Ігар Бузоўскі: Захаванне гістарычнай памяці — некамерцыйны праект

Ігар Бузоўскі: Захаванне гістарычнай памяці — некамерцыйны праект

Сёлета да 75-га Дня Перамогі рэалізаваны і працягваецца шэраг выдавецкіх праектаў, убачылі свет дзясяткі новых і перавыдадзеных кніг — навукова-папулярных, публіцыстычных, мастацкіх. Але гэта, заўважае намеснік Міністра інфармацыі Беларусі Ігар БУЗОЎСКІ, толькі вяршыня айсберга, вынік, бачны кожнаму. Знутры ж — вялізная сістэмная работа на дзяржаўным узроўні.


— Я вылучыў бы два блокі, якія з'яўляюцца значнымі ў стратэгіі развіцця кнігавыдання і кнігараспаўсюджвання і рэалізуюцца, у прыватнасці, Міністэрствам інфармацыі. Перадусім гэта садзейнічанне асяроддзю пісьменнікаў, стварэнне ўмоў для падрыхтоўкі і выпуску выданняў на тэмы, асабліва важныя для нашай дзяржавы, — натуральна, сёння ў іх ліку 75-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Такія праекты некамерцыйныя, таму яны патрабуюць як нематэрыяльнай падтрымкі, так і пэўных фінансавых укладанняў з боку дзяржавы, бо маюць сваёй задачай фарміраванне нацыянальнага менталітэту, тых маральных каштоўнасцяў і асноў грамадства, на якіх, уласна, і трымаецца дзяржава.

Работа з камерцыйным бокам справы, з камерцыйнымі выдавецтвамі, якім час дыктуе эканоміку, што патрабуе часам базіравацца на нечым гарачым, на модным сёння слоўцы «хайп», заключаецца ў тым, каб садзейнічаць гістарычнай праўдзе, памяці аб гераічным мінулым продкаў, нашай Радзімы. Наша задача — каардынацыя гэтага кірунку, падтрымка выдавецкіх калектываў, якія вызначаюцца прафесійным падыходам да фактаў, лічбаў, дакументаў, якія могуць адэкватна ацаніць новыя звесткі, што з'яўляюцца на інфармацыйным полі, адкрыць новыя грані вядомых гістарычных падзей і падрыхтаваць новыя кнігі, якія будуць запатрабаваныя ў сучаснікаў.

Гэта задача глабальная і вельмі важная акурат з той прычыны, што яна не мае камерцыйнага вымярэння, але мае сацыяльную значнасць. Сацыяльна значную літаратуру, сур'ёзныя, глыбокія даследчыцкія праекты заўжды падтрымліваюць і Міністэрства інфармацыі, і іншыя ведамствы і арганізацыі. Хочацца асобна згадаць работу выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» — кніжныя серыі «Беларусь памятае: у імя жыцця і міру», «Беларусь: трагедыя і праўда памяці» і іншыя. Наколькі яны будуць запатрабаваныя ў масіве кніг, што цяпер выдаюцца, — час пакажа. Але гэта насамрэч глыбокая, каласальная праца, праведзеная сур'ёзнымі навукоўцамі, прычым, паўтаруся, праца, якая была б немагчымая без падтрымкі дзяржавы. Таму вельмі прыемна адзначыць, што спрыянне такім праектам — гэта і наш унёсак у захаванне гістарычнай памяці, ушанаванне вялікага подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

— Але як дамагчыся, каб нават вельмі добрыя, цікавыя і карысныя кнігі не згубіліся, як вы кажаце, у масіве літаратуры, а былі заўважаныя чытачом?

— Тут неабходна вызначыць другі блок работы: суправаджэнне. Прычым не проста кніг ці асобна ўзятых праектаў, а адпаведнай тэматыкі наогул. Так, выставачны праект «Вайна і мір», які стартаваў яшчэ ў лютым, дазволіў звярнуць увагу чытацкай аўдыторыі не толькі Беларусі, але і блізкага і далёкага замежжа на тэму вайны ў шырокім сэнсе — бо Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне не стваралася толькі з 1941 да 1945 года, а была абумоўленая адпаведным ідэалагічным, патрыятычным выхаваннем, духам народа-пераможцы, які заклалі бацькі, дзеды і прадзеды герояў — удзельнікі Айчыннай вайны 1812 года і Першай сусветнай. Такі падыход, на наш погляд, дапамагае зірнуць па-іншаму на вядомыя гістарычныя падзеі і зацікавіць самыя шырокія колы — ад прафесійных гісторыкаў да турыстаў, якія зазірнулі ў музей. Фіналам праекта мусіць стаць аповед менавіта пра 9 Мая — Дзень Перамогі, які паставіў кропку ў гісторыі кровапралітных войнаў на нашай зямлі. У няпростай эпідэміялагічнай сітуацыі, якая цяпер склалася, безумоўна, даводзіцца ўносіць карэктывы ў фармат прэзентацый, сустрэч з чытачамі і выпрацоўваць новыя падыходы. Але, спадзяюся, у нас атрымаецца праз пэўны час прадоўжыць гэты праект так, як было задумана.

Яшчэ адзін праект, што спрыяе прасоўванню кніг у маладзёжнай аўдыторыі, — рэспубліканскі творчы конкурс буктрэйлераў «Кніга з экрана», зладжаны сумесна з Саюзам пісьменнікаў і непасрэдна БРСМ. Вынікі першага этапу мы падвялі літаральна днямі. Дарэчы, атрымалі цікавы зрэз, якія кнігі пра Вялікую Айчынную вайну выбірае моладзь. Скажу шчыра: нашы чаканні былі крыху вышэйшыя, хацелася ўбачыць сярод больш чым 300 ролікаў сюжэты сучасных кніг, а атрымалі больш класічных, вядомых твораў. Зрабіць так, каб сучасныя аўтары таксама былі запатрабаваныя ў моладзі, — наша задача на перспектыву. Паспрабуем яе вырашыць на наступным этапе, задаючы тэмы з бібліятэчкі кніг да 75-годдзя Перамогі; магчыма, прапануем моладзі выкладваць свае работы ў TіkTok, каб крыху спрасціць ім задачу і не выклікаць адчужэння.

Альбо ўзяць такі элемент, які дапаможа кнігам не згубіцца, вылучыцца на паліцах кнігарань, — папяровыя сцікеры з сімволікай 75-годдзя Вялікай Перамогі. Гэта зусім, здаецца, просты ход, але і ён працуе на прасоўванне нашых выданняў, закліканы прыцягваць увагу да кніг пэўнай тэматыкі і выступае як своеасаблівы знак якасці кніг, над якімі працавалі прафесійныя аўтары і калектывы.

— На якія новыя кнігі асабіста вы раілі б звярнуць увагу — нават не з пазіцыі куратара ад Мінінфарма, а проста як цікаўны чытач?

— Мне здаецца, цікавасць у чытачоў заўжды выклікае мастацкая падача інфармацыі ад першай асобы — аповеды, успаміны і асабістае мастацкае слова на гэту тэму. Адна з такіх кніг выйшла летась у «Беларускай Энцыклапедыі імя Петруся Броўкі» — успаміны Генадзя Юшкевіча пра легендарную разведгрупу «Джэк», захапляльныя, амаль кінематаграфічныя. А кнігу Івана Муравейкі (выдавецкі дом «Звязда») варта пачытаць не толькі каб уразіцца колькасцю ўзнагарод героя, які прайшоў усю вайну і распісаўся на рэйхстагу, але і каб натхніцца жыццялюбствам, унутранай сілай і ясным, жывым розумам 98-гадовага пісьменніка. Сёлета, дарэчы, плануецца да выхаду яшчэ адна яго кніга, якая, мяркую, будзе цікавая не толькі для землякоў і тых, хто ведае Івана Муравейку як героя Вялікай Айчыннай вайны, але і для самага шырокага чытача.

У пераліку таго, што варта прачытаць, не магу пакінуць без увагі Мікалая Чаргінца, чые кнігі не назавеш гістарызмам у чыстым выглядзе, але яны перадаюць дух эпохі і выклікаюць жывыя эмоцыі: яго «Аперацыю «Кроў» — жудасную гісторыю пра гета ў вёсцы Сёмкава, якая, аднак, многаму вучыць і фарміруе выразнае ўсведамленне таго, што ёсць дабро і што ёсць зло, асабліва моладдзю. Таксама хочацца згадаць перавыданне кнігі Вячаслава Бандарэнкі «Самы доўгі дзень» — за пяць гадоў з часу выхаду кніга была ўжо адзначана пэўнымі ўзнагародамі, а сёлета да яе ўзнік новы віток інтарэсу. Мне яна таксама вельмі спадабалася — яна лёгка чытаецца і ў той жа час прымушае разважаць пра мір і вайну, здрадніцтва і геройства і тонкую мяжу паміж імі. Яшчэ адзін прыклад вельмі ўдалага мастацка-дакументальнага асэнсавання гераічнага мінулага — «Крыніцы памяці» з вядомай серыі філакартычных альбомаў «У пошуках страчанага». У гэтай кнізе Алесь Карлюкевіч і Уладзімір Ліхадзедаў расказваюць пра беларускія мясціны, звязаныя з лёсамі расійскіх пісьменнікаў, паэтаў, ваенных карэспандэнтаў, многія з якіх удзельнічалі ў баях за беларускія гарады, партызанілі ў нашых лясах...

З прафесійнага пункту гледжання лічу надзвычай цікавай і значнай серыю «Беларускай Энцыклапедыі імя Петруся Броўкі», якая прадстаўляе погляды навукоўцаў на наша мінулае. Кніга пра спаленыя вёскі, шчыра скажу, прымусіла ўсё ўнутры перавярнуцца, бо Хатынь — сімвал бяды, трагедыі, які ўсім вядомы, але калі дазнаешся, колькі такіх злачынстваў адбылося на тэрыторыі нашай краіны, сухія лічбы перастаюць быць проста лічбамі — і гэта трэба ведаць і помніць.

— Даводзілася чуць ад пісьменнікаў меркаванне, што вайна не скончана, пакуль не напісаны апошні радок пра яе. Здавалася б, за 75 гадоў столькі сказана — але знаходзяцца новыя сведчанні, раскрываюцца архівы, адшукваюцца пахаванні... На вашу думку, як многа мы яшчэ не ведаем і як доўга трэба расказваць, пісаць пра Вялікую Айчынную?

— Ведаеце, ёсць рэчы, якія дазваляюць разумець, хто мы такія, дзеля чаго мы існуем, чаму ў нас такія, а не іншыя асаблівасці менталітэту — талерантнасць, цярпімасць, шматканфесійнасць. Чаму старэйшае пакаленне паўтарае: «Абы не было вайны», — і некаторыя з гэтага смяюцца. А смешнага нічога няма, бо людзі, якія перажылі тую страшную навалу, ведаюць цану міру. І калі гэтае стаўленне раптам зменіцца, тады мы зразумеем, што, напэўна, робім нешта не тое і не так — мала кніг пішам, мала фільмаў здымаем, мала гаворым пра тое, што такое вайна і чаму нельга дапусціць яе больш ніколі на нашу зямлю. На сёння, я лічу, трэба працягваць зберагаць і ўшаноўваць нашу гістарычную памяць, ні ў чым не саступаць нашым апанентам, якія ўмеюць піярыць сваю пазіцыю вельмі якасна, шукаць новыя падыходы і формы, размаўляючы з сучасным пакаленнем на яго мове. Грунтавацца на думцы, што захаванне гістрарычнай памяці — не камерцыйны праект. Словам, работы яшчэ шмат.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома “Звязда”

Апублікавана:
Праглядаў:
359