Культурныя скрыжаваннi

Культурныя скрыжаваннi

Сёння самы культурны канал айчыннай медыяпрасторы пакажа новы праект уласнай вытворчасцi пад назвай «Кадры жыцця». Гэта будзе цыкл iнтэрв’ю са знакамiтымi прадстаўнiкамi творчай iнтэлiгенцыi нашай краiны. У госцi да вядучых Сяргея Кацьера i Марыны Драгiнай завiтаюць вядомыя акцёры, рэжысёры, пiсьменнiкi, мастакi. Актыўна iдзе праца i на канале «Культура» Беларускага радыё, якi на тым тыднi прэзентаваў аўдыторыi новую аўтарскую лiтаратурна-публiцыстычную праграму «Сюжэт для вечнасцi». Яе вядучым стаў вядомы пiсьменнiк i публiцыст Навум Гальпяровiч.


Таленты i iх прыхiльнiкi 

Па сутнасцi, «Кадры жыцця» — гэта абноўлены i дапоўнены фармат знаёмай шэрагу гледачоў праграмы «Майстры i кумiры» на тэлеканале «Беларусь 3». Вядучыя праекта Сяргей Кацьер i Марына Драгiна будуць сустракаць гасцей у арыгiнальнай студыйнай «кiназале» з абноўленымi дэкарацыямi. Праз архiўныя вiдэаматэрыялы i, бадай, самыя каштоўныя фонды жывых чалавечых успамiнаў людзей культуры здымачная група «Беларусь 3» разам з вядучымi паспрабуе паназiраць за лёсамi творцаў у сацыякультурным кантэксце гiсторыi краiны i знайсцi кропкi ўзаемнага ўплыву.

— Праз гiсторыi герояў, людзей знакавых i цiкавых, мы запiсваем своеасаблiвую культурную бiяграфiю нашай рэспублiкi, — кажа кiраўнiк i сувядучы праекта «Кадры жыцця» Сяргей Кацьер. — Абяцаем, аповеды нашых майстроў культуры будуць вельмi кранальныя i займальныя. А мне, у сваю чаргу, будзе цiкава паназiраць, дзе i як мой асабiсты лёс перасякаецца з лёсамi творчых людзей.

У прэм’ерным выпуску праграмы, якi выйдзе на «Беларусь 3» у нядзелю ў 19:25, гледачоў чакае сустрэча з кiнарэжысёрам, сцэнарыстам, паэтэсай Аленай Туравай. Яна падзелiцца ўспамiнамi пра дзяцiнства i знакамiтых бацькоў, пра першыя крокi на Нацыянальнай кiнастудыi «Беларусьфiльм», а таксама раскажа пра малавядомыя факты са сваіх рэжысёрскiх работ. Вiзуальным суправаджэннем размовы стане паказ архiўных вiдэаматэрыялаў з фонду Белтэлерадыёкампанii.

Вечнасць не мяжа 

«Сюжэт для вечнасцi» — так называецца новы аўтарскi праект вядомага пiсьменнiка i публiцыста Навума Гальпяровiча, чый голас будзе гучаць у эфiры па нядзелях на хвалi канала «Культура» Беларускага радыё. Праграма, дарэчы, прызначана не толькi для аматараў мастацкай лiтаратуры, але i для шырокага кола слухачоў, распавядае Навум Якаўлевiч: 

— У 2013 годзе ў выдавецтве «Мастацкая лiтаратура» выйшла мая кнiга пад назвай «Сюжэт для вечнасцi». Але новы радыёпраект не пра кнiгу, а ўвогуле пра навакольны свет: чым я жыў i жыву, пра што мару. Распавяду пра сваё пакаленне, на якое прыйшліся i пасляваеннае дзяцiнства, i савецкi час, i перабудова, i цяперашняе жыццё ў сённяшняй незалежнай Беларусi... Аб гэтым, а таксама пра сталенне чалавека, фармiраванне яго асобы i пойдзе размова ў праграме. Гэта вершы i проза, напiсаныя ў розны час, але аб’яднаныя адзiнай назвай — «Сюжэт для вечнасцi».

Навум Гальпяровiч пачынаў сваю кар’еру на Беларускiм радыё ў якасцi ўласнага карэспандэнта па Вiцебскай вобласцi, зараз з’яўляецца намеснiкам дырэктара радыёканала «Культура». Лiтаратурны дэбют пiсьменнiка адбыўся ў наваполацкай газеце «Хiмiк». Сёння на рахунку мэтра дзясяткi аўтарскiх радыёперадач, тэлевiзiйныя праекты i больш за дзесяць кнiг, вершы з якiх перакладзены на польскую, румынскую, балгарскую, рускую, англiйскую i iншыя мовы.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах “СБ. Беларусь сегодня”


Апублікавана:
Праглядаў:
550