Навінкі для дзяцей ад Выдавецкага дома «Звязда»

Навінкі для дзяцей ад Выдавецкага дома «Звязда»

Выдавецкі дом «Звязда» прадставіў дзве новыя дзіцячыя кнігі, А гэта, як вядома, менавіта тое, што, акрамя класічнай і спецыяльнай літаратуры, цяпер карыстаецца попытам.

Выдавецкі дом «Звязда» перавыдаў дзіцячую кнігу «Дуб і Крумкач» Алены Стэльмах — заслужанага журналіста Беларускага Саюза журналістаў, сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Расіі. Гэта вершаваная п’еса ў чатырох дзеях, у якой расказваецца пра супрацьстаянне міралюбівых прадстаўнікоў жывёльнага і расліннага свету (адной з важных дзеючых асоб з’яўляецца Дуб, які ўвасабляе прыродную гармонію, мудрасць) з Крумкачом – сімвалам зла, разбурэння і вайны.

обложка стэльмах1.jpg

Класічная барацьба заканчваецца прадказальна, але важна, што ў творы з умоўным злом змагаюцца не пры дапамозе грубай сілы, а словам. Такім чынам Алена Стэльмах дае дзецям вельмі важны наказ: большую частку праблем, нават самых сур’ёзных, можна вырашыць без агрэсіі. Асабліва калі гаворка вядзецца пра чалавечыя зносіны.

Малюнкі, якія выканала Марыя Міцкевіч, чымсьці нагадваюць адначасова манеру еўрапейскіх коміксаў і беларускую савецкую школу анімацыі. Гэта добра, бо, магчыма, калісьці п’еса стане асновай для стварэння мультфільма.

П’еса падыходзіць, напрыклад, для школьных драматычных гурткоў або іншых вучнёўскіх тэатральных ініцыятыў. Здаецца, што чытачы ўжо даўно чакалі гэты твор пісьменніцы ў новым выданні, бо першы пошукавы запыт у інтэрнэце, які прапаноўвае сістэма Google, менавіта «Алена Стэльмах Дуб і Крумкач». Гэтае выданне мае ўсе шанцы на поспех.

Другая кніга — зборнік дзіцячых вершаў «У казачным лесе» паэтэсы Ніны Галіноўскай, лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы і прэміі Васіля Віткі. Галоўныя героі большасці твораў — звяры і птушкі, што традыцыйна для дзіцячай літаратуры, але таксама сустракаюцца вершы, якія прысвечаны непасрэдна дзецям. Такая разнастайнасць, па-першае, не дазволіць маленькім чытачам засумаваць падчас знаёмства са зборнікам, па-другое, яны змогуць асацыіраваць сябе з некаторымі героямі і такім чынам больш уключацца ў працэс чытання.

Обложка Н. Галиновская.jpg

Акварэльныя малюнкі Алены Карповіч выдатна перадаюць казачную атмасферу, што пануе ў большай частцы кнігі. Не менш удала мастачка выканала побытавыя і гумарыстычная сцэны.

«У казачным лесе» Ніны Галіноўскай і «Дуб і Крумкач» Алены Стэльмах — добрыя прыклады сучаснай дзіцячай літаратуры, якая можа зацікавіць маленькіх чытачоў не толькі прыгожым афармленнем, але і тэкстамі, што вельмі каштоўна.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».

Апублікавана:
Праглядаў:
310