Размова напярэдадні Дня беларускага пісьменства

Размова напярэдадні Дня беларускага пісьменства

Намеснiк старшынi Магiлёўскага аблвыканкама Валерый Малашка расказаў «Звяздзе» пра тое, што было зроблена да Дня беларускага пiсьменства ў Бялынiчах. Свята адбудзецца 6 верасня.


Прыгожы ландшафт, знаёмы нам па карцiнах тутэйшага ўраджэнца, славутага мастака Вiтольда Бялынiцкага-Бiрулi, жылыя дамы жыццесцвярджальнага бела-жоўта-ружовага адцення, шыкоўны музей, якi цалкам змянiў сваё аблiчча, лiпавы гай, дзе цяпер ёсць усё для культурнага i аздараўленчага адпачынку гараджан. Бялынiчы сёння наогул не пазнаць. За год падрыхтоўкi да свята тут шмат чаго кардынальна памянялася, з'явiлiся новыя культурныя аб'екты, месцы для адпачынку, двары сталi больш утульныя, а будынкi — прыгожыя. Старшыня Нацыянальнага аргкамiтэта Дня беларускага пiсьменства, намеснiк Прэм'ер-мiнiстра Рэспублiкi Беларусь Iгар Петрышэнка ацанiў на нядаўнiм пасяджэннi гэтыя змены на выдатна. Пра тое, як iшла падрыхтоўка да свята, чым яно парадуе сваiх гасцей i ўдзельнiкаў, што зроблена для культурнага жыцця ў глыбiнцы, якiя iснуюць асабiстыя прыярытэты ў лiтаратуры — у размове з Валерыем Малашкам, намеснiкам старшынi Магiлёўскага аблвыканкама, а таксама старшынёй абласнога аргкамiтэта па падрыхтоўцы Дня беларускага пiсьменства ў Бялынiчах.

Удзельнікі аргкамітэту падчас падрыхтоўкі да Свята беларускага пісьменства. Фота Галіны ХІТРЫКАВАЙ.

Удзельнікі аргкамітэта падчас падрыхтоўкі да Дня беларускага пісьменства. Фота Галіны ХІТРЫКАВАЙ.

— Што ўнiкальнага зроблена? Шмат аб'ектаў, будынкаў, збудаванняў вельмi хутка набылi новае жыццё дзякуючы Дню беларускага пiсьменства, — кажа Валерый Анатолевiч. — Гэта матэрыяльная i нематэрыяльная спадчына свята. На мой погляд, мы вельмi ўдала зрабiлi з кiнатэатра «Зорка», якi быў да нядаўняга часу недазагружаны, медыяцэнтр для сямейнага адпачынку. Цяпер гэта дзве бiблiятэкi — дарослая i дзiцячая, а таксама 3D-кiназала, якая можа выкарыстоўвацца для розных, у тым лiку сямейных мерапрыемстваў. На Дзень беларускага пiсьменства ў гэтай кiназале будзе прадстаўлены монаспектакль Магiлёўскага абласнога тэатра ляляк «Сiняя-сiняя» па аднайменным апавяданнi Уладзiмiра Караткевiча, 90-гадовы юбiлей якога мы сёлета адзначаем. Тут жа адбудуцца паказы мастацкiх i мультыплiкацыйных фiльмаў па творах беларускiх класiкаў або прысвечаных iх дзейнасцi. У сценах медыяцэнтра будуць працаваць адначасова некалькi выставак, прысвечаных творчасцi i жыццёваму шляху Янкi Купалы, Уладзiмiра Караткевiча, Кузьмы Чорнага (сёлета мы адзначаем яго 130-гадовы юбiлей) i iншых пiсьменнiкаў.

— Па легендзе ўсё пачалося менавiта з iконы Бялынiцкай Божай Мацi, якую прывезлi на тутэйшую зямлю кiеўскiя манахi. Ззянне ад яе было такое, што ноччу асвяцiла мясцовасць як днём. Гэта i вызначыла назву будучага мястэчка. У Бялынiчах з'явiлася мноства звязаных з паходжаннем горада i яго шматгадовай гiсторыяй сiмвалаў. Якая работа зроблена для таго, каб гэта захаваць для нашчадкаў?

— Так. Анёл з iконай Бялынiцкай Божай Мацi перад медыяцэнтрам — гэта наогул вельмi сiмвалiчны вобраз. Шмат было варыянтаў, як гэта павiнна выглядаць, але ўсе яны паўтаралi сiмвалы, якiя ўжо ёсць, i вельмi лiтаральна трактавалi гiсторыю з'яўлення абраза. У рэшце рэшт быў знойдзены найлепшы варыянт — вобраз анёла ў выглядзе беларускай выцiнанкi з iконай Бялынiцкай Божай Мацi. Анёл зроблены з шэрага ўкраiнскага гранiту (як вядома, манахi ратавалiся ад нашэсця Батыя i плылi сюды з Кiева), а абраз, якi трымае анёл, з металу — усё гэта разам робiць кампазiцыю сiмвалiчнай i ўнiкальнай.

Бялынiччане нарэшце ўбачаць i той цудам захаваны кавалачак iх гiсторыi — фрэску ХVII стагоддзя «Нясенне крыжа» са знiшчанага ў савецкi час кармелiцкага манастыра. Увесь гэты час фрэска лiтаральна захоўвалася ў скрынях у разабраным выглядзе, i зараз мсцiслаўскi майстар вярнуў яе да жыцця. Яна зманцiравана ў асобнай зале «Духоўнасць». У гэтага бiблейскага сюжэта вельмi вялiкi сэнс — нясенне крыжа. Гэта датычыцца i ўсiх нас, нiхто iншы наш крыж не панясе, гэта павiнны рабiць толькi мы самi.

Сам раённы мастацкi музей прыкметна павялiчыўся ў памерах. Старшыня аблвыканкама Леанiд Заяц падтрымаў iдэю яго перабудовы, хоць для гэтага спатрэбiлася дадатковае фiнансаванне.

— Прэзiдэнт краiны неаднаразова звяртаў увагу на тое, што трэба ствараць умовы для жыцця ў маленькiх гарадах не горшыя, чым у Мiнску. Мяркуючы па той рабоце, якая была зроблена ў Бялынiчах, гэта якраз той выпадак.

— Увага да жыхароў маленькiх населеных пунктаў вельмi важная. Яшчэ Алена Аладава, работнiк культуры i мастацтва з вялiкай лiтары, дапамагла жонцы Вiтольда Бялынiцкага-Бiрулi прыняць важнае рашэнне — частку работ мастака пакiнуць у Магiлёве. Яны спецыяльна былi выдзелены для гэтага з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея. Яшчэ вобласцi была перададзена частка мастацкiх работ савецкага сацрэалiзму. На адваротным баку карцiн стаiць паметка, што гэта маёмасць Нацыянальнага мастацкага музея. Цяпер калекцыя размешчана ў Бялынiцкiм мастацкiм музеi ў асобнай зале. Вырашана таксама зрабiць бялынiцкi музей фiлiялам Магiлёўскага абласнога мастацкага музея iмя П.Масленiкава i абагульнiць iх фонды. Усё гэта робiцца наўмысна, каб выхоўваць у тутэйшых дзяцей любоў да прыгожага, да сваёй радзiмы. Бялынiцкая зямля наогул вельмi шчодрая на таленавiтых мастакоў. У музеi можна ўбачыць карцiны ўраджэнцаў Бялынiччыны Вiктара Альшэўскага i Ларысы Журавовiч.

Акрамя гэтага бялынiцкi музей пашырае свае магчымасцi i будзе дэманстраваць цяпер яшчэ i так званыя краязнаўчыя экспанаты, якiя адносяцца да археалогii i гiсторыi краю. Асобна трэба сказаць пра тэхнiчныя магчымасцi музея — ён аснашчаны сучаснымi сiстэмамi вентыляцыi, сродкамi вiдэакамунiкацыi, аховы — усiм тым, што трэба для дэманстрацыi твораў мастацтва любога ўзроўню, нават з сусветна вядомых музеяў. Тут створаны ўсе ўмовы для безбар'ернага асяроддзя.

У зале «Духоўнасць» будзе ўстаноўлены арган, каб праводзiць адпаведныя канцэрты i вечары. У планах — даць магчымасць вясковым дзецям навучыцца iграць на аргане. Музейная прастора стане месцам для адукацыi дзяцей, якiя мараць прысвяцiць сябе мастацтву.

— Раскажыце крыху пра святочную праграму, якiя мерапрыемствы адбудуцца ў рамках Дня беларускага пiсьменства. Хто тыя госцi, якiя завiтаюць на гэтае культурнае мерапрыемства?

— Галоўныя ўдзельнiкi свята — пiсьменнiкi, якiя прыедуць у Бялынiчы з розных абласцей. Запланаваны круглы стол з удзелам замежных лiтаратараў, фестываль кнiгi i прэсы, навукова-практычная канферэнцыя «Бялынiцкiя чытаннi», шмат iншых не менш цiкавых мерапрыемстваў, конкурсаў i фестываляў. На Iльiнскай гары, адкуль у старажытнасцi пачыналiся Бялынiчы, адбудзецца асвячэнне каплiцы.

Сцэнiчныя i тэматычныя пляцоўкi працягнуцца ўздоўж усёй вулiцы Савецкай аж да самага парку «Лiпавы гай». Магiлёўшчыну будзе прадстаўляць вялiкая пляцоўка «Лёс зямлi маёй праз слова», дзе восем тэматычных «старонак» наглядна прадэманструюць наш гiстарычны шлях ад радзiмiчаў да сённяшняга дня. Тут можна будзе пабачыць i берасцяную грамату, i Статут Вялiкага Княства Лiтоўскага, i карцiны прыдворнага мастака Мiкалая II, iншыя рарытэты. На галоўнай сцэне свята адбудзецца музычна-тэатралiзаваны паказ «Старонцы роднай пакланюся» з узнагароджаннем пераможцаў рэспублiканскага конкурсу кнiжных буктрэйлераў «Кнiга з экрана». Мы запрашаем на гала-канцэрт маладзёжна-патрыятычнай песнi, тэматычныя мерапрыемствы для дзяцей i моладзi, якiя цэлы дзень будуць праходзiць у парку i на стадыёне. Да паслуг гасцей i ўдзельнiкаў — гандлёвыя рады i пункты грамадскага харчавання, выстаўкi i майстар-класы. Аматарам народнай творчасцi раю наведаць шматпрофiльную пляцоўку «Свята з Бялынам». Дзецям цiкава будзе акунуцца ў казку на выстаўцы-кiрмашы «Вянок беларускiх казак». Але гэта яшчэ не ўвесь пералiк таго, што адбудзецца ў Бялынiчах. Прасцей прыехаць на свята i пабачыць усё сваiмi вачыма.

— Што асабiста для Вас значыць Дзень беларускага пiсьменства? Як паўплываў працэс падрыхтоўкi да такога маштабнага лiтаратурнага мерапрыемства асабiста на Вас? Якiм лiтаратурным творам наогул аддаяце перавагу?

— У працэсе падрыхтоўкi да Дня беларускага пiсьменства адбылася трансфармацыя асабiстай свядомасцi i адносiн да самога мерапрыемства. Хацелася б, каб тое, што зроблена, не растала нейкiм там воблачкам пасля таго, як усё скончыцца, а пакiнула пасля сябе нешта грунтоўнае. У Бялынiчах не было нiводнай плошчы, а цяпер iх дзве. Адна побач з музеем — манастырская i асветнiцкая — побач з аддзелам адукацыi. Плюс музей, медыяцэнтр i ўсё астатняе.

Што датычыцца асабiстых адносiн да лiтаратуры, магу сказаць без перабольшання — я ёй жыву. На жаль, усе менш часу для гэтага застаецца цяпер. Але я стараюся адсочваць навiнкi, якiя для мяне выбiрае мая другая палавіна. Яна чытае нашмат больш i добра ведае мой густ. Дома ў нас вялiкая бiблiятэка, зараз яна папаўняецца яшчэ i кнiгамi на электронных носьбiтах. На дзень нараджэння дзецi падарылi мне электронную кнiгу, дзе вельмi добрая падборка класiкаў i сучасных пiсьменнiкаў. Апошнiя некалькi гадоў я слухаю лiтаратуру нават у машыне. Нi адна далёкая паездка з сям'ёй не абыходзiцца ў нас без лiтаратурных твораў. Калi ездзiлi ў Прыбалтыку, праслухалi ўжо крыху прызабыты раман Льва Талстога «Вайна i мiр». Я чарговы раз захапiўся лiтаратурным талентам гэтага класiка. Атрымаў уражаннi i ад нашумелага рамана Гузель Яхiнай, тэлесерыял па творах якой нядаўна прайшоў. Гэта той час, частку якога захапiлi i мы. А зараз, дарэчы, слухаю ў машыне раман Уладзiмiра Караткевiча «Каласы пад сярпом тваiм». Гэта ўсё тая класiка, якую хочацца перачытваць не адзiн раз. 

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома “Звязда”.

Апублікавана:
Праглядаў:
287