Новае выданне "Народнай асветы" да 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча

Новае выданне "Народнай асветы" да 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча

26 лістапада 2020 года адзначаецца 90 гадоў з дня нараджэння славутага беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча.

Уладзімір Караткевіч – адна з найбольш яскравых фігур беларускай літаратуры XX стагоддзя. Ён нарадзіўся 26 лістапада 1930 ў Оршы. За 53 гады жыцця Караткевіч зрабіў неверагодна шмат і застаўся ў памяці нашчадкаў як беларускі паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, сцэнарыст, класік беларускай літаратуры. Першым з беларускіх пісьменнікаў Караткевіч звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыву. Яго найлепшыя творы – аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Сівая легенда”, раманы “Каласы пад сярпом тваім”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, “Чорны замак Альшанскі”, “Леаніды не вернуцца да Зямлі”, нарыс “Зямля пад белымі крыламі” – абудзілі і працягваюць абуджаць у чытачоў цікавасць да айчыннай гісторыі і любоў да роднай зямлі.

Нягледзячы на неверагодную папулярнасць спадчыны пісьменніка, не ўсе ведаюць, што ён шмат пісаў і для дзяцей. Казкі ён любіў з маленства, з таго дня, як упершыню пачуў іх ад свайго дзядулі Васіля. “Казка – ад нашай зямлі і яе людзей. Яна – чароўны сон і яна думка чалавека… Казка данесла да нас мінулае нашага народа, зберагла нашу мову. Яна данясе і да нашчадкаў памяць пра нас”, – напісаў Уладзімір Караткевіч. Па некаторых з яго казачных твораў пастаўлены тэатралізаваныя спектаклі і зняты мультфільмы.

У выдавецтве “Народная асвета” ў 2020 годзе выйшаў зборнік казак Уладзіміра Караткевіча “Старая казка”. У ім сабраны казкі, створаныя пісьменнікам для маленькіх чытачоў у розныя гады жыцця: “Скрыпка дрыгвы й верасовых пустэчаў”, “Ноч”, “Кацёл з каменьчыкамі”, “Нямоглы бацька”, “Старая казка”, “Вясна ўвосень”, “Вужыная каралева”, “Куцька”, “Рыбін цар”, “Верабей, Сава і птушыны суд”, “Жабкі і чарапаха”, “Вераб’ёва цешча”, “Мужык і дзіва аднавокае”, “Аўтух-дамоўнік”, “Чортаў скарб”.  

Дзень нараджэння пісьменніка – добрая нагода, каб разам з дзецьмі перагартаць старонкі добрых і разумных казак. Кніга, аздобленая чароўнымі ілюстрацыямі мастачкі Лізаветы Пастушэнка, спадабаецца маленькім чатачам і іх бацькам.

Зборнік казак Уладзіміра Караткевіча “Старая казка” можна знайсці ў кнігарнях Беларусі і замовіць на  сайце выдавецтва “Народная асвета”.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах выдавецтва «Народная асвета».

Апублікавана:
Праглядаў:
306