Новы альбом выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя» паказвае Беларусь вачыма мастакоў

Новы альбом выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя» паказвае Беларусь вачыма мастакоў

У выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» выйшаў альбом «І рай і боль на Песеннай Зямлі… Беларусь вачыма мастакоў 1920–1930-х гадоў» на дзвюх мовах: рускай і беларускай.


У альбоме прадстаўлены графічныя работы з калекцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, аб’яднаныя адной тэмай – этнаграфія Беларусі: этнічныя тыпы жыхароў беларускай зямлі, вясковыя і гарадскія краявіды, помнікі дойлідства, традыцыйнага народнага мастацтва, рамёстваў. Створаныя мастакамі ў перыяд 1920−1930-х гадоў, яны маюць вялікую каштоўнасць: адначасова з’яўляюцца творамі мастацтва і навуковымі матэрыяламі, бо большасць мастакоў Беларусі таго часу былі ўдзельнікамі краязнаўчага руху. Яны прымалі актыўны ўдзел у шматлікіх экспедыцыях: этнаграфічных, фальклорных, археалагічных, падчас якіх рабілі зарысоўкі.


Поруч з мастацтвам Савецкай Беларусі, творамі прызнаных майстроў А.Астаповіча, А.Тычыны, М.Дучыца, М.Аксельрода, А.Марыкса, М.Горшмана ў альбоме прадстаўлены творы мастакоў Заходняй Беларусі – П.Сергіевіча, Н.Сасноўскай, Л.Родзевіча.


Этнаграфія Беларусі – вядучая тэма мастацкай спадчыны Я. Драздовіча. У выданні прадстаўлены творы з яго альбомаў «Палессе. Піншчына» і «Глыбокае».


Па-майстэрску выкананыя зарысоўкі лялек беларускага народнага тэатра батлейкі пакінуў адзін з найвыдатнейшых кніжных графікаў СССР В.Дваракоўскі. У альбоме прадстаўлены і акварэлі народных строяў тэатральнага мастака А.Марыкса, зробленыя ім падчас паездак па Беларусі ў 1920−1930-я гады.


Значную частку выдання складаюць творы графікаў Віцебска, − унікальнага па сваіх мастацкіх традыцыях горада. Сярод іх вядомыя майстры і студэнты Беларускага мастацкага тэхнікума: С.Юдовін, М.Эндэ, Л.Зевіна, Р.Семашкевіч, І.Сонкін, С.Андруховіч, Л.Лейтман, Х.Ліўшыц. Упершыню ў поўным аб’ёме публікуецца комплекс твораў Р.Семашкевіча са збору Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.


Прадстаўленыя ў выданні графічныя творы маюць выключную каштоўнасць: яны адначасова з’яўляюцца творамі мастацтва і навуковымі артэфактамі. Мастакі з дакументальнай дакладнасцю перадалі аблічча краіны і нашых суайчыннікаў 1920−1930-х гадоў, помнікі культуры народаў Беларусі, значная частка якіх страчана. У той жа час глыбокі погляд таленавітага чалавека даносіць да нас усе адценні душэўнага стану жыхароў Песеннай Зямлі таго часу, дае ўнікальную магчымасць па-сапраўднаму адчуць эпоху.


Кніга разлічана на шырокае кола чытачоў.


Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах выдавецтва “БелЭн”.

Апублікавана:
Праглядаў:
625