Пошук новых фарматаў як патрабаванне часу

Пошук новых фарматаў як патрабаванне часу

Тоўстыя лiтаратурныя часопiсы ў час iнтэрнэту ва ўсiм свеце вучацца выжываць. Мяняюць фармат, шукаюць тэмы, пераходзяць у электронны варыянт... Адзiн са старэйшых беларускiх часопiсаў «Полымя» сёння робiць крэатыўная каманда, якую ўзначальвае Алена Мальчэўская. Таму тут таксама шмат змен i адкрыццяў. Нядаўна выйшаў нумар, прысвечаны сецiратуры — лiтаратуры ў iнтэрнэце. 

— Сецiратура — частка лiтаратуры, — тлумачыць галоўны рэдактар часопiса «Полымя» Алена Мальчэўская. — Адны навукоўцы мяркуюць, што пад гэтае азначэнне падпадаюць усе лiтаратурныя тэксты, размешчаныя ў сецiве. Iншыя лiчаць — толькi тэксты, што ўзнiклi ў iнтэрнэце дзякуючы яго спецыфiчным асаблiвасцям (гiперспасылкi, магчымасцi мультымедыа i г.д.), што не можа быць надрукаваным на паперы. Але паколькi вы трымаеце ў руках папяровы варыянт часопiса, то вiдавочна, што нас у большай ступенi цiкавiў узаемаўплыў лiтаратуры i сецiратуры.

— Чым адметны нумар?

— Ён складаецца з празаiчнай часткi i навуковай, лiтаратурна–крытычнай. Мы не намагалiся стварыць энцыклапедыю беларускай сецiратуры, гэта не справа часопiса. Мы проста сфакусiравалi ўвагу на яркай з’яве сучаснага лiтаратурнага працэсу. У празаiчнай частцы прадставiлi трох аўтараў. Два з iх добра вядомыя пастаянным чытачам «Полымя» — гэта Вiктар Шнiп i Уладзiмiр Сцяпан. Абодва — прыхiльнiкi аднаго i таго ж мастацкага прыёму: мантаж тэксту з мiнiяцюр. А на стварэнне гэтых мiнiяцюр у значнай ступенi ўплываюць законы стварэння паста на Фэйсбуку. Яшчэ адна аўтарка, я думаю, не новае iмя для аматараў лiтаратуры, але ў «Полымi» з’явiлася ўпершыню — Таня Скарынкiна. Некалькi гадоў таму выйшла яе кнiга эсэ, створаных для iнтэрнэт–прасторы, «Шмат Чэслава Мiлаша, крыху Элвiса Прэслi». А мы друкуем яе новае эсэ «Касманаўты ў горадзе». Такi сабе смаргонскi магiчны рэалiзм.

— А навуковая частка?

— У навуковай частцы асаблiвую ўвагу я б звярнула на артыкул Iрыны Шаўляковай–Барзенкi з iнтрыгуючай назвай «Беларуская сецiратура як унiкальная з’ява актыўнай адсутнасцi». Можна сказаць, што гэта ўяўная мапа з iмёнамi, праектамi, асаблiвасцямi беларускай сецiратуры.

— Адчуванне, што «Полымя» ў стане перазагрузкi. Чаго чакаць?

— Шукаем новыя формы i захоўваем традыцыi. Iмкнёмся трымаць баланс памiж гэтымi двума кiрункамi. Напрыклад, працягваем актыўна займацца архiўнай спадчынай. Дзякуючы намаганням лiтаратуразнаўцы i намеснiка галоўнага рэдактара Мiкалая Труса адбылася першая публiкацыя аповесцi Барыса Мiкулiча «Зялёны Луг», дзякуючы Марыi Мiцкевiч надрукаваны ўрывак з неапублiкаванага рамана Янкi Маўра «Дзяўчына–мацi». Перазагрузка ў большай ступенi тычыцца тэматычных нумароў часопiса. Вось выпусцiлi нумар пра сецiратуру, напрыканцы мiнулага года пазнаёмiлi беларускiх чытачоў з сучаснай румынскай лiтаратурай.

— Вы — галоўны рэдактар лiтаратурнага часопiса i вядомы тэатральны крытык. Якiя працэсы апошнiм часам адбываюцца паралельна ў беларускай лiтаратуры i беларускiм тэатры?

— Прывяду прыклад толькi адной тэндэнцыi — перадзел межаў памiж рэальным i выдуманым. Паглядзiце, якая сёння папулярная нон–фiкшн лiтаратура. Паглядзiце, як узрасла цiкавасць да дакументальнага тэатра.

— Нядаўна ў Магiлёве адбылася цiкавая тэатральная дыскусiя, у якой вы бралi ўдзел...

— Адна з асноўных мэт дыскусii — наладжванне дыялога памiж тэатрам i гледачом. Запомнiлася, як вельмi актыўна выказвалiся гледачы, абмяркоўвалi пытаннi, што iх хвалююць: ад распаўсюджвання квiткоў да беларускамоўных перакладаў п’ес. Я выступала як запрошаны эксперт. Мне падаецца, што на тэатральнай мапе краiны Магiлёў — адзiн з самых цiкавых рэгiёнаў. Асаблiвую ўвагу на сябе звяртаюць i Магiлёўскi абласны драматычны тэатр, i Магiлёўскi абласны тэатр лялек, i Мiжнародны маладзёжны тэатральны форум «M.@rt.контакт».

— Цi можна казаць аб правiнцыйным тэатры i правiн-цыйнай лiтаратуры ў эпоху iнтэрнэту?

— Я не люблю слова «правiнцыйны». Яно падаецца мне абразлiвым. Больш трапнае, на маю думку, азначэнне «рэгiянальны». I рэгiянальнасць сёння сапраўды можа не мець вялiкага значэння. Адзiн з самых цiкавых расiйскiх лiтаратурна–мастацкiх часопiсаў «Урал» выдаецца ў Екацярынбургу, а не ў Маскве, напрыклад.

— Цi можна казаць пра прафесiйную дэфармацыю тых, хто ставiць ацэнкi лiтаратурным i тэатральным творам, губляючы аспект простай асалоды ад успрыняцця новага твора?

— Паверце, тое, што я бачу, як зроблены твор, як ён упiсваецца ў кантэкст, як звязаны з традыцыяй цi, наадварот, спрачаецца з ёй, не адмаўляе аспекту геданiзму. Функцыi рэдактара цi крытыка не замiнаюць мне атрымлiваць асалоду. Калi перайсцi да канкрэтыкi, самым яркiм лiтаратурным уражаннем апошняга часу для мяне стаў раман екацярынбургскага пiсьменнiка Аляксея Сальнiкава «Петровы в гриппе и вокруг него». А ў тэатры — спектакль для аднаго гледача аргенцiнскага рэжысёра Фернанда Рубiа «Усё, што побач са мной», якi трэба глядзець лежачы ў ложку.

 

 

Крыніца – “СБ.Беларусь сегодня”. Л.Рублеўская

Апублікавана:
Праглядаў:
340