Конкурс апавяданняў «Звязды»

Конкурс апавяданняў «Звязды»

Ужо шмат гадоў наша газета вядзе адмысловы творчы праект — конкурс апавяданняў, у якім па добрай традыцыі адточваюць пяро як маладыя, так і сталыя аўтары незалежна ад месца пражывання, літаратурнага вопыту і сукупнасці заслуг. Кожны твор, які друкуецца на старонках «Звязды», чымсьці адметны і цікавы, а часам і наватарскі. А галоўнае, спадзяёмся, кожны з іх не толькі прыносіць вопыт прыгожага пісьменства аўтару, але і знаходзіць свайго чытача.

Выбіраць найлепшых у творчым спаборніцтве заўсёды цяжка, але неабходна. Сёлета ў вызначэнні пераможцаў зноў працавала кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі, у прыватнасці, вядучы конкурсу Алесь Бадак, а таксама галоўныя рэдактары літаратурна-мастацкіх выданняў Выдавецкага дома «Звязда».

Кожны з суддзяў вызначыў сваю тройку лідараў (зрэшты, у кагосьці гэта была чацвёрка і нават пяцёрка). З гэтых меркаванняў і склалася агульная карціна. Адразу скажам, што адно імя фігуравала першым ва ўсіх спісах: Маргарыта Латышкевіч стала безумоўным пераможцам конкурсу апавяданняў «Звязды», з чым мы яе шчыра віншуем! І справа не ў тым, што малады празаік ужо мае ў скарбонцы дасягненняў Нацыянальную літаратурную прэмію 2017 года ў намінацыі «Дэбют», — проста паміж радкоў твора бачна, што аўтар улюбёная ў фальклор (перш-наперш беларускі — яго Маргарыта даследуе ў навуковай лабараторыі філфака БДУ, дзе таксама глыбока вывучае міфалогію і фантастыказнаўства) і мае безумоўны талент апавядальніка, магчыма, узяты ў спадчыну ад бацькі, а мо і выкрышталізаваны самастойна праз пошук «сваёй» формы: ад вершаў да апавяданняў, фэнтэзійных аповесцяў — і, ходзяць чуткі, ужо недалёка да вялікага рамана.

Калі нехта прапусціў яе конкурсную «Казку пра ваўка» — адкрыйце нумар за 1 верасня мінулага года, нетаропка прачытайце, паглыбіўшыся ў крыху змрочную містычную атмасферу... і прызнайцеся, ці не пабеглі пасля апошніх слоў ледзь заўважныя мурашкі па спіне?

Другое месца атрымаў Віктар Варанец з апавяданнем «Апошні форт», настолькі дэталёва дакладным і рэалістычным, што амаль не сумняваешся: гэтая гісторыя сапраўды здарылася падчас Вялікай Айчыннай вайны і выпадкова стала вядомая пісьменніку. «Фактычна ўсё жыццё Віктара Варанца звязана з Гродзеншчынай. У самім Гродне ён у 1962 годзе нарадзіўся, у 1985-м скончыў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт, атрымаўшы дыплом філолага і накіраванне на працу ў адну з сельскіх школ непадалёк ад роднага горада. Пасля выкладаў беларускую мову ў абласной гімназіі № 1. І вось ужо больш за дваццаць пяць гадоў займаецца выкладчыцкай і навуковай дзейнасцю ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце, — так прадставіў аўтара Алесь Бадак у сваёй прадмове. — А ў вольны час піша: пачынаў з вершаў, але апошнім часам аддае перавагу прозе. Прычым, па прызнанні самога аўтара, усе яго творы так ці інакш звязаныя з роднымі мясцінамі. Што ж, яшчэ Фолкнер сцвярджаў, што яго маленькая паштовая марка роднай зямлі вартая таго, каб пісаць пра яе ўсё жыццё. Між тым нарадзіўся славуты пісьменнік у Нью-Олбані штата Місісіпі — горадзе, які значна саступае нашаму Гродна і па плошчы, і па колькасці насельніцтва. Хтосьці запярэчыць, не паддаўшыся на жарт, што такое параўнанне не зусім карэктнае, але, думаю, пагодзіцца ў галоўным: родная зямля, і праўда, — самая невычэрпная крыніца натхнення». А яшчэ — ці ведалі вы? — Віктар Іванавіч не толькі кіраўнік літаратурнага клуба «Катарсіс» Гродзенскага медуніверсітэта, але і распрацоўшчык беларускай медыцынскай тэрміналогіі, які склаў для ўрачоў дапаможнік па прафесійнай лексіцы.

На трэцім радку часцей за ўсіх суддзі згадвалі Дзмітрыя Шулюка, чыё вельмі добрае і кранальнае апавяданне «Як прыходзяць Каляды» было надрукавана на газетных старонках акурат незадоўга да свята, у снежні 2018-га, і стварыла сапраўдны казачны настрой. Што яшчэ варта ведаць пра маладога аўтара? Цытуем вядучага конкурсу: «Дзмітрый Шулюк нарадзіўся ў 1989 годзе на Смаргоншчыне. Пасля заканчэння Рэчыцкага дзяржаўнага педагагічнага каледжа працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Жаданне атрымаць вышэйшую адукацыю прывяло яго на завочнае аддзяленне Белдзяржуніверсітэта. Праўда, не на філалагічны факультэт, як звычайна бывае з тымі, хто вырашыў звязаць сваю прафесію з мовай і літаратурай, а на філасофскі. Зрэшты, думаецца, гэта зусім не лішні досвед у творчасці, бо ў выніку і нараджаюцца такія фразы, як, напрыклад, у адным з падарожных эсэ маладога празаіка: «Аўтару неверагодна шмат прыходзіцца рабіць, каб быць героем, але каб герой не быў аўтарам».

Усім без выключэння аўтарам, якія даслалі свае работы, дзякуем за праяўлены інтарэс, неабыякавасць і бязмежнасць фантазіі — і няхай кожны напісаны радок набліжае вас да вяршынь майстэрства! Віншуем пераможцаў і ў хуткім часе запросім усіх у рэдакцыю для правядзення цырымоніі ўзнагароджання.

Проста пісаць складана...

Літаральна сёння бярэ старт чарговы конкурс апавяданняў «Звязды», творчае шэфства над якім працягне вопытны вядучы — пісьменнік, паэт-песеннік, публіцыст, літаратурны крытык, дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак. Але перад тым, як адкрыць новы год творчага праекта, мы вырашылі даць своеасаблівую падказку патэнцыйным яго ўдзельнікам — тым, хто, магчыма, сумняваецца, ці варта паспрабаваць свае сілы. Якіх жа аўтараў хацелася б знайсці ў сезоне 2019/2020?

— Алесь Мікалаевіч, якія творы асабіста вам хацелася б убачыць на конкурсе?

— Справа ў тым, што ў літаратурнага конкурсу газеты «Звязда» няма такіх спецыфічных умоў, што гэты чалавек можа ўдзельнічаць, а гэты не можа, бо ён прафесіянал (ці наадварот: таму што непрафесійны аўтар) — гэта конкурс для ўсіх, у тым яго адметнасць. Але мне асабіста хацелася б адкрываць кожны год новыя яркія імёны. Хоць заўсёды, канешне, прыемна, калі ў конкурсе ўдзельнічаюць вядомыя празаікі — яны падымаюць конкурсную планку і падцягваюць іншых канкурсантаў. Але, паўтаруся, заўсёды цікава, калі дасылаюць творы людзі для мяне незнаёмыя ці малазнаёмыя — новыя імёны ў літаратуры.

Адкрыццё новых аўтараў, на мой погляд, — адна з самых важных задач конкурсу. У тым і яго складанасць, бо жанр апавядання — адзін з самых няпростых у літаратуры, асабліва калі ўлічыць, што апавяданне можа быць аб'ёмам і дзесяць, і дваццаць старонак, а ў нашым выпадку яго памер строга абмежаваны аб'ёмам газетнай паласы. І вельмі цяжка бывае адмаўляць аўтару, калі яго апавяданне ў два разы большае, бо прымусова скарачаць яго — значыць нешта губляць, дый для аўтара скараціць гатовы твор надзвычай складана. А кароткія апавяданні, такія, як пісаў Чэхаў, — гэта сапраўды вышыні майстэрства, тая планка, да якой далёка не кожны дацягнецца.

Наш конкурс існуе ўжо шмат гадоў, і кожны год у ім з'яўляюцца новыя аўтары. Вельмі прыемна, калі прыходзяць маладыя пісьменнікі, бо яны нясуць нейкую свежасць і навізну, за якой хочацца разгледзець будучыню нашай прозы, літаратуры наогул. Мяне радуе, што ў маладых добрая беларуская мова, што яны разняволеныя ў выбары кірунку — могуць быць і традыцыяналістамі, і наватарамі, могуць сумяшчаць у адным творы імкненне да інтэлектуальнай прозы і элементы містыкі ці дэтэктыва... Выходзіць такі вінегрэт, які робіцца добрай гаспадыняй толькі на вялікія святы. Спадзяюся, для моладзі ўдзел у «звяздоўскім» конкурсе апавяданняў — менавіта такое свята, да якога яны прапануюць найлепшы творчы празаічны вінегрэт, які чытача вельмі ўсцешвае. Але гэта не сведчыць пра тое, што стаўку мы робім толькі на маладых. Бывае вельмі цікава атрымліваць і творы ад людзей сталых, у якіх багаты жыццёвы вопыт і якія прапануюць так званы нон-фікшн на мяжы літаратуры і дакументалістыкі, апавядаючы пра гісторыі, якія яны перажылі. Цікава чытаць апавяданні аўтараў, якія жывуць у глыбінцы і ведаюць яе знутры, не па ўласных фантазіях ці ўспамінах свайго далёкага дзяцінства, а насамрэч жывуць гэтым штодня, — расказваць такія гісторыі цікава як ім самім, так, мяркую, і чытачам «Звязды». Бо чытачы «Звязды» — не толькі Мінск, абласныя і раённыя цэнтры, але і вёсачкі, большыя і меншыя, пра якія гавораць у сваіх творах іх землякі. Падобныя творы, я спадзяюся, таксама будуць з'яўляцца на конкурсе.

Увага! Конкурс працягваецца!

Для будучых удзельнікаў, якія пакуль у творчым працэсе, нагадаем самыя важныя ўмовы:

  • прымаюцца апавяданні на беларускай мове, якія раней нідзе не друкаваліся;
  • разглядаецца толькі адно апавяданне ад аднаго аўтара;
  • памер дасланага твора не павінен перавышаць 5 старонак (10—12 тысяч знакаў)!

Рэдакцыя пакідае за сабой права не рэцэнзаваць і не вяртаць творы.

Апавяданні, а таксама некалькі слоў пра сябе і асабістыя звесткі (сапраўдныя прозвішча і імя, дакладны паштовы адрас, кантактны тэлефон і поўныя пашпартныя даныя — нумар, кім і калі выдадзены пашпарт, асабісты нумар) накіроўвайце на адрас: газета «Звязда», вул. Б. Хмяльніцкага, 10а, Мінск, 220013, з пазнакай «На літаратурны конкурс». Тэксты таксама прымаюцца ў электронным выглядзе на іnfо@zvіаzdа.bу таксама з пазнакай «На літаратурны конкурс».

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».

Апублікавана:
Праглядаў:
122
Падзяліцца ў сац.сетках