Беларуска-марыйскія літаратурныя сувязі

Беларуска-марыйскія літаратурныя сувязі

У сённяшнім нумары газеты «Літаратура і мастацтва» цэлая старонка прысвечана перакладам паэтычных твораў марыйскіх мастакоў слова. Публікацыя, аб’яднаная назвай «Птушка на пунсовых крылах», прымеркавана да 100-годдзя ўтварэння Рэспублікі Марый Эл, якое ў Іашкар-Але ўрачыста адзначаюць якраз гэтымі днямі.

Вершы Юрыя Чавайна пераклалі Пятро Жаўняровіч і Яна Будовіч, Надзеі Ялкайн – Генадзь Аўласенка, Йывана Кырлы – Янка Лайкоў, Ошэла Васлія – таксама Янка Лайкоў, а Яныша Ялкайна – Генадзь Аўласенка.

«Хлеб – / ад поту і ад мазаля./ Хлеб – / руплівасці, дбайнасці плён./ Хлеб – / як родная наша зямля,/ як святло непагаснае ён./ Новы дзень нам нясе/ новы хлеб./ Ён – быцця галоўны закон./ Без яго я душою б аслеп/ і відушчым не стаў бы спакон», – чытаем верш «Хлеб» Ошэла Васлія. Паэты розных пакаленняў, творцы вельмі блізкія сваімі тэматычнымі зацікаўленнямі да беларускай паэзіі. І тэматычная старонка з іх вершамі – «Птушка на пунсовых крылах» падаецца надзіва гарманічнай публікацыяй у беларускай літаратурна-мастацкай газеце.

У апошнія некалькі гадоў паміж беларускай і марыйскай нацыянальнымі літаратурамі складваюцца добрыя творчыя стасункі. Творы беларускіх пісьменнікаў часта друкуюцца на старонках марыйскага літаратурна-мастацкага часопіса «Ончыко» («Наперад») у перакладзе на марыйскую мову. У многім гэтаму спрыяюць намаганні дырэктара Выдавецкага дома «Марыйскае кніжнае выдавецтва» празаіка, перакладчыка, публіцыста Юрыя Салаўёва.

Крыніца - sozvuchie.by.

Апублікавана:
Праглядаў:
185