Навінка ад "Мастацкай літаратуры"

Навінка ад "Мастацкай літаратуры"

Навінка ад "Мастацкай літаратуры" 

Валерый Казакоў. Флейта травы
Мiнск, Мастацкая лiтаратура, 2020

Беларускi i расiйскi лiтаратар Валерый Казакоў вядомы перш за ўсё сваёй прозай. У гэтым жа зборнiку змешчаны выбраныя вершы ў перакла­дзе на беларускую мову. Празаiчным творам аўтара найчасцей уласцiвая вострая сатырычнасць, камертон паэтычнага зборнiка лiрычна‑настальгiчны. Згадкi пра каханне, спробы адысцi ад штодзённай мiтуснi, угледзецца ў вечнае. Вершы — развагi над iсным:

Ляцеў маладзiк у паднебных вышынях,

Гайдалiся ўнiзе ракой кавылi.

I зоркi вачыма ўстрывожанай рысi

Мяне за сабою, у вечнасць, вялi.

Дарэчы, маладзiк, месяц, поўня — улюбёны вобраз паэта. Прычым у вершах Валерыя Казакова гэта бунтоўная i таямнiчая стыхiя, якая знаходзiцца ў руху i нiбыта ўвасабляе альтэр эга аўтара, нябеснае адлюстраванне яго памкненняў.

Шмат вершаў прысвечана малой радзiме паэта, беларускай вёсцы, дзе ўжо парос бур’яном родны падворак, не гарыць святло ў вокнах знаёмых хат:

Драўляныя крыжы стаяць

На могiлках старых ля рэчкi.

Мае аднавяскоўцы спяць,

Знайшоўшы тут спачын свой рэшнi.

I прарастаюць зноў травой,

I крапiвой цалуюць пальцы,

Калi я зноўку, сам не свой,

Iду сюды з сабой спаткацца.

Але настальгiя, туга па незваротным не асноўнае ў светабудове лiрычнага героя. Ён па‑ранейшаму iмкнецца спасцiгаць i змяняць сусвет, усё яшчэ ягоныя пачуццi яркiя i палкiя:

Як плача, свечка дагарае.

Свiтае…

Свiтаюць валасы твае

i плечы.

I салавей для нас пяе

I вечар…


Людміла Рублеўская 

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах “СБ. Беларусь сегодня”



Апублікавана:
Праглядаў:
537