Новае выданне паэзіі Уладзіміра Караткевіча выйшла ў «Мастацкай літаратуры»

Новае выданне паэзіі Уладзіміра Караткевіча выйшла ў «Мастацкай літаратуры»

Да 90-гадовага юбілею класіка беларускай літаратуры ў серыі «100 вершаў» выдавецтва «Мастацкая літаратура» выпусціла зборнік «Беларуская песня».

«О мой цудоўны край,/ Мой заснежаны рай…/ Ціхі званочкаў смех./ Снег у лесе начным,/ Смех у садзе пустым,/ Коней спакойны бег…» Што ні радок – адусюль вынікае маляўнічы партрэт нашай Айчыны, нашы беларускія краявіды, нашы фарбы жыцця і прыроды. 

«Беларуская песня», укладзеная цудоўным знаўцам паэзіі Віктарам Шніпам, адкрываецца вершам «Матчына душа». Твор напісаны ў 1955 годзе. Так – «Матчына душа» – называецца і першы паэтычны зборнік У.Караткевіча, выдадзены ў 1958 годзе. 

Літаратурная крытыка неадназначна ацаніла тую знакавую кнігу. Недахопам лічылася і тое, што Караткевіч, пішучы на сур’ёзныя тэмы, захапляецца жартамі. Час вынес свае вердыкты. 

Сёння, пэўна, мяркуючы па чытацкай зацікаўленасці (за мінулыя дзесяць гадоў выдадзена каля 50 (!) кніг класіка), няма ў беларускай літаратуры болей сур’ёзнай з’явы, як здзейсненае Караткевічам у прозе, драматургіі, публіцыстыцы і паэзіі. 

А другі верш нараджэннем з 1955 года (ён і ў «Беларускай песні» ідзе следам за вершам «Матчына душа») «Заяц варыць піва» даўно стаў хрэстаматйным творам.

«Орша», «Паўлюк Багрым», «Балада пра паўстанца Ваўкалаку», «Машэка», «Чорная балада Гаркушы» – з вершамі, адпаведна з падзеямі і героямі, якіх яны ахапілі, з думкамі, паэтычнымі вобразамі і сімваламі Уладзіміра Караткевіча можна смела выпраўляцца ў падарожжа па Беларусі сённяшняй і ўчарашняй, па гісторыі і сучаснасці.

Нагадаем, што ў серыі «100 вершаў» ужо ўбачылі свет зборнікі Ніла Гілевіча, Генадзя Бураўкіна, Яўгеніі Янішчыц, Міхася Стральцова… З такой кніжніцы выбудоўваецца адмысловая бібліятэка, якая сведчыць пра сталасць, пра вышыні беларускай паэзіі.

Крыніца - sozvuchie.by.

Апублікавана:
Праглядаў:
270