Адбылася прэс-канферэнцыя “Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку”: добрыя традыцыi ў новым фармаце”

Адбылася прэс-канферэнцыя “Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку”: добрыя традыцыi ў новым фармаце”

18 чэрвеня 2020 года ў прэс-цэнтры Дома прэсы адбылася прэс-канферэнцыя “Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку”: добрыя традыцыi ў новым фармаце”.

 Удзел прынялі:

  • Лукашутэ Вікторыя Альгімантаўна – рэферэнт упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства iнфармацыi Рэспублiкi Беларусь;

  • Лойка Аляксандр Часлававіч – дырэктар Установы “Музей “Замкавы комплекс “Мiр”;

  • Зміёва Ала Барысаўна – дырэктар выдавецтва “Навуковы свет”, куратар выставак, арт-дырэктар культурнага праекта Art librum, партнёр свята “Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку”, член Кіруючай рады ICOM Belarus.

20 чэрвеня 2020 года ў Мірскім замку пройдзе II фестываль гістарычнай кнігі “Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку”. Месца правядзення свята выбрана не выпадкова. Мірскі замак – унікальны помнік беларускага дойлідства, уключаны ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. У розны час замкам валодалі вядомыя гістарычныя асобы Беларусі, у ліку якіх былі асветнікі і мецэнаты, якія падтрымлівалі кніжную справу на беларускіх землях.

На прэс-канферэнцыі Вікторыя Лукашутэ паведаміла, што адкрыецца фестываль тэатралізаванай сустрэчай гасцей ва ўнутраным двары замка, а працягнецца касцюміраваным паказам у суправаджэнні Народнага ансамбля старадаўняй музыкі “Контрданс” у Сталовай хаце музейнага комплексу. Потым гасцей свята запросяць на адкрыццё выстаўкі мастака Юрыя Крупянкова “Памяці мястэчка”.

Аляксандр Лойка адзначыў: улічваючы эпідэміялагічную сітуацыю ў краіне, большасць мерапрыемстваў, запланаваных у праграме фестывалю кнігі, пройдзе ў камерным, лаканічным фармаце, з тым разлікам, што асноўная іх аўдыторыя будзе ў Інтэрнэт-прасторы. Плануецца праводзіць анлайн-трансляцыі ўсіх мерапрыемстваў свята “Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку” на YouTube-канале РУП «Дом прэсы». Таксама Аляксандр Часлававіч нагадаў, што ў Вялікай канферэнц-зале пісьменнікі, дзеячы нацыянальнай культуры збяруцца на пасяджанне круглага стола “Замкавы комплекс “Мір” – аб’ект Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА”. Завершыцца свята правядзеннем яшчэ аднаго круглага стала – “Кнігі – сведкі гісторыі”.

На заканчэнне мерапрыемства Ала Зміёва запрасіла ўсіх гасцей свята таксама наведаць  такія цікавыя выставы як “500 год. Мастацтва, кніга, мастацтва кнігі”, “Рэтраспектыва беларускага экслібрыса”, “Дзіцячая кніжная ілюстрацыя Беларусі і Эстоніі”.

Чым уразіць гасцей фестываль “Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку”? Якія асаблівасці фестывалю чакаць сёлета? Колькі гасцей плануе прыняць свята? Калі пачнецца анлайн-трансляцыя мерапрыемстваў фестывалю? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні, а таксама падрабязныя выступленні спікераў вы можаце знайсці ў поўнай версіі відэазапісу прэс-канферэнцыі па спасылцы.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах РУП «ДОМ ПРЭСЫ».

Апублікавана:
Праглядаў:
673
Крыніца: