Беларусы ў Сібіры

Беларусы ў Сібіры

Прэзентацыя двухтомніка “Беларусы ў Сібіры” прайшла 5 лютага ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры. Мерапрыемства з удзелам расійскіх гасцей прымеркавана да ХХVІІ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы. 

Расійскае выданне, якое грунтоўна распавядае пра беларусаў у Сібіры і змяшчае самыя разнастайныя матэрыялы – ад “радаслоўя” і расповедаў пра лёсы і характары да лістоў, дзённікаў і вандроўных нататак, а таксама вершы нашых ссыльных паэтаў Сяргея Дарожнага, Ядзвігі Бяганскай, Андрэя Александровіча, Алеся Гаруна ў перакладзе на рускую мову, выкананым Інай Фраловай, і жывапіс нашых мастакоў, і шмат іншага, -- прэзентавалі з удзелам прадстаўнічай афіцыйнай публікі і пры самых што ні ёсць юных сведках – вучнях Мінскай гарадской сярэдняй школы N 152.

Адкрываючы прэзентацыю, Эліна Свірыдовіч зрабіла адступленне, звярнуўшы ўвагу на зал, у якім сабраліся госці: тут цяпер экспануецца Біблія Васіля Кораня 1692—1696 гадоў. Біблія гэтая таксама была прывезена да нас сябрамі з Расіі. “Беларусь і Сібір аддзяляюць прасторы, і тым не менш, ужо некалькі стагоддзяў беларусы ўплываюць на розныя галіны жыцця далёкай ад нас зямлі. Шмат нашых суайчыннікаў, пачынаючы з ХVІ стагоддзя, звязалі жыцці з гэтым асаблівым рэгіёнам. Рознымі шляхамі яны апыналіся ў Сібіры, але ўсе ўносілі нешта сваё ў развіццё тамтэйшай культуры, інжынерыі, прамысловасці”, -- сказала Эліна Свірыдовіч.

З вітальнымі словамі да прысутных звярнуўся дырэктар музея Міхаіл Рыбакоў. Адзначыўшы факт цікавасці да тэмы, ён падзякаваў гасцям за выданне і магчымасць мець яго на беларускай зямлі. “Як навуковец і чалавек, які доўга займаўся справамі беларусаў за мяжой, магу сказаць, што стварэнне такіх выданняў – гэта вельмі цяжкая праца. Прычым не толькі на стадыі выпуску кнігі, але і на стадыі даследаванняў, -- сказаў Міхаіл Рыбакоў. -- Кніга ўтрымлівае шмат дакументаў і фотаздымкаў, летапіснага матэрыялу, іншай інфармацыі, якую хутка не збярэш і за кароткі час не перапрацуеш. Спадзяюся, што гэты двухтомнік шмат дасць культуры і гісторыі Беларусі. Мы, такім чынам, адкрываем новую старонку, якой будзем пасля ганарыцца, як ганарымся іншым, што маем даўно”.

Фундатарам выдання з’яўляецца дырэктар Цюменскага дабрачыннага фонда “Адраджэнне Табольска” Аркадзій Ялфімаў. Гэтая грамадская арганізацыя мае мэтай асветніцтва – расповеды пра цудоўную гістарычную і культурную спадчыну, якой сібіракі ганарацца. Кніг, выпушчаных арганізацыяй, можна ўжо налічыць больш за сорак. “Традыцыі выпускаць іх паклаў пачатак шмат гадоў таму Валянцін Распуцін, якога называюць духоўным губернатарам Сібіры. Ён дабраславіў наш выдавецкі праект і напісаў да яго прадмову, дзве афарыстычна паведаміў, што Сібір уся на сёння зведаная ў сваіх нетрах, але ніяк не вывучана ў сваім культурным і гістарычным мінулым. Тое, чым нам трэба ганарыцца, нам, маўляў, невядомае. Задача гэтых кніг – распавесці пра тое, чым трэба нам ганарыцца”, -- сказаў госць.

Пра тое, як ствараюцца кнігі праекта, прысутныя пачулі асобны кранальны аповед. Як і пра факт дарэння нейкі час таму ўнікальнага выдання – евангелля Дастаеўскага – нашай сядзібе Дастоева. Дарагія выданні, якія ствараюцца агульнай колькасцю не больш як сто экземпляраў, не прадаюцца, а толькі дорацца. “Кнігі выдаюцца на сродкі Папячыцельскага Савета, сродкі ахвяруюць прадпрымальнікі, вядомыя ў Расіі дабрачынцы”. Афармленне кніг заслугоўвае асаблівай увагі. Папера на іх бярэцца самая дарагая, якая толькі ёсць у паліграфіі. Вокладкамі часта не абмяжоўваецца – ствараецца спецыяльная ўпакоўка. “Гэта шэдэры кніжнага мастацтва, якія афармляюцца выключна мастакамі”, – падкрэсліў Аркадзіў Ялфімаў. “А калі вокладка кнігі падалася вам цёмнай, -- дадаў ён, -- то гэта невыпадкова, гэта прадуманы ход. Мы прызвычаіліся да яркіх колераў як прыкметы папсовасці. Але Сібір не свята, і беларусы ішлі туды на цяжкія выпрабаванні”.

У прэзентацыі ўзяў удзел старшыня Рады Беларускага фонда культуры Тадэвуш Стружэцкі. Перайначыўшы фразу пра час і камяні, ён сказаў так: “Для нас настаў час збіраць беларусаў, рассеяных па ўсім свеце”.

Юрый Пермінаў, галоўны рэдактар выдання, расказаў сярод іншага і пра цяжкасці выбару назвы: “Мы думалі, як назваць: “Беларусы ў Сібіры” ці “Беларусы і Сібір”? І спыніліся на першым, таму што саюз “і” мае не толькі аб’яднаўчае, але і раздзяляльнае адценне”. Госць адзначыў, як часта пры падрыхтоўцы розных выданняў даводзілася звяртаць увагу на тое, як гучыць беларуская тэма: “Яна гучыць так ці іначай ці не ў кожнай кнізе, якую мы рыхтуем, пра што б яна ні была, пра які сібірскі горад ні распавядала”.

Пісьменніца Іна Фралова расказала, як прыемна было ёй адчуць сябе аўтарам гэтага двухтомніка, зрабіўшы пераклады беларускіх паэтаў на рускую мову. “Я адчула сябе сярод сяброў”, -- сказала яна, распавядаючы пра маскоўскую прэзентацыю выдання.

Клопат аб знаходжанні гасцей з Сібіры ў Мінску і Беларусі ўзяў на сябе Саюз пісьменнікаў Беларусі. Іх чакаюць да дзясятка сустрэч у межах выставы і вандроўкі па нашых гарадах. А выданне “Беларусы ў Сібіры” ў падарункавых упакоўках атрымаў не толькі Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, але і сістэмы дарослых і дзіцячых публічных бібліятэк Мінска.

 Святлана Воцінава, часопіс "Маладосць"

Апублікавана:
Праглядаў:
807