Шлях пачынаецца з «Бярозкi»

Шлях пачынаецца з «Бярозкi»

Сучаснага падлетка прасцей уявіць са смартфонам у руках, чым з папяровым часопiсам. Тым не менш i сёння выходзяць часопiсы для падлеткаў, i ў iх ёсць свае чытачы. Адно з такiх выданняў — «Бярозка» — мае амаль векавую гiсторыю. Пра яго сённяшнi i заўтрашнi дзень мы гаворым з галоўным рэдактарам Кацярынай Захарэвiч.

— Наш часопiс — лiтаратурна‑мастацкi, самi мы яго вызначаем як «iнтэлектуальны падлеткавы глянец». Узроставая маркiроўка ў нас 12+. Цiкава, што лiтаратурныя творы нам больш прысылаюць вучнi 6 — 7-х класаў, а публiцыстычныя, журналiсцкiя — старшакласнiкi.


— Можа, i твой лiтаратурны дэбют адбыўся ў «Бярозцы»?

— Не, першая публiкацыя з’явiлася, калi ўжо я працавала тут рэдактарам аддзела. Але з пятага класа я «Бярозку» выпiсвала i вельмi любiла.

— Марыла, што яе ўзначалiш?

— Я тады ўвогуле не ведала, кiм хачу быць. А вось калi вучылася на чацвёртым курсе журфака i шукала месца для практыкi, патрапiла ў часопiс «Маладосць». Яго галоўны рэдактар Святлана Воцiнава працавала над аднаўленнем «Бярозкi» i прапанавала мне пайсцi туды. Пасля журфака я ў «Бярозку» i размеркавалася. Мне было дваццаць два гады, калi я стала галоўным рэдактарам.

— Цi плануеце пераходзiць у лiчбавы фармат?

— Вядома, гэта дало б нам новыя магчымасцi, але паўстае пытанне абнаўлення не раз на месяц, а як мага часцей. Адпаведна, гэта ўжо не рэсурс трох супрацоўнiкаў. У нас ёсць старонка на сайце Дома прэсы. Ёсць суполка ў Вконтакте. Але якую б вялiкую ролю нi адыгрываў iнтэрнэт, усё ж публiкацыя ў папяровым часопiсе, якi можна ўзяць у рукi, для пачынаючага аўтара вельмi важная.

— Як шукаеце чытачоў?

— Наведваем школы, гiмназii. Толькi ў вераснi было шэсць такiх сустрэч. У кастрычнiку плануем праехацца па Мiнскай вобласцi. Аб’явiлi конкурс з пачатку навучальнага года «Дзёрзкiя тэорыi беларускасцi» — прапанавалi чытачам прыдумаць, як маглi з’явiцца тыя цi iншыя выразы беларускай мовы. Таксама ў супрацоўнiцтве з пiсьменнiцай Ксенiяй Шталянковай з’явiўся конкурс дэтэктыўных гiсторый. Ксенiя ў рубрыцы «Практыкум» давала парады, як напiсаць дэтэктыў. Цяпер iх можна прымянiць на справе.

— Якая доля юных аўтараў на старонках?

— Шэсцьдзясят працэнтаў — аўтары‑школьнiкi. Увогуле, наш часопiс — гэта яшчэ i школа для падрыхтоўкi будучых журналiстаў. Я жартую, што ў мяне ўжо ёсць свой курс выпускнiкоў журфака, таму што за пяць гадоў, што я працую, увесь час прыходзiлi аўтары, якiя цi пасля паступалi на журфак, цi ўжо там вучылiся. Прыемна i тое, што сёння беларуская мова ў модзе, гэта трэнд.

— Успомнi самы незвычайны сюжэт маладога аўтара.

— Аповед ад iмя папяровага кубачка.

— А што наконт праблем падлеткавага ўзросту, пра якiя ў нас яшчэ не вельмi шчыра гавораць, — ад булiнгу да анарэксii?

— Бываюць i такiя тэксты, але не вельмi часта. Пра балючыя праблемы баяцца цi не ведаюць, як напiсаць. Хацелася б разглядаць iх не ў плане «як усё кепска», а «што рабiць, як выйсцi з сiтуацыi». У нас была рубрыка «Сiтуацыя +», якую вяла настаўнiца з Гродна Галiна Богдан, зараз прыдумваем падобную.

— Падлетак пераймае ўзоры знешнасцi, паводзiн, маркеры паспяховасцi з сацыяльных сетак. Як у такой сiтуацыi выхаваць густ?

— Чым добры iнтэрнэт — што дае варыянты выбару. Паралельна з флэшмобам «зрабi качыныя вусны» з’явiлася вялiзная колькасць пародый на «гламур». Паралельна з фiтаняшкамi ў Iнстаграме з’явiўся бодзiпазiтыў. Наконт выхавання густаў — мы прапаноўваем ацанiць масавую культуру ў кантэксце. Святлана Курганава ў рубрыцы «Праектар» на прыкладзе фiльма пра новага Чалавека‑Павука разглядае ролю падлетка ў сучасным грамадстве. Тэкст называецца «Што ты павiнен рабiць: думаць пра будучыню i ратаваць свет цi думаць пра будучыню i пiсаць ЦТ?». Мы даём рэальныя арыенцiры. У рубрыцы «Праект» Галiна Богдан расказвае, як падлетку можна стварыць уласны праект — камерцыйны цi некамерцыйны. У рубрыцы «Iнiцыятыва» прапануем цiкавыя iнiцыятывы, да якiх можна далучыцца, — напрыклад, фотапраект «Веха». Даём свае маркеры паспяховасцi — у кожным нумары ў рубрыцы «Гiсторыя поспеху» прадстаўляем цiкавую асобу. Мы лiчым, што поспех — гэта калi чалавек займаецца любiмай справай i прыносiць гэтым карысць. Прадставiлi рэжысёра Алену Тураву, пiсьменнiцу Маргарыту Латышкевiч, мастачку i батлеечнiцу Надзею Якаўлеву, аўтара фэнтэзi «Ключ дарог» Лiлiю Iлюшыну, шаснаццацiгадовага стэндап‑комiка, якi стварыў уласны квiз.

— Я ведаю, што ў часопiса ёсць жывы талiсман — кот Персiк…

— Так. Аднойчы залезла ў акно рэдакцыi рудое кацяня. Нейкi час мы звалi яго Падбярозавiк. Пакуль не спынiлiся на мянушцы Персiк. Зараз жыве ў мяне дома i вырас у ладнага ката.

— Ты нядаўна выдала сваю першую кнiжку — фэнтэзi для падлеткаў «Час вогненнага птушкалова».

— Водгукаў было нечакана многа, розных. Зараз пiшу iншую аповесць, яе гераiня ўжо дарослая, ёй 23 гады. Яна пачынае разумець, што дарослае жыццё адрознiваецца ад фiльмаў i свет не падзяляецца на чорное i белае.

— Што хацела б сказаць галоўны рэдактар «Бярозкi» Кацярына Захарэвiч патэнцыяльным аўтарам?

— Шаноўныя юныя аўтары! Калi вы пiшаце вершы цi апавяданнi, заўсёды можна звярнуцца па кансультацыю ў рэдакцыю цi напiсаць асабiста мне ў Вконтакте. Што тычыцца журналiсцкiх твораў, цудоўна, калi аўтар прыходзiць са сваiмi тэкстамi, але калi не ведаеце, пра што напiсаць, мы падбяром тэму. Прыходзьце i для таго, каб навучыцца ўспрымаць крытыку, зразумець патрабаваннi рэдактараў. Нам дасылаюць шмат стэрэатыпных твораў. Мы пастараемся патлумачыць, як адасобiцца ад штампаў, быць шчырымi, шукаць незвычайныя вобразы i сюжэтныя хады.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома “Беларусь сегодня”

Апублікавана:
Праглядаў:
722