Чытача трэба выхоўваць

Чытача трэба выхоўваць

Выдавецтва «Беларусь» было заснавана ў снежнi 1921 года. Наблiжаецца стогадовы юбiлей — а гэта накладае вялiкую адказнасць. Пра тое, чым сёння жыве найстарэйшае беларускае выдавецтва, як пачувае сябе беларуская кнiга на мiжнародным рынку, мы размаўляем з дырэктарам Сяргеем Пешыным. 

— Якi ваш асноўны накiрунак? 

— Апошнiя гады працуем пад слоганам «Беларусь пра Беларусь». Сама назва нас вымушае звяртацца да нацыянальнай тэматыкi, гiсторыi i культуры. Тым больш гэта вымагаюць i рынкавыя адносiны — мы шмат у чым не можам канкурыраваць з расiйскiмi выдавецтвамi, а такая нiша не мае канкурэнцыi. 

— Але выдавец­тва спрабуе выйсцi на знешнi рынак?

— Так, i тут ёсць пэўныя поспехi. Напрыклад, рызыкнулi, падрыхтавалi альбом «Беларусь турыстычная», i ўвесь тыраж хутка разышоўся. Мы знаходзiмся ў пастаянным кантакце з кнiгарнямi, адсочваем попыт. Ведаем, што запатрабавана альбомная прадукцыя, i пажадана, каб у ёй прысутнiчалi тры мовы.

— Мiж iншым часам гучыць: нашто столькi дарагiх фотаальбомаў, калi замест кожнага можна выдаць некалькi «звычайных» кнiг?

— Альбом, як i мастацкая лiтаратура, можа быць i добрым, i выпадковым, якi ляжа на склад. Да ix выдання мы падыходзiм вельмi асцярожна. Калi рабiлi «Белавежскае дзiва», разлiчылi, што ў Белавежскую пушчу прыязджае шмат турыстаў, там ёсць шмат сувенiрных кiёскаў. Фiрма, што працуе са скурай, закупляе нашы кнiжкi, робiць скураную падарункавую вокладку i прадае як беларускi сувенiр. Альбом «Беларуская кухня» мае нават драўляную лыжачку, на якую зачыняецца вокладка. Яшчэ адзiн праект, разлiчаны на пашырэнне нашай культуры па‑за межамi Беларусi, — серыя «Белорусская классика на русском языке». Першая кнiга — Уладзiмiра Караткевiча «Ладья отчаяния». 

— Папулярнасць набыў i ваш сумесны праект з Нацыянальным мастацкiм музеем…

— Так, «Славутыя мастакi Беларусi». Кiшэнны фармат i пры гэтым якаснае выданне. Звычайна выпускi разыходзяцца цягам года, iх ужо больш за трыццаць. Iх калекцыянiруюць, сочаць за выхадам. Для турыста таксама зручна забраць такi альбом з сабою. 

— Вельмi важна, што ў серыi ёсць персоны з сусветным iмем, як мастакi Парыжскай школы кшталту Хаiма Суцiна.

— Чарговы альбом прысвечаны Надзеi Лежэ. Мы даўно ведалi, што ўраджэнка Беларусi мастачка Надзея Хадасевiч дасягнула вялiкага поспеху на еўрапейскiм узроўнi, а таксама стала жонкай французскага мастака Фернана Лежэ, але альбома, якi б шырока прадставiў яе творчасць, не было. Дзякуючы дырэктару Нацыянальнага мастацкага музея Уладзiмiру Пракапцову мы змаглi атрымаць дазвол на публiкацыю тых твораў Надзеi, якiя знаходзяцца за мяжой. 

— А як прадстаўляеце мастац­тва сучаснае?

— У мiнулым годзе заснавалi новую серыю «Палац мастацтва». У вераснi выйшаў пiлотны альбом «Валерый Славук». Славук адначасова i класiчны майстар, якога паважаюць прафесiяналы, i модны. Я чуў, нават татуiроўкi робяць па матывах ягоных малюнкаў. 

— Серыi — плённы накiрунак для выдавецтва?

— Так. На нядаўняй Мiнскай мiжнароднай кнiжнай выставе-кiрмашы прадстаўлялi серыю, прысвечаную Году малой радзiмы «Падарожжа па родным краi». У ёй кнiжкi пра Тураў, Прыдзвiнне, Пастаўшчыну, Случчыну, Iгуменшчыну. Хацелася б ахапiць усю краiну. Выдаём кнiгi да юбiлеяў знакавых устаноў. У гэтым годзе спаўняецца 100 гадоў Купалаўскаму тэатру. У нас запланаваны з гэтай нагоды дзве кнiжкi — адна прысвечана гiсторыi тэатра, другая — беларускай сцэнаграфii. I, дарэчы, па гiсторыi беларускай сцэнаграфii яшчэ не было нiводнага выдання. 

— У вас выходзiць i лiтаратура для дзяцей.

— Так. Нават ёсць рэдкая ўзнагарода — дыплом Парыжскага салона менавiта за нашыя дзiцячыя кнiгi. Нядаўна выйшлi «Беларуская мiфалогiя для дзяцей» i «Беларускiя народныя святы для дзяцей». Чытача трэба выхоўваць з дзяцiнства.

— Адны выдавецтвы штампуюць вялiкiмi накладамi танныя брашуры, якiя рассыпаюц­ца ў руках, другiя ставяць на дыхтоўныя выданнi. Што больш плённа?

— Калi чалавек вырашыў, што яму па­трэб­на кнiга, яго не спынiць ца­на. Штучна ра­бiць яе таннай, выкарыстоўваючы дрэнную паперу, друкуючы ў адзiн колер iлюстрацыi, — няправiльна. Чалавек хутчэй аддасць грошы за якасную рэч. Няма нiводнай таннай кнiгi, пра якую нiхто не скажа, што гэта ўсё роўна дорага. Папяровая кнiга захаваецца, але зробiцца элiтнай. Вернецца да таго стану, з якога пачалася, — як элемент раскошы, статусу. Усе будуць раўняцца на статусных людзей, таму зноў вернецца мода на кнiгi. 

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах “СБ. Беларусь сегодня”

Апублікавана:
Праглядаў:
585