Добрыя традыцыі часопіса “Маладосць”

Добрыя традыцыі часопіса “Маладосць”

Часопіс “Маладосць” працягвае ўласную традыцыю прысвячэння жнівеньскіх выпускаў святу беларускага пісьменства. Сёлетні “восьмы” робіць акцэнт на літаратурах блізкай Украіны і далёкай Індыі.

Яркая, у новых формах паэзія маладых украінцаў — Ані-Нікаліны Матыкі, Аляксандра Букацюка і Юліі Судус у перакладах Міколы Адама і Святланы Быкавай, спелыя, прасветлена-малітоўныя вершы Галіны Тарасюк у перакладзе Адама Шостака, паэтычныя радкі Юліі Фінкоўскай, напісаныя па-беларуску (дзяўчына два гады вывучае нашу мову), проза сцэнарыста і рэжысёра Марысі Нікіцюк і прафесара-педагога Вольгі Дэркачовай — усё гэта дапоўнена артыкулам-вандроўкай па зялёных Карпатах, напісаным Ксеніяй Крывецкай з прысвячэннем 90-годдзю Алеся Ставера яго ж радкамі: “Махнём у слаўныя Карпаты, да горных маладых арлоў”.

Індыйскія старонкі напоўнены класічным і сучасным: тут і паэма XII стагоддзя «Гітаговінда» ў перакладзе Алёны Беланожкі (яна ўжо некалькі гадоў вывучае культуру Індыі), і інтэрв’ю з паслом Індыі у Рэспубліцы Беларусь Сангітай Багадур, якая распавядае пра сваю трылогію «Каал», напісаную ў жанры эпічнага фэнтэзі.

Асаблівае месца займае персона вядомага індыйскага пісьменніка Рабіндраната Тагора: згадваюцца ўсе беларускія выданні літаратурнага прарока Індыі — ад “Садоўніка” 1927 года да “Маёй залатой Бенгаліі” 2018 года. Акрамя таго, верш-песню Рабіндраната Тагора “Душа Індыі”, ператвораную ў гімн, “Маладосць” прапануе прачытаць па-беларуску ў шасці перакладчыцкіх варыянтах.

Міжнароднасць жнівеньскага нумара пацвярджаецца іншымі матэрыяламі, створанымі ў знак сяброўства культур: расповедам сербкі Даяны Лазаравіч “пра густы, кнігі і “сінюю зорку” і расіяніна Дзмітрыя Касаткіна пра акалічнасці падрыхтоўкі да выпуску рамана Элізы Ажэшкі “Мейр Эзафовіч” маскоўскім выдавецтвам “Художественная литература”. Апошняе — сапраўдны сюрпрыз з інтрыгай: тэкст кнігі будзе ўяўляць сабой спалучэнне дзвюх першых версій перакладаў на рускую мову, якія зроблены ў пачатку 1880-х і вельмі адрозніваюцца ад тых, што выйшлі ў савецкі час.

У рубрыцы “Factum” можна прачытаць жыццяпіс Алены Іваноўскай, якая ў пачатку ХХ стагоддзя вучылася ў Кембрыджскім універсітэце і апублікавала ў лонданскім часопісе «Folklore» тэксты і ноты беларускіх песень. У аўтарскай калонцы Людмілы Рахматулінай “Клік_Art” распавядаецца пра тое ў творчасці Ахмадулінай, Цвятаевай і Бродскага, што дазваляе лічыць мастацтва “крыніцай шчасця і вопыту”.

У рубрыцы-эксперыменце “Міжкніжжа”, дзе ў кожным нумары як у люстэрках адбіваюцца творы беларусаў і замежнікаў, прадстаўлены п’еса Славаміра Мрожака і апавяданне Міхася Зарэцкага. Ды ўвесь часопіс — у добрым сэнсе эксперымент. Мэта яго ў тым, каб высветліць, як тое, што хвалюе маладыя творчыя душы, успрымаецца іншымі маладымі і творчымі душамі. Ва ўсім свеце.

Спадзяемся, что кожны тут знойдзе радкі на свой густ.

Што ж, прыемнай асалоды чытання.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах часопіса "Маладосць".

Апублікавана:
Праглядаў:
266