Алесь Бадак — пра кніжныя навінкі да Дня беларускай пісьменнасці, праблемы і поспехі сучаснага кнігавыдання
Імідж даражэйшы за прыбытак ад бульварнага рамана
Беларускі пісьменнік, паэт, публіцыст, крытык, перакладчык, аўтар больш як дзесяці паэтычных кніг, шматлікіх крытычных артыкулаў і рэцэнзій, а таксама тэкстаў песень. Імя Алеся Бадака добра ведаюць як дзеці, так і дарослыя. З серыі займальных апавяданняў пра наваколле малеча пачынае свой шлях у вялікае падарожжа ў кніжны свет. Цікавяцца творчасцю Алеся Бадака і за мяжой. Яго аповесць «Адзінокі васьмікласнік жадае пазнаёміцца» перакладзена на рускую, венгерскую, польскую, таджыкскую і іншыя мовы. Пісьменнік пачынаў творчы шлях з раённай газеты «Будаўнік камунізма» (цяпер «Ляхавіцкі веснік»), у розныя часы быў рэдактарам літаратурных газет і часопісаў, сёння ўзначальвае адно са старэйшых кніжных выдавецтваў Беларусі — «Мастацкая літаратура». Аб тым, якія кнігі зараз выклікаюць найбольшую цікавасць у чытача і ў чым крыецца сапраўдны пісьменніцкі талент і поспех, гутарым з майстрам слова.Дзівоснае свята
— Алесь Мікалаевіч, з якім настроем вы сустракаеце Дзень беларускага пісьменства?— З цудоўным! Гэта свята кнігі, а кніга заўсёды нясе святло. Вось вы бачылі калі-небудзь злога, змрочнага чалавека, які любіць чытаць кнігі? Мне здаецца, такія людзі — рэдкасць. З імі можна ні разу не сустрэцца, нават пражыўшы вельмі доўга. Дзень беларускага пісьменства — дзівоснае свята. Не ведаю ніводнай іншай краіны, у якой бы на дзяржаўным узроўні адзначалася нешта падобнае, звязанае з іх пісьменствам.
— Што асаблівага і адметнага падрыхтавала выдавецтва «Мастацкая літаратура» для кнігалюбаў?
— Сёлетні год багаты на юбілеі нашых знакамітых класікаў, сярод якіх Багдановіч, Мележ, Шамякін. Летась мы пачалі праект «Народная бібліятэка» і папрасілі людзей розных прафесій і ўзросту назваць любімыя творы Максіма Багдановіча. Творы, якія ў выніку сабралі найбольш галасоў, увайшлі ў паэтава «Выбранае», выданне пабачыла свет сёлета. Апроч таго, мы абнавілі нашу вядомую серыю «Жыццё знакамітых людзей Беларусі». Цяпер гэта не проста зборнік артыкулаў, успамінаў пра таго ці іншага вядомага дзеяча. Зараз яна будуецца па храналагічным прынцыпе, дзе кожны раздзел прывязаны да канкрэтнай даты ці перыяду, важных для біяграфіі героя.
Першая кніга ЖЗЛБ у новым варыянце прысвечана якраз Максіму Багдановічу. А перад ёй — таксама сёлета — выйшла кніга ў гэтай жа серыі, апошняя ў «класічным» варыянце, пра Івана Мележа.
Да юбілею Івана Шамякіна выдалі том яго выбраных твораў, які склала дачка пісьменніка Алеся Іванаўна Шамякіна. У кнігу ўвайшлі пенталогія «Трывожнае шчасце» і аповесць «Слаўся, Марыя!». Гэта не толькі самыя аўтабіяграфічныя творы класіка, але, на думку многіх літаратуразнаўцаў, адны з самых яркіх у яго багатай літаратурнай спадчыне. Усе пералічаныя кнігі мы прэзентуем на Дні беларускага пісьменства. Але, зразумела, не толькі іх.
Асалода чытання
— Якія кнігі, па вашых назіраннях, выклікаюць найбольшую цікавасць у сучаснага чытача?— Самая шматлікая аўдыторыя — тая, у якой літаратура ўсяго толькі сродак для адпачынку. Гэта аматары жаночых раманаў, танных дэтэктываў, фэнтэзі, трылераў, альтэрнатыўнай гісторыі. Выдаўцы прапануюць ім просценькія раманы для аднаразовага прачытання, напісаныя па адной і той жа не сёння распрацаванай схеме, у аснове якой удала закручаны сюжэт з гарой трупаў ці любоўным трохкутнікам. Спадзяюся, кажучы так, я нікога не крыўджу: і дома за сталом пераважная большасць з нас далёка не гурманы: яечня, пельмені — чым не сняданак?
Літаратурныя гурманы — катэгорыя нешматлікая, як і сама проза ці паэзія такога кшталту. Успомніце, калі апошні раз вы чулі захопленае ад сваіх знаёмых пра якога-небудзь пісьменніка: «У яго выдатны стыль!» І адразу зразумееце, што я маю рацыю. Таму такая літаратура часцей за ўсё не самая запатрабаваная, але затое яна вельмі жывучая, у адрозненне ад так званай масавай літаратуры, бульварнага чытва. Знаўцы сапраўднай, выкшталцонай паэзіі як цанілі вершы Міхася Стральцова ў сямідзясятыя, так цэняць і сёння. Прычым большасць з іх — гэта ўжо сённяшняя моладзь, што асабліва радуе.
— Як выдавецтву захаваць спецыялізацыю «Мастацкай літаратуры», а не спусціцца на выданне твораў на патрэбу масавага чытача?
— Я ўважліва сачу за тым, што адбываецца на расійскім кніжным рынку. Пандэмія вельмі моцна ўдарыла па ім, як, зразумела, і па любым іншым, і каб неяк выжыць, многія выдавецтвы сталі больш актыўна выпускаць літаратуру сумніўнай якасці, арыентуючыся ў першую чаргу на незапатрабаванага чытача. З аднаго боку, як вядома, попыт нараджае прапанову, з іншага — ролю літаратуры ў грамадстве нельга недаацэньваць і разглядаць яе толькі як нейкі бізнес-праект.
Старонкі разваг і пачуццяў
— Алесь Мікалаевіч, што вы зараз чытаеце для душы? Складзіце свой топ-5 твораў восені-2021, якія трэба абавязкова прачытаць.— Не так даўно адкрыў для сябе цудоўнага сучаснага расійскага пісьменніка Яўгена Вадалазкіна. Адзін за адным прачытаў яго раманы «Лаўр» і «Авіятар». Цяпер чытаю «Апраўданне вострава». Побач ляжыць кніга Ісабэль Альендэ «Дом духаў»: проста люблю лацінаамерыканскі магічны рэалізм, а тут яшчэ аўтар — жанчына. Цікава. Чакае свайго часу раман Архана Памука «Чорная кніга».
Неяк для працы спатрэбілася выказванне Шамякіна пра літаратуру. Узяў з паліцы яго «Роздум на апошнім перагоне» ды пакуль так і не паставіў назад — пакінуў на стале. Цікава акунуцца ў літаратурную атмасферу савецкага часу і паглядзець на многія працэсы як культурнага, так і палітычнага жыцця краіны вачыма аднаго з тагачасных самых папулярных і ўганараваных беларускіх пісьменнікаў. Нядаўна адзначыў свой 75-гадовы юбілей наш цудоўны паэт Віктар Гардзей. З задавальненнем перачытаў яго вершы. Гэта тая ціхая, па настрою восеньская лірыка, якая лёгка кладзецца на сэрца.
— З кніг якіх пісьменнікаў і паэтаў пачыналася ваша станаўленне як асобы?
— У школе чытаў запоем, браў у бібліятэцы адразу па некалькі кніг. Пасля запісаўся ў сельскую бібліятэку, затым у дзіцячую раённую. Тады я не вельмі звяртаў увагу на прозвішча аўтара на вокладцы. Пакуль у старэйшых класах не адкрыў для сябе Андрэя Вазнясенскага. Яго манера пісьма вельмі ўразіла. Як і кніга Алеся Разанава «Шлях-360». Перачытаў яго квантэмы некалькі разоў, спадзяваўся, што з другога ці з трэцяга разу дабяруся да іх сэнсу. Не дабраўся, але зборнік усё роўна, як вір, зацягваў у сябе, заманьваючы якраз сваёй таямнічасцю. І тады ж захапіўся творчасцю Міхася Стральцова. Здавалася б, поўная процілегласць Разанаву, незвычайная прастата радка, але такая падманлівая!
Быкаў, Караткевіч таксама прыйшлі ў старэйшых класах. Не скажу, што тады пісьменнікі ўяўляліся мне нейкімі небажыхарамі. Было іншае: пісьменнік — значыць, мудры, інтэлігентны, ледзь не ідэальны ў паводзінах. І калі ты сам спрабуеш нешта пісаць, то не толькі звяраеш свой радок з радкамі куміраў. Ты як бы неўсвядомлена пачынаеш імкнуцца пераймаць іх манеры.
— Пра што быў ваш першы верш? Якія пачуцці перажылі, калі першы раз ўбачылі свой надрукаваны твор?
— Здаецца, гэта была вельмі вольная інтэрпрэтацыя верша Якуба Коласа «На рэчцы». Памятаеце: «Не сядзіцца ў хаце хлопчыку малому…» А можа, і не зусім вольная, таму што той верш так і не надрукавалі, і я яго амаль не памятаю. Было мне тады гадоў дванаццаць. А ў трынаццаць у адным з нумароў газеты «Піянер Беларусі» з’явілася цэлая падборка маіх вершаваных практыкаванняў — амаль на паўпаласы. Гэта было неверагоднае шчасце, аж галава закружылася! На жаль, такое шчасце бывае толькі раз у жыцці. Кожную сваю новую публікацыю ты ўспрымаеш ужо больш спакойна.
Поўнасцю артыкул вы можаце прачытаць на сайце газеты "СБ. Беларусь сегодня".
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах “СБ. Беларусь сегодня”.