Аповесць казахскага празаіка Нурдаулета Акыша друкуецца ў беларускім дзіцячым часопісе “Домік”

Аповесць казахскага празаіка Нурдаулета Акыша друкуецца ў беларускім дзіцячым часопісе “Домік”

Нурдаулет Акыш – вядомы казахскі дзіцячы празаік, літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук. Аўтар многіх кніг, адрасаваных найперш дзіцячаму чытачу. Сярод яго найболей вядомых твораў – аповесць “Незвычайнае лета”. У свой час твор быў выдадзены на рускай мове масавым тыражом. А зараз аповесць друкуецца з працягам у часопісе “Домік” у перакладзе на беларускую мову. Мяркуецца, што чытачы папулярнага выдання, заснаванага Рэспубліканскай грамадскай арганізацыяй “Сябры “Вясёлкі”, будуць сустракацца з героямі з аповесці казахскага празаіка на працягу ўсяго 2019 года. 

Расказвае галоўны рэдактар часопіса “Домік” публіцыст Анастасія Радзікевіч:

– У сваім выданні мы наўмысна звяртаем увагу на розныя літаратуры, розныя нацыянальныя культуры, розныя краіны. Сёння свет непадзельны. Столькі судакрананняў і падабенстваў і, канечне ж, адрозненняў, веданне пра якія проста неабходна. Гэтае веданне дазваляе юным чытачам адкрываць новыя прасторы, быць упэўненымі, што народы і краіны павінны жыць у міры і добрасуседстве. Памкненні “Доміка” скіраваны найперш на тое,к аб максімальна шырока расказаць пра жыццё суседзяў – дзяцей Украіны, Польшчы, Літвы, Латвіі, Расіі. Гэтыя памкненні мы і збіраемся рэалізаваць у самых бліжэйшых нумарах нашага часопіса, агульны наклад кожнага з нумароў якога ўжо дасягнуў 12 019 асобнікаў.

Апублікавана:
Праглядаў:
1 367