Галоўнымі прынцыпамі работы журналістаў заўсёды павінны заставацца аб'ектыўнасць і празрыстасць

У Палацы культуры вобласці Магілёва адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання работнікаў друкаваных і электронных сродкаў масавай інфармацыі, абласной друкарні, прысвечаная Дню друку і Дню работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі.

"Сёння ў век інтэрнэту і шырокага доступу да інфармацыі прафесія журналіста асабліва важная. Вы не толькі несяце людзям навіны, але і ўплываеце на фарміраванне грамадскай думкі. Вам давяраюць сотні тысяч жыхароў Магілёўшчыны, - адзначыў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц. - Таму ваша работа патрабуе асаблівай адказнасці. Бо яскравае, моцнае слова можа з'яднаць людзей, абудзіць веру ў лепшае, але яно ж можа валодаць і разбуральным эфектам. І галоўнымі прынцыпамі вашай работы заўсёды павінны заставацца аб'ектыўнасць і празрыстасць". 

Губернатар выказаў словы шчырай удзячнасці ўсім журналістам, паліграфістам і работнікам сувязі рэгіёна за адданасць свайму прызванню, дастойнае асвятленне падзей, якія адбываюцца, аказанне дзейснай дапамогі ў вырашэнні сацыяльна значных задач. Ён з цеплынёй павіншаваў удзельнікаў мерапрыемства з прафесійнымі святамі, пажадаў поспехаў, натхнення, увасаблення ўсіх творчых задум і ўручыў ганаровыя граматы і падзякі аблвыканкама.

Сярод узнагароджаных начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Кацярына Музычэнка і галоўны спецыяліст упраўлення Вольга Целяпнёва, дырэктар Магілёўскага рэгіянальнага інфармацыйнага цэнтра Сяргей Вайцяховіч, намеснік рэдактара аддзела карэспандэнцкай сеткі - кіраўнік Магілёўскага карпункта Выдавецкага дома "Беларусь сегодня" Павел Мінчанка, загадчык аддзела прадпрыемства "Інфармацыйнае агенцтва "Магілёўскія ведамасці" Міхаіл Халамаў. 

Начальнік УУС Магілёўскага аблвыканкама Ігар Шчарбачэня за прапаганду дзейнасці органаў унутраных спраў вобласці ўручыў грашовую прэмію намесніку рэдактара аддзела рэгіянальнай інфармацыі па Магілёўскай вобласці УП "БЕЛТА" Сяргею Кулягіну.

 Вядучы фотакарэспандэнт БЕЛТА па Магілёўскай вобласці Алег Файніцкі за аказанне садзейнічання Дэпартаменту аховы МУС Беларусі ў выкананні ўскладзеных на яго задач атрымаў падзяку ад яго начальніка Сяргея Хаменкі.

Журналістаў таксама павіншавалі старшыня Магілёўскага гарвыканкама Уладзімір Цумараў, старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Харытончык, старшыня абласной арганізацыі БСЖ Святлана Шутава, кіраўнікі ўпраўленняў аблвыканкама, прадстаўнікі МНС і Магілёўскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў.

Пераможцам абласнога спаборніцтва сярод дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі па выніках 2018 года былі ўручаны дыпломы і грашовыя прэміі. Так, сярод абласных і гарадскіх газет лепшай прызнана газета "Могилевская правда", а сярод раённых - газета "Горацкі веснік".

Апублікавана:
Праглядаў:
87
Крыніца:
Рэгіёны Беларусі:
Падзяліцца ў сац.сетках