Кніжны магазін «Эрудыт» адкрыўся наноў

Кніжны магазін «Эрудыт» адкрыўся наноў

Дзіцячая мастацкая і вучэбная літаратура, дапаможнікі для студэнтаў, беларуская класіка і папулярныя навінкі айчынных выдавецтваў, замежныя бестселеры — усяго звыш 1300 назваў кніг, а таксама разнастайныя сувеніры і шырокая палітра канцылярскай прадукцыі — і ўсё гэта ў кампактнай, эрганамічнай і сучаснай «упакоўцы» на плошчы ў 42 квадратныя метры. 3 снежня пасля капітальнага рамонту адкрылася для наведвальнікаў сталічная кнігарня «Эрудыт», якая набыла новы выгляд і змест акурат да свайго 20-годдзя.

Эрудит-1.jpg

У першы рабочы дзень у новай краме адбылася прэзентацыя новай кнігі «Ключ ад Вялікай Каштоўнасці» беларускай дзіцячай пісьменніцы Кацярыны Хадасевіч-Лісавой. (Гэтая гісторыя-квэст, у якой чытач можа сам абраць, з чаго пачаць падарожжа і куды перамяшчацца, каб сабраць ключы-артэфакты, дарэчы, убачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда», а наступная кніжка, якая выйдзе ў 2020-м, будзе пра папулярныя ў дзятвы «жахліўчыкі»). Таксама гучалі вершы на роднай мове ў выкананні пяцікласніцы мінскай гімназіі Міланы Тулупавай і ішла размова пра далейшае пашырэнне сеткі «Белкнігі».

Эрудит-2.jpg

Генеральны дырэктар ААТ «Белкніга» Аляксандр ВАШКЕВІЧ прызнаўся, што мадэрнізацыя доўжылася амаль паўгода і абышлася нятанна, затое цяпер кнігарня са сціплага закутка ператварылася ў месца прыцягнення для пакупнікоў — выкладчыкаў і студэнцкай моладзі, бацькоў і дзяцей, супрацоўнікаў шматлікіх арганізацый, якія працуюць побач і рэгулярна зазіраюць у «Эрудыт». З улікам пажаданняў наведвальнікаў складзены і асартымент, у якім выразны ўхіл зроблены на канцтавары (яны складаюць тры чвэрці ад усёй прапанаванай прадукцыі), а сярод прадстаўленых кніг значную долю займаюць сучасныя беларускія аўтары, якія маюць высокія рэйтынгі ў чытачоў, у тым ліку Наталля Батракова, Віктар Марціновіч і іншыя.

«На сёння ў сетку „Белкнігі“ ўваходзіць 101 кніжная крама, 22 з іх у Мінску. За апошнія некалькі гадоў у 11 кнігарнях мы правялі мадэрнізацыю, — расказвае Аляксандр Вашкевіч, — гэта датычыцца і сучаснага абсталявання, і асартыменту, і вонкавага брэндавага афармлення. Ужо хутка, напярэдадні Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу, пасля капітальнага рамонту адчыніцца яшчэ адна крама — вядомая „Кнігарня пісьменніка“, і, спадзяюся, адзін ці два новыя кнігагандлёвыя аб’екты».

Адным з першых наведвальнікаў абноўленай кнігарні стаў Міністр інфармацыі Аляксандр КАРЛЮКЕВІЧ.

Эрудит-3.jpg

— Аляксандр Мікалаевіч, 22 сучасныя кнігарні на сталіцу — ці не малавата? — спыталі журналісты Міністра.

— Ёсць яшчэ даволі многа кіёскаў, але ў апошні год-паўтара мы іх зачыняем, бо гэта неэфектыўныя пункты, а стараемся ўкладвацца ў сур’ёзныя кнігарні. Адной з самых значных падзей сёлета стала мадэрнізацыя кнігарні «Светач», дзе адначасова знаходзіцца больш за 70 тысяч назваў кніг. Але важна не забывацца і пра такія крамы, як «Эрудыт», якая мае пэўную вядомасць і 20-гадовую гісторыю, і выдатна, што «Белкніга» зрабіла ўсё, каб кнігарня набыла новае аблічча. Спадзяюся, што тыя, хто непасрэдна будзе працаваць тут, па вуліцы Хмяльніцкага, выпрацуюць сваю гандлёвую і інфармацыйную палітыку, знойдуць пункты судакранання з пакупніком — а патэнцыйных пакупнікоў, асабліва моладзі, шмат — побач Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, не так далёка Акадэмія мастацтваў, універсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, спадзяюся, будуць заглядваць і журналісты з Дома прэсы.

У прыватнасці, зазначыў Міністр, адной з формаў работы можа стаць наладжванне зручнай лагістыкі — запуск адзінай камп’ютарызаванай сістэмы «Белкнігі», праз якую можна будзе знаходзіць патрэбныя выданні, нават калі іх няма ў наяўнасці проста зараз, замаўляць іх і забіраць з найбліжэйшай кнігарні, ідучы па звыклым маршруце на работу ці вучобу.

Фота - ААТ "Белкніга"

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома “Звязда”.  

Апублікавана:
Праглядаў:
454