Ашхабад: новыя творчыя праекты

Ашхабад: новыя творчыя праекты

У межах удзелу беларускай дэлегацыі ў чарговым Форуме навуковай і творчай інтэлігенцыі Садружнасці Незалежных Дзяржаў, які праходзіў у сталіцы Туркменістана, адбылася рабочая сустрэча дырэктара – галоўнага рэдактара Выдавецкага дома «Звязда» Паўла Сухарукава з прадстаўніком рэдакцыі часопіса «Дунья эдэбіяты» («Сусветная літаратура») вядомым туркменскім празаікам і перакладчыкам Максатам Бяшымавым.

Павел Сухарукаў перадаў туркменскаму пісьменніку альманах «Далягляды» (Мінск, «Мастацкая літаратура», 2019 год), у якім надрукаваны пераклады апавяданняў Максата Бяшымава і Атаджана Тагана ў перакладзе на беларускую мову, а таксама беларускія часопісы з публікацыямі туркменскіх празаікаў і паэтаў. Нагадаем, што ў апошні час на старонках беларускага перыядычнага друку былі змешчаны творы Бягуль Анабаевай, Чэмен Анабердыевай, Атаджана Тагана, Камека Куліева, Максата Бяшымава і іншых паэтаў і празаікаў Туркменістана.

Зараз сумесна з беларускімі калегамі Максат Бяшымаў працуе над укладаннем анталогіі туркменскага апавядання. У час сустрэчы ішла гаворка і пра новыя публікацыі беларускіх аўтараў у часопісе «Дунья эдэбіяты», тыраж якога сёння складае 11 400 экзэмпляраў.

Варта заўважыць, што, пачынаючы з 2012 года, часопіс «Дунья эдэбіяты» вельмі ўважлівы да публікацыі перакладаў беларускай літаратуры. На яго старонках друкаваліся творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Міколы Мятліцкага і іншых беларускіх класікаў і сучасных пісьменнікаў нашай краіны. 

Апублікавана:
Праглядаў:
416