Часопіс «Алеся» адзначае 95-годдзе выхаду першага нумара

Часопіс «Алеся» адзначае 95-годдзе выхаду першага нумара

Сёння часопіс «Алеся», які выходзіць у Выдавецкім доме «Звязда», адзначае 95-годдзе выхаду першага нумара. Рашэнне аб стварэнні менавіта жаночага часопіса было прынята на І Усебеларускім з'ездзе работніц і сялянак у сакавіку 1924 года. Часопіс, які некалькі дзесяцігоддзяў называўся «Работніца і сялянка», быў папулярны і любімы не толькі ў Беларусі, але і ў іншых саюзных рэспубліках.

Са слаўным юбілеем выданне павіншаваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што за гады існавання часопіс некалькі разоў мяняў назву, але не страціў сваёй сутнасці. Як і дзесяцігоддзі таму, ён паспяхова спрыяе паляпшэнню становішча жанчын у грамадстве, паказвае іх як актыўных удзельніц палітычнага, сацыяльнага і культурнага жыцця краіны.

«Не будзе перабольшаннем сказаць, што «Алеся» сфарміравала некалькі пакаленняў беларусак — энергічных, адукаваных і адказных. Выданне і сёння робіць важкі ўклад у стварэнне светлага, высакароднага вобраза беларускай жанчыны, выхаванне нашай моладзі і папулярызацыю сямейных каштоўнасцяў», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што творчы калектыў часопіса і надалей будзе верны сваім прафесійным абавязкам і добрым традыцыям. Ён пажадаў аўтарам і чытачам «Алесі» шчасця, дабрабыту і далейшых поспехаў на карысць роднай Беларусі.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда»

Апублікавана:
Праглядаў:
384