“Дарога да святыняў” сёлета пройдзе праз Лунінецкі раён трэці раз
Дзень беларускага пісьменства з’яўляецца нацыянальным святам нашай краіны. Упершыню яго адзначылі ў 1994 годзе. Сёлета свята пройдзе 5 верасня ў г.Капыль на Міншчыне.
Па традыцыі яму папярэднічае навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да святыняў” з Благадатным агнём ад Гроба Гасподняга. У ходзе экспедыцыі святары, навукоўцы, творчая інтэлігенцыя па ўсім шляху пранясуць Загор’е-Сталавіцкую цудатворную ікону Пакрова Прасвятой Багародзіцы, наведаюць гістарычныя мясціны Беларусі, сустрэнуцца з жыхарамі, расказваючы ім пра вытокі беларускай культуры і мовы, адслужаць малебны, перадаючы Благадатны агонь на свечкі прыхаджан.
Двойчы такая экспедыцыя пралягала праз Лунінецкі раён – у 2004 і 2011 гадах. Сёлета раёну пашчасціла трэці раз. У чацвер, 2 верасня, навукова-асветніцкую экспедыцыю “Дарога да святыняў” будуць сустракаць на мяжы Ганцавіцкага і Лунінецкага раёнаў. Напярэдадні гэтай даты ў Лунінецкім раёне пабывалі кіраўнік экспедыцыі, навуковы супрацоўнік Нацыянальнай Акадэміі навук, галоўны захавальнік Загор’е-Сталавіцкай цудатворнай іконы Пакрова Прасвятой Багародзіцы Аляксандр Лапата-Загорскі; протаіерэй, настаяцель храма Свц. Міколы Цудатворца в.Вялікая Ухалода Барысаўскага раёна, айцец Аляксандр (Пачопка) і вядучы спецыяліст аддзела дзяржаўных і культурна-масавых мерапрыемстваў Палаца Рэспублікі, спявак Аляксей Хлястоў. Іх вітаў намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Захаркевіч.
– У ходзе экспедыцыі плануем наведаць аграгардкі Лунін, Кажан-Гарадок і некаторыя суседнія вёскі, – расказаў Аляксандр Лапата-Загорскі. – Абавязкова пабываем у храмах гэтых населеных пунктаў, сустрэнемся з жыхарамі. Вельмі хацелася б зазірнуць у Бастынь, дзе ў мінулы раз вельмі цёпла сутракалі нашу экспедыцыю, яшчэ раз дакрануцца да незвычайных па прыгажосці і сіле мясцін беларускага Палесся, паглядзець, якім стаў пасаджаны намі Сад малітвы.
У час візіту госці наведалі населеныя пункты, па якіх пройдзе навукова-асветніцкая экспедыцыя, засталіся задаволенымі ўбачаным і выказалі спадзяванне, што Дарога да святыняў дапаможа данесці да беларусаў слова аб міры, які павінен панаваць не толькі ў грамадстве, але і ў людскіх сэрцах.
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах сайта газеты“Лунінецкія навіны”.