Круглы стол. «Кнігі — галоўныя летапісцы і сёння?»

Круглы стол. «Кнігі — галоўныя летапісцы і сёння?»

...Спачатку было слова. Менавіта з яго пачынаюцца ўсе летапісы, рукапісы і друкаваныя дакументы, якія, у сваю чаргу, становяцца падмуркам для вывучэння гісторыі ад старажытнасці да нашых дзён. Па першых згадках у пісьмовых крыніцах мы вызначаем узрост гарадоў і мястэчак, па кнігах спасцігаем родную і замежную мову, дакладныя навукі і прыгожае пісьменства. Але ў цяперашні, лічбавы час усё больш складана данесці слова да адрасата, зрабіць гісторыю захапляльнай — асабліва калі гаворка ідзе не пра мастацкую, а пра дакументальную літаратуру. Пра гэта разважалі нядаўна ўдзельнікі круглага стала "Кнігі — галоўныя летапісцы і сёння? Дакументальнае кнігавыданне: сучасныя тэндэнцыі і праблемы".


Павел СУХАРУКАЎ, дырэктар — галоўны рэдактар РВУ "Выдавецкі дом "Звязда":

— Вельмі прыемна, што адзін з удзельнікаў — наш добры сябар, вядомы гісторык, філакартыст, калекцыянер, пісьменнік Уладзімір Ліхадзедаў, аўтар шматлікіх унікальных кніг, якія выйшлі менавіта ў Выдавецкім доме "Звязда". Ягоны аўтарскі праект "У пошуках страчанага" пра гісторыка-культурную спадчыну нашай краіны, што не раз быў адзначаны высокімі ўзнагародамі, вылучаны на суісканне Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь 2020 года. Я ведаю, што Уладзімір Аляксеевіч укладвае душу ў гэту працу, што гэта справа ўсяго яго жыцця, безумоўна, вартая не толькі нашага прафесійнага, але і самага шырокага грамадскага прызнання. Але сёння хацелася б гаварыць не толькі пра гэты праект, а паразважаць наогул пра дакументальнае кнігавыданне: як яно развіваецца ў сучасных умовах, з якімі праблемамі сутыкаецца і якую будучыню наогул мае.

Уладзімір ЛІХАДЗЕДАЎ, гісторык, філакартыст, публіцыст:

— Я лічу, што якраз той фармат, у якім я працую, — самы што ні ёсць сучасны. Не сакрэт, што сёння людзі не надта любяць чытаць, асабліва моладзь, збольшага разглядаюць карцінку. Старыя фотаздымкі — якраз самы бесстаронні сведка гісторыі. Бо нават калі ты чытаеш гістарычную кнігу, мемуары, дакументалістыку, то чытаеш аўтарскую падачу, меркаванне. А фотаздымак — рэч аб'ектыўная, паказвае, як было насамрэч: вось так выглядаў шмат гадоў таму той ці іншы будынак, такія шыльды былі на крамах, такое адзенне насілі. У той час не было фоташопу, былі, праўда, калажы, але гэта іншая рэч. Таму, паўтаруся, стары фотаздымак — бесстаронні сведка таго часу. А другі важны момант — што нават тыя, хто не любіць чытаць, карцінкі ўсё ж глядзяць. І, зладзіўшы не адзін дзясятак выставак, я бачу, што людзі, якіх "зачапіла" карцінка, ужо бяруць у рукі і кнігу, і ў многіх прачынаецца цікавасць да гісторыі. Таму, я лічу, з дапамогай фотаздымкаў кнігі дакументальнага фармату, якія мы абмяркоўваем, таксама выйграюць — больш актыўна ідзе прыцягненне, захапленне людзей гісторыяй. Я часта згадваю фразу: "Народы, якія не помняць сваёй гісторыі, знікаюць" — і лічу, што трэба прыкласці ўсе намаганні, каб нашы людзі, асабліва моладзь, памяталі, у якой краіне мы жывём, ганарыліся сваёй гісторыяй і дакладна ведалі, хто з гістарычных дзеячаў што гаварыў, абапіраючыся не на інтэрнэт, у якім можна напісаць што заўгодна, а на факты і доказы.

Уладзімір ЛІХАДЗЕДАЎ

"На ваш погляд, кніга, выдадзеная, скажам, 800 гадоў таму, можа лічыцца дакладнай крыніцай інфармацыі?" — спыталіся ва Уладзіміра Ліхадзедава. Ён адказаў: "Я лічу, што любая кніга ўключае меркаванне аўтара, яго пазіцыю. Нездарма кажуць, што гісторыю пішуць пераможцы. Напрыклад, Беньямін Нетаньяху — герой ізраільскага народа і вораг палесцінскага, і расказаць пра яго можна па-рознаму. Наогул, і я ў гэтым пераканаўся, збіраючы сваю калекцыю, на кожную гістарычную падзею існуюць часам супрацьлеглыя погляды. І самае цікавае — знайсці і параўнаць гэтыя меркаванні розных бакоў. Каб лепш вывучыць гісторыю Беларусі, таксама трэба чытаць: еўрапейскія, польскія, усходнія, арабскія, яўрэйскія крыніцы — і параўноўваць розныя інтэрпрэтацыі, супастаўляць аповеды, аналізаваць, каб скласці больш-менш аб'ектыўную карціну".

Віктар ЛІСКОВІЧ, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу:

— Працуючы ў свой час у медыцыне, я таксама займаўся навукай, у прыватнасці напісаў восем манаграфій, падручнік па арганізацыі аховы здароўя, а потым прыйшоў у палітыку, больш пераключыўся на сацыяльную тэматыку, і першыя два гады проста не было часу на навуковую дзейнасць. Але потым зразумеў, што калі не «стаўбіць» тое, што мы робім, то час будзе ўпушчаны — і ў 2017 годзе з'явіўся праект «Гродзеншчына ўчора і сёння», дзе мы паказалі адны і тыя ж сюжэты ў мінулым, да станаўлення беларускай дзяржавы, і параўналі з сёлетнімі дасягненнямі. Была вялікая цікавасць да гэтай тэмы, і за тры гады з нашай ініцыятывы ўбачылі свет 17 выданняў, якія адлюстроўваюць пэўныя этапы жыцця і развіцця Гродзенскага рэгіёна. Я перакананы, што зрабіў правільна. Гэта значны вынік, кнігі — тое, з дапамогай чаго можна выхоўваць наша маладое пакаленне, тое, што адлюстроўвае развіццё нашай краіны... Год таму мы пазнаёміліся з Уладзімірам Ліхадзедавым у Іванаве, на Дні беларускага пісьменства, і, можна сказаць, знайшлі адзін аднаго — я адчуў, што Гродзеншчына не павінна ўпусціць такі момант, і з дапамогай Уладзіміра Аляксеевіча мы рознымі шляхамі падрыхтавалі чатыры кнігі, прысвечаныя Гродна, Слоніму, дзе ў верасні быў Дзень пісьменства, Смаргоні, дзе летась прайшлі «Дажынкі», і Навагрудку, які адзначыў 975-годдзе. У мяне ў галаве ўжо склаўся вялікі бізнес-праект, які падтрымлівае і аўтар, Уладзімір Аляксеевіч, — працягваць расказ пра Гродзеншчыну. На бягучы год у планах не менш за чатыры кнігі, ужо магу анансаваць, што адна будзе прысвечана Фестывалю нацыянальных культур, які пройдзе ў першыя выхадныя чэрвеня ў Гродне, таксама плануем зрабіць выданні пра Ліду, Шчучын і Ваўкавыск. На мой погляд, праект Уладзіміра Ліхадзедава вельмі ўдалы ў тым сэнсе, што падобныя кнігі не толькі маюць цікавы навукова-публіцыстычны характар, але таксама з'яўляюцца выдатнай прэзентацыяй горада і будуць добрым падарункам для любога замежнага госця, дыпламатычнага прадстаўніцтва і г. д.

Віктар ЛІСКОВІЧ

Таксама летась мы рэалізавалі сумесна з БелТА цікавы праект — выпусцілі да юбілею Гродзенскай вобласці кнігу «Гродзеншчына», вельмі добра аформленую і змястоўную. Пабачыла свет выданне «Мастацкі вобраз Гродзеншчыны». Разам з «Гродзенскай праўдай» зрабілі выданне «Гродзеншчына гасцінная» пра турыстычны патэнцыял вобласці: так, адна з кніг прысвечаная водным рэсурсам Гродзенскай вобласці і расказвае пра асноўныя водныя артэрыі рэгіёна і цікавінкі вакол іх; зусім нядаўна выйшла кніга «Аўгустоўскі канал: незвычайная гісторыя і новае жыццё», а на бягучы год у гэтай серыі запланаваная кніга «Гродзеншчына: запаведны свет» пра заказнікі і запаведнікі вобласці, іх турыстычныя магчымасці. У сакавіку выйдзе кніга «Гродзеншчына спартыўная», таксама рыхтуем альбомнае выданне, прысвечанае 100-годдзю нашага краязнаўчага музея; упершыню мы выдалі кнігу з работамі гродзенскіх мастакоў — паказалі развіццё рэгіёна праз іх творы... І яшчэ цэлы шэраг кніг, якія асвятляюць розныя бакі жыццядзейнасці рэгіёна. Інтэрнэт — сіла, магутная рака, але ўсё гэта хуткаплынна, а кнігі, я перакананы, не толькі раскажуць нам пра гісторыю, але і ўзбагацяць нашу будучыню. Таму ў тэзісе «Кнігі — галоўныя летапісцы і сёння?» можна смела замяняць пытальнік на клічнік.

Алесь СУША, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці:

— Калі мы гаворым пра тое, што многія атрымліваюць інфармацыю ў інтэрнэце, трэба памятаць, што інтэрнэт — гэта толькі носьбіт. Моладзь сёння чытае, і чытае нямала, што пацвярджаюць шматлікія сацыялагічныя даследаванні, — трэба толькі знайсці правільную падачу з улікам кліпавага мыслення і асаблівасцяў успрымання цяперашняга пакалення. З іншага боку, рэальнасць паказвае, што 80 % наведвальнікаў прыходзяць у Нацыянальную бібліятэку менавіта ў віртуальным фармаце: чацвёра з пяці чытачоў працуюць з электроннымі рэсурсамі, нават не даходзячы да будынка бібліятэкі. Гэта рэальнасць. якую нельга не ўлічваць. Але функцыя мемарыяльная, захавання кніг, нікуды не сыходзіць. Кніга друкаваная не знікае, толькі пераходзіць у іншую іпастась. Яна застаецца артэфактам, які, у адрозненне ад лічбавай інфармацыі, захоўваецца на працягу дзесяцігоддзяў і нават стагоддзяў. Беларусы — у пэўнай ступені нацыя кнігі. Кніжная спадчына для нас — частка гістарычнай памяці, якую, я абсалютна згодны з Уладзімірам Ліхадзедавым, мы павінны захоўваць у тым ліку праз дакументальныя артэфакты. У нашай бібліятэцы работа па захаванні кніжных помнікаў і камплектаванні фондаў наладжана даволі сістэмна. Нешта мы купляем у прыватных уладальнікаў, калекцыянераў; вельмі прыемна, што Уладзімір Ліхадзедаў, як альтруіст, перадае нямала каштоўных дакументаў — старадрукаў, картаў, рэдкіх выданняў ХІХ—ХХ стагоддзяў — у фонды Нацыянальнай бібліятэкі, як на дэпазіт (часовае экспанаванне),  так і назаўжды. Такая практыка яшчэ рэдкая і прынцыпова новая, у выніку яе ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі створаны асобны фонд Уладзіміра Аляксеевіча Ліхадзедава, які пастаянна папаўняецца. Акрамя таго, за апошнія два гады мы сумесна зладзілі, па-мойму, пяць выставак — гэта была практычна выставачная эстафета нон-стоп, і спадзяюся, што супрацоўніцтва працягнецца. Сярод найбольш перспектыўных яго кірункаў назаву далейшае фарміраванне калекцыі, вяртанне кніжных помнікаў, якія дрэнна або зусім не захаваліся ў Беларусі. Калі ж не ўдаецца прывезці на радзіму каштоўныя кнігі і дакументы ў арыгінале, нават на часовае экспанаванне, мы ідзём па шляху электроннага капіравання — у такім выглядзе дакументы дасяжныя для вывучэння шырокім колам даследчыкаў, гісторыкаў.

Алесь СУША

Уладзімір Ліхадзедаў:

— Дарэчы, цяпер на дэпазіце ў бібліятэцы знаходзіцца для вывучэння і захавання ўнікальны збор, якога не было ў нас і няма ў бібліятэках нават Масквы і Санкт-Пецярбурга, — "Гродзенскія губернскія ведамасці", сабраныя практычна з першых нумароў, з 40-х гадоў ХІХ стагоддзя. Калісьці даўно я набыў гэтыя газеты, што дзіўна, у Кіеве, на іх нават захаваліся кіеўскія штампы.

Алесь Суша:

— І прыміце публічную падзяку ад нашага калектыву за дазвол алічбоўваць і прадстаўляць у карыстанне дакументы, якія вы перадаяце ў бібліятэку на дэпазіт, — гэта вельмі каштоўны гістарычны матэрыял. Акрамя таго, мне дужа падабаецца краязнаўчы акцэнт гэтай работы. І цудоўныя альбомы праекта "У пошуках страчанага", і нашы факсімільныя выданні апошніх гадоў — яны ўсе рэгіянальныя: Тураўскае Евангелле — Гомельшчына, Слуцкае — Міншчына, працы Спірыдона Собаля — Магілёўшчына, Брэсцкая Біблія — Брэстчына, цяпер плануюцца праекты, звязаныя з юбілеем Жыровіцкага манастыра — Гродзеншчына... І яшчэ адзначу адзін вельмі важны аспект — папулярызацыю. Тут добра зарэкамендавалі сябе выставачныя праекты, работа з дзецьмі, у тым ліку музейная педагогіка, а таксама праекты віртуальныя. Думаю, Уладзімір Аляксеевіч, нам з вамі варта задумацца аб супольнай рабоце і ў гэтым кірунку — перспектыў шмат.

Сяргей АЗАРОНАК, дырэктар Дзяржаўнага музея ваеннай гісторыі Беларусі:

— Я даўно адсочваў праект "У пошуках страчанага", і мне вельмі падабалася гэтая форма — паказваць гісторыю нашых гарадоў і мястэчак праз старыя паштоўкі. У 2007 годзе пачалося наша супрацоўніцтва — было 12 розных кірункаў, не кажучы ўжо пра колькасць выставак і людзей, якія іх наведалі. У прыватнасці, вялікую аддачу мы атрымалі ад дзятвы — былі дні, калі прыходзіла па 50, па 100 чалавек школьнікаў, і па іх рэакцыі было відаць, як цікава ім у музеі. Напэўна, гэты прыём — параўнаць учора, сёння, заўтра — не новы, але заўжды вельмі дзейсны, гэта так па-музейнаму, такі жывы крок у гісторыю. А калі адштурхоўвацца ад тэмы нашай дыскусіі, то кнігі — насамрэч летапісцы гісторыі, тут можна згадаць мноства яскравых прыкладаў, ад "Слова аб палку Ігаравым" да, на жаль, не надта пакуль вядомай сярод моладзі кнігі Семяновіча "Вялікае мастацтва артылерыі" — мяне, як чалавека ваеннага, бярэ гонар за землякоў, працу якіх ацанілі і вывучалі не толькі сучаснікі, але і паслядоўнікі, у тым ліку Пётр І, Напалеон... Гэтаксама я ганаруся, што мы першыя сярод музейшчыкаў падхапілі праект "У пошуках страчанага" і таксама пачалі папулярызаваць яго, паказваць дзецям і падлеткам родную краіну і яе гісторыю з розных бакоў... Хачу падкрэсліць, што сабраныя Уладзімірам Ліхадзедавым калекцыі і артэфакты, якія ён часта бескарысліва перадае розным інстанцыям, адкрываюць шырокія магчымасці для патрыятычнага выхавання. Таму, безумоўна, мы будзем працягваць сумесную работу і не толькі расказваць пра тое, які мы, беларусы, талерантны, добры і шчыры народ, але і паказваць вытокі гераізму беларусаў, шматлікія прыклады мужнасці і самаахвярнасці — арганізуем цыкл выставак пра Айчынную вайну 1812 года, Першую сусветную вайну і, безумоўна, да 75-годдзя Перамогі — пра Вялікую Айчынную вайну.

Сяргей АЗАРОНАК

Уладзімір Ліхадзедаў:

— Ужо праведзена вялікая работа ў гэтым кірунку, гатовыя прыехаць каля 50 калекцыянераў з Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы і іншых краін, прывезці ўнікальныя матэрыялы, перадаць шэраг каштоўных матэрыялаў ад усіх нас музеям і бібліятэкам Беларусі. Хацелася б зрабіць гэта апафеозам вышэйзгаданага выставачнага праекта — любыя ідэі і ўдзельнікі вітаюцца, каб толькі гэта не было фармальна, для галачкі, а насамрэч стала падарункам для нашай краіны да 75-годдзя Перамогі.

Павел САПОЦЬКА, дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі:

— Перачытваю назву нашага круглага стала і згадваю словы вядомага рэжысёра Уладзіміра Арлова: "Пацалункі высахнуць, абдымкі расціснуцца, каньякі вып'юцца, цукеркі з'ядуцца, сувеніры перадорацца, кубкі пакрыюцца пылам, фатаграфіі забудуцца, кнігі — застануцца"... Праект Уладзіміра Ліхадзедава “У пошуках страчанага” – насамрэч унікальная з’ява, я сам збіраю ўсе выданні, як у кнігах, так і ў перыёдыцы. У тым, што праект унікальны, гэтым маглі пераканацца і наведвальнікі нашага музея – разам з Уладзімірам Аляксеевічам мы зладзілі некалькі выстаў, аналагаў якім дагэтуль не было. Таксама ён перадаў нашаму музею ў дар цікавыя экспанаты, за што мы яму вельмі ўдзячныя.

Павел САПОЦЬКА

Наш музей таксама імкнецца больш папулярызаваць сябе праз кнігавыданне — летась мы падрыхтавалі дзясятак выданняў: гэта і зборнікі справаздач, і альбомы, і каталогі, і энцыклапедыі — напрыклад, у межах Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмаша мы прэзентуем вельмі цікавае выданне, прысвечанае беларускім графікам 1920—1930 гадоў, і кніга абяцае быць насамрэч унікальнай.

Мы праводзім сёлета першы Рэспубліканскі краязнаўчы форум — цікавае мерапрыемства пад эгідай Міністэрства культуры і Міністэрства інфармацыі, нас падтрымліваюць як партнёры Выдавецкі дом "Звязда", Нацыянальная бібліятэка Беларусі; у межах гэтага форуму мы вырашылі правесці конкурс на найлепшае краязнаўчае выданне за 2017—2019 гады. То-бок у аснове зноў ляжыць кніга, і на конкурс паступіла ўжо мноства цудоўных кніг ад бібліятэк, краязнаўчых музеяў, саміх краязнаўцаў — і гэта выдатна, што ў кантэксце нацыянальнай памяці ёсць такія выданні. І яшчэ анансую адзін момант: сёлета наш музей атрымаў тры прэзідэнцкія гранты: па яўрэйскай тэме, археалогіі і тэме нацыянальнага касцюма і народных промыслаў і рамёстваў. І па кожным гранце будуць ажыццёўлены як тэматычныя выставачныя праекты, так і выданні — каталогі, альбомы, навуковыя манаграфіі, якія дапамогуць шырэй прадставіць нашу спадчыну, нашу краіну. Мяркую, гэта ў пэўным сэнсе наша агульная місія — бібліятэкараў, музейшчыкаў, краязнаўцаў, гісторыкаў, калекцыянераў, архівістаў, педагогаў, журналістаў і г.д.

Аляксандр ХРАМЫ

Аляксандр ХРАМЫ, дырэктар дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа:

— Разам з Уладзімірам Аляксеевічам да юбілею музея Якуба Коласа ў снежні мы прадставілі неардынарны праект — "Ад Адама да Кастуся" — і паказалі праз творчасць Якуба Коласа, як ён захапляўся Адамам Міцкевічам і як іх творы, напісаныя ў розныя эпохі і на розных мовах, былі аб'яднаныя беларускай душой, любоўю да роднай зямлі. Сёлета будзе адзначацца 75 гадоў Вялікай Перамогі. Здавалася б, пры чым тут музей Якуба Коласа? Але варта помніць, што сын Якуба Коласа загінуў падчас Вялікай Айчыннай і што самы ўзроставы салдат, удзельнік дзвюх войнаў дзед Талаш стаў героем твора Якуба Коласа — мы знайшлі праўнука дзеда Талаша, падрыхтавалі вельмі цікавыя матэрыялы... А з дапамогай Уладзіміра Аляксеевіча Ліхадзедава адшукалі ўнікальныя здымкі, як выглядалі мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю Коласа, — вачыма самога пісьменніка. Таму, вяртаючыся да тэмы нашай дыскусіі — ці карыстаюцца сёння папулярнасцю дакументальныя кнігі, — я лічу, што так, карыстаюцца. Бо, чытаючы любую кнігу, важна не толькі мець сваё ўяўленне пра яе герояў і месца падзей, але і паглядзець, наколькі гэта супадае з тым, як іх паказвалі фатографы, мастакі, сучаснікі гэтых падзей.

Крыніца - Выдавецкі дом "Звязда".

Апублікавана:
Праглядаў:
804