадаўцам. Адначасова лічым неабходным адзначыць, што беларускімі нацыянальнымі тэлеканаламі рэалізуецца цэлы шэраг тэлепраектаў пра дасягненні калектываў, прадпрыемстваў, фірмаў, прадпрымальнікаў, фермераў, пра развіццё рэгіёнаў і гарадоў. Вялікая ўвага аддаецца тэматыцы здаровага ладу жыцця, прапагандзе сямейных каштоўнасцяў, пытанням абароны мацярынства і дзяцінства. У эфіры тэлеканалаў рэгулярна транслююцца сацыяльныя відэаролікі. Усе гэтыя сацыяльна арыентаваныя праекты рэалізуюцца за кошт рэкламных паступленняў у бюджэт рэдакцый СМІ.

Данііл Раманаў з Буда-Кашалёва пацікавіўся: чаму галоўныя нацыянальныя тэлеканалы не ствараюць забаўляльныя і музычныя праекты, адаптаваўшы фармат папулярных замежных тэлепраграм («Голас», «Х-фактар»)?

- Намеснікам прэм'ер-міністра Ігарам Петрышэнкам 18 лютага 2019 года даручана Міністэрству культуры сумесна з Белтэлерадыёкампаніяй разгледзець пытанне аб стварэнні нацыянальнага тэлевізійнага праекта фармату шоу «Голас» ці «Х-фактар». Інфармацыя аб выхадзе новых праектаў будзе размешчана ў эфіры тэлеканалаў.

Апублікавана:
Праглядаў:
102
Падзяліцца ў сац.сетках