Часопісу ”Беларусь. Belarus“ – 90!

Часопісу ”Беларусь. Belarus“ – 90!

Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч павіншаваў калектыў часопіса ”Беларусь. Belarus“ і яго ветэранаў з 90-годдзем часопіса.

“Рэдка якія выданні могуць пахваліцца такім даўгалеццем.

Легендарны часопіс пачаў выдавацца ў 1930 годзе пад назвай ”Чырвоная Беларусь“. Тут друкаваліся Якуб Колас, Янка Брыль, Максім Танк, Іван Мележ. Першым рэдактарам быў Міхась Чарот.

“З першых дзён вызвалення беларускай зямлі ад фашысцкіх захопнікаў у 1944 годзе часопіс аднавіў сваю дзейнасць пад назвай ”Беларусь“ з дэвізам ”Смерть немецким захватчикам!“ на першай старонцы. Але загаловак ”перадавога“ рэдакцыйнага артыкула адноўленага выдання быў вельмі сімвалічны і пададзены па-беларуску: ”Дзень добры, Беларуская зямля!“ – гаворыцца ў віншаванні.

Аляксандр Карлюкевіч падкрэсліў, што “сёння ”Беларусь. Belarus“ – сучасны медыйны іміджавы праект аб нашай Айчыне, які выходзіць на замежную аўдыторыю. Пераадолеў гросмайстарскую планку – больш за тысячу нумароў, паспяхова перажыў рэвалюцыю канвергентнасці. На яго старонках – лепшыя матэрыялы вядучых беларускіх журналістаў на роднай, англійскай і кітайскай мовах аб маладой суверэннай і незалежнай рэспубліцы, яе нацыянальных традыцыях, выдатных беларусах, аб палітыцы, эканоміцы, культуры, спорце. Часопіс чакаюць у турагенцтвах, бібліятэках, пасольствах розных краін”.

У віншаванні адзначаецца, што ”Беларусь. Belarus“ плённа працуе ў творчым тандэме з газетай ”Голас Радзімы“ на шматлікую замежную беларускую дыяспару, дапамагаючы зацікаўленым пачуць голас Радзімы, знайсці свой шлях да роднай Беларусі, захаваць у нашчадкаў любоў да культуры і гісторыі Сінявокай краіны, паважаць яе этнічныя каштоўнасці.

Міністр інфармацыі ўпэўнены: гэты галоўны напрамак рэдакцыйнай палітыкі захаваецца на доўгія гады, а часопіс і надалей будзе даверлівым суразмоўцам і адданым сябрам для ўсіх суайчыннікаў.

Аляксандр Карлюкевіч падзякаваў калектыву за карпатлівую працу і пажадаў творчых поспехаў, удачы ва ўсіх добрых пачынаннях, здароўя і дабрабыту.

Апублікавана:
Праглядаў:
744