Сiла памяцi

Сiла памяцi

На наступным тыднi на тэлеканале «Беларусь 3» пакажуць дакументальную стужку Саюзнай дзяржавы «Ржэў. 500 дзён у агнi», а госцем праграмы «Кадры жыцця» стане юбiляр, рэжысёр-анiматар Iгар Волчак.

Дакументальная стужка пра трагiчныя падзеi Вялiкай Айчыннай вайны «Ржэў. 500 дзён у агнi», знятая па заказе i пры падтрымцы Саюзнай дзяржавы, стане сапраўднай сенсацыяй, даступнай беларускiм тэлегледачам. Нагадаем, нейкi час назад фiльм сутыкнуўся з абмежаваннямi вiдэахостынгу YouTube i быў заблакiраваны. Але Белтэлерадыёкампанiя знайшла выхад i прыняла рашэнне паказаць фiльм па тэлебачаннi. Глядзiце яго ў эфiры 22 мая. Ну а крыху раней, 18 мая, запрашаем далучыцца да праграмы «Кадры жыцця». Госцем новага выпуску стане вядомы рэжысёр-анiматар, заслужаны дзеяч мастацтваў Iгар Волчак. 

Бiтва, пра якую доўга маўчалi

Раней пра Ржэўскую бiтву казаць было не прынята, бо трыумфальнай яна не стала. Нягледзячы на загад вызвалiць стратэгiчна важны пункт ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў за тыдзень, баi працягвалiся больш за год. Па лiку ахвяр бiтва пад Ржэвам адна з самых кровапралiтных не толькi за ўсю гiсторыю Вялiкай Айчыннай вайны, але i наогул за гiсторыю чалавецтва. У баях за Ржэў загiнула 1 мiльён 324 тысячы чалавек. I толькi летась подзвiг савецкiх салдат быў увекавечаны. У Ржэўскiм раёне Цвярской вобласцi адкрылi помнiк загiнулым у баях пад Ржэвам. У цырымонii адкрыцця мемарыяльнага комплексу ўзялi ўдзел кiраўнiкi дзяржаў Беларусi i Расii. Такая ўвага да гiсторыi — яшчэ адзiн доказ: наша сiла ў памяцi.

Фiльм, распавядаюць яго аўтары, пазнаёмiць гледачоў з гiсторыяй ваенных дзеянняў амаль 80-гадовай даўнасцi. Цiкавыя кадры ваеннай хронiкi, iнтэрв’ю з экспертамi, каментарыi гiсторыкаў i ўспамiны ўдзельнiкаў бiтвы. За кожным з фактаў рэальныя лёсы. У гледачоў будзе шанц пачуць апошняе iнтэрв’ю генерал-маёра ў адстаўцы, ваеннага лётчыка Аляксея Рапоты, якi прымаў удзел у бiтве. Менавiта ён яшчэ ў савецкi час першым пачаў гаварыць пра тое, што паставiць помнiк савецкаму салдату пад Ржэвам — наш святы абавязак, абавязак памяцi.

Пачуюць гледачы i гiсторыю франтавiка, ганаровага грамадзянiна Цвярской вобласцi Iвана Яўгенавiча Кладкевiча. Ён расказаў здымачнай групе пра баi, жахi якiх так доўга хацеў забыць… Баi вялiся з 5 студзеня 1942 года, калi камандаваннем быў дадзены загад вызвалiць Ржэў за тыдзень. Але атрымалася гэта толькi 21 сакавiка 1943 года… Па розных ацэнках, на палях гэтай бiтвы загiнулi, былi паранены або прапалi без вестак больш за мiльён абаронцаў Айчыны. Рэкi крывi — гэта не моўны эпiтэт, а сапраўдная рэальнасць тых баёў. 

30 чэрвеня 2020 года быў адкрыты Ржэўскi мемарыял Савецкаму салдату. Ён узводзiўся на сродкi з бюджэту Саюзнай дзяржавы i на народныя ахвяраваннi. Стваральнiкамi помнiка сталi скульптар Андрэй Карабцоў i архiтэктар Канстанцiн Фамiн.

Кампазiтар i мастак 

У аўторак 18 мая госцем праграмы «Кадры жыцця», што выходзiць на «Беларусь 3», стане рэжысёр-анiматар Iгар Волчак, якому ў гэты дзень споўнiцца 75 гадоў. Мала хто ведае, але адзiн з самых цiкавых беларускiх кiнамайстроў атрымаў першы дыплом… у Беларускай дзяржаўнай кансерваторыi, якую ён скончыў у 1970 годзе па класе фартэпiяна. I пачынаў Волчак менавiта як музыкант — пiсаў музыку да мультфiльмаў. З часам анiмацыя так захапiла Iгара Вiктаравiча, што ён паступiў на Вышэйшыя рэжысёрскiя курсы ў Маскве, дзе вучыўся ў знакамiтага Юрыя Нарштэйна. 

На пачатку 1980-х Волчак стаў кiнарэжысёрам. Як мультыплiкатар i кампазiтар плённа працуе дагэтуль. За сорак гадоў на «Беларусьфiльме» Iгар Волчак стварыў больш за трыццаць анiмацыйных стужак, сярод якiх — «Пра Ягора, пра варону…», «На золку ў двары», «Капрычыа», «Аповесць мiнулых гадоў», «Ваўчышка» i цыкл мультфiльмаў пра Несцерку. Хто з яго герояў самы любiмы, чаму анiмацыя ў рэшце рэшт перамагла музыку, i наогул, цi сур’ёзная справа мульцiкi? Пра ўсё гэта рэжысёр абавязкова раскажа гледачам «Беларусь 3» у блiжэйшы аўторак. 

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах СБ «Беларусь сегодня».
Апублікавана:
Праглядаў:
451