Кнiга‑квест Кацярыны Хадасевiч‑Лiсавой

Кнiга‑квест Кацярыны Хадасевiч‑Лiсавой

Кацярына Хадасевiч‑Лiсавая. Ключ ад Вялiкай Каштоўнасцi
Мiнск, Выдавецкi дом «Звязда», 2020

Гэтая кнiга з задавальненнем чытаецца нават тымi дзецьмi, якiя не надта ахвочыя да чытання. Кнiга‑квест, чый аўтар кожную прэзентацыю ператварае ў сапраўднае тэатральнае прадстаўленне. У канцы кожнага раздзела чытач мусiць выбраць той цi iншы варыянт развiцця падзей i перайсцi на пэўную старонку. Такiм чынам у адной кнiжкi адразу некалькi фiналаў. 

Персанажы‑аватары, за якiх прапануецца гуляць, — прыгажуня Мiлея i асiлак Дэстарн. Iм трэба здабыць Вялiкую Каштоўнасць, для чаго неабходна знайсцi ключы ад куфэрка. 

I вось першае раздарожжа. Куды вы пойдзеце: да балота, у лес цi да возера? Фiшка ў тым, што ў кнiзе дзейнiчаюць персанажы беларускай народнай мiфалогii. 

Чытач не проста сустрэнецца з Балотнiцай, Кiкiмарай, Зазоўкай, Жэўжыкам, Лесавiком, Кадуком, Русалкамi, Гаёўкамi, але i даведаецца, якiя ўласцiвасцi i паводзiны iм прыпiсвалiся, як яны выглядалi.

Цiкава, што з героямi адбываюцца гiсторыi, якiя здараюцца i з рэальнымi падлеткамi: першае каханне, здрада, няўменне распазнаць сапраўдныя вартасцi за кiдкiм аблiччам, супрацьстаяць манiпуляцыям. Пры гэтым дапамагаюць кожнаму герою анёл‑ахоўнiк, малiтва i срэбны крыжык на шыi. 

Кнiга выдадзена якасна, з яркiмi малюнкамi мастачкi Галiны Iвановай i будзе добрым падарункам.

Людміла Рублеўская

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах “СБ. Беларусь сегодня”

Апублікавана:
Праглядаў:
515