Музей Янкі Купалы на кніжнай выставе

Музей Янкі Купалы на кніжнай выставе

У межах XXVI Мінскай Міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу пройдзе шэраг імпрэз, прысвечаных Янку Купалу, арганізатарамі якіх выступяць Міністэрства інфармацыі, Міністэрства культуры, Дзяржаўны літаратурны музей  Янкі Купалы і беларускія кнігавыдаўцы.

7 лютага 2019 года а 16-ай гадзіне адбузецца прэзентацыя энцыклапедыі “Янка Купала” у 3 тамах, выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”.

Персанальная энцыклапедыя «Янка Купала» – гэта знакавая падзея не толькі ў беларускім, але і сусветным літаратуразнаўстве.

kupala.jpg

Трэці том энцыклапедыі, як і два папярэднія, – плён сумеснай працы выдавецтва, музея і навукоўцаў. Сярод аўтараў энцыклапедычных артыкулаў супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна.

У гэты жа дзень а 17-ай гадзіне літаратурная вечарына “Янка Купала і Ўолт Ўітмэн. Песня пра вольны шлях”, у рамках якой адбудзецца прэзентацыя кнігі Ўолта Ўітмэна ў перакладзе Янкі Сіпакова, выдавецтва “Мастацкая літаратура”. 

Ўолт Ўітмэн – адзін з найбуйнейшых амерыканскіх паэтаў і адзін з самых перакладаных на беларускую мову амерыканскіх пісьменнікаў. Пачынаючы з 20-х гг. і да цяперашняга часу перакладчыкі звяртаюцца да вершаў паэта са зборніка “Лісце травы”.

kupala2.jpg

Помнікі Янку Купалу і Ўолту Ўітмэну стаяць побач на алеі паэтаў у Ароў-парку ў штаце Нью-Ёрк. Іх адкрыццё ў 1973 годзе стала важнай падзеяй у развіцці культурнага дыялогу паміж нашымі краінамі.

Купалава слова і сёння знаходзіць водгук у сэрцах амерыканцаў. Творы паэта, бліскуча перакладзеныя на англійскую мову Ўолтэрам Мэем і Верай Рыч, прагучаць падчас вечарыны, ганаровым госцем якой стане Павераны ў справах Злучаных Штатаў Амерыкі ў Беларусі спадарыня Джэніфер Мур. Вершы Ўолта Ўітмэна ў перакладзе на беларускую мову прачытае акцёр Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Андрэй Новік.

Апошнія на сённяшні дзень пераклады Ўолта Ўітмэна на беларускую мову зроблены Юліяй Цімафеевай, якая прэзентуе новую кнігу перакладаў, а пісьменнік і перакладчык Ганна Янкута раскажа пра гісторыю беларускіх перакладаў Ўолта Ўітмэна.

Апублікавана:
Праглядаў:
1 237
Галіны дзейнасці: