Слова і спадчына

Слова і спадчына

Гэтая ўрачыстасць — кульмінацыя для літаратараў, калі яны, як іншыя грамадзяне на Новы год, падводзяць вынікі сваёй творчай працы. Па сутнасці, такія падзеі за год дзве — таксама Міжнародная нацыянальная кніжная выстава, якая зазвычай праходзіць узімку, тым не менш да яе ўжо цяпер рыхтуемся па поўнай праграме. У Саюзе пісьменнікаў Беларусі каля 700 сяброў у розных рэгіёнах, самае багатае па колькасці — сталічнае аддзяленне, тут каля 300 удзельнікаў. Больш за 20 тысяч сустрэч у школах, бібліятэках, на самых розных пляцоўках праводзяць аўтары штогод, а таксама выдаюць каля 250 кніг. Пра нацыянальнае свята, якое сёння і заўтра пад сваім крылом на старажытнай капыльскай зямлі з’яднае ўсіх ахвотнікаў, пра сучасную беларускую літаратуру — у размове з першым намеснікам старшыні СПБ Аленай Стэльмах.

–У  вялікім настроі збіраемся на свята, бо яно ўрачыстае і чаканае. Калі ў чарговай сталіцы яго правядзення гучаць фанфары закрыцця, пачынаем рыхтавацца да наступнага года і зноў едзем у адметны горад нашай краіны. Здавалася б, усюды людзі жывуць звычайным жыццём, але калі глыбей прасякнуцца — дзівімся спадчыне. На Капыльшчыне адкрываем алею ў гонар 54 мясцовых пісьменнікаў, мовазнаўцаў, літаратараў, многія з якіх знакамітыя: Кузьма Чорны, Анатоль Астрэйка, Адам Русак, Уладзімір Сыракомля… Цішку Гарт­наму ўрачыста адкрыецца адноўлены помнік. Багатая літаратурная спадчына капыльскай зямлі сведчыць пра вялікі ўнёсак яе сыноў у айчынную літаратуру. Гэты край можна па праве лічыць крыніцай натхнення. У Капылі збяруцца пісьменніцкія дэлегацыі з кожнай вобласці — больш за сто чалавек. Яны заўсёды ахвотна наведваюць нацыянальнае свята, каб наталіцца духоўнасцю, пасля чаго, як правіла, пішуцца новыя творы, — пераканана Алена Стэльмах.

Творчыя праграмы, якія прывязуць з сабой абласныя аддзяленні саюза, складаюцца з вершаў і песень, перш за ўсё патрыятычных, прысвечаных народнаму адзінству. Не сакрэт, што слова валодае вялікай сілай і, як сведчыць Біблія, узнікла ў свеце першым. Таму творцы стараюцца, каб яно яднала людзей, служыла дабру. Гэта пацвярджаюць кнігі, аўтары якіх намінанты ці лаўрэаты Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Калі нехта з вас, шаноўныя чытачы, не ведае, што пачытаць, то вось яна, слушная літаратура. Сёлета пададзена больш за 60 работ на ўдзел у конкурсе, пераможцаў адбіралі па намінацыях: паэзія, проза, публіцыстыка, крытыка і літаратуразнаўства, драматургія, кнігі для юнацтва і дзяцей, дэбют. Актыўна ўключыліся ў спаборніцтва журналісты.

Раман «Парыж, Эйфелева вежа і…» Віктара Праўдзіна перамог у намінацыі «Проза». Твор пра наш супярэчлівы час, пра сельскае жыццё, куды прыходзіць камерцыя, іншыя сумніўныя выгоды, але тутэйшы чалавек усё роўна трымае марку і галаву высока. Пачынаецца раман банальнай гісторыяй. Галоўны герой Алесь Гурскі вяртаецца з камандзіроўкі, жонка Люся ў гэты дзень яго не чакала... Напоўніцу разгортваецца жыццё сялян, бізнесоўцаў, кіраўнікоў, ідзе развага пра чалавечыя адносіны, апантаную працу сапраўдных хлебаробаў. Кропка гісторыі ставіцца… у  Парыжы! Пра падрабязнасці даведаецеся самі.

Дасведчаныя кажуць, што проза — гэта падмурак літаратуры, калі яна ёсць, то і літаратура жыве. Многа добрых слоў і ўражанняў у журы выклікаў новы раман Андрэя Федарэнкі «Жэтон на метро», дзе арыгінальна разгортваецца вечны сюжэт злачынства і пакарання. У анатацыі напісана, што знешне нібыта працягваецца прыгодніцкая тэма дзвюх яго папярэдніх кніг — «Афганскай шкатулкі» і «Шчарбатага талера» (паводле апошняй на «Беларусьфільме» зняты міні-серыял).

Алесь Камароўскі на Нацыянальную літаратурную прэмію прадставіў раман «Крутагор’е». Пачынаецца ён з перамогі ў бітве першага князя ВКЛ Міндоўга над мангола-татарскім ханам Койданам у 1249 годзе. А заадно ўздымае філасофскія пытанні падчас таго, як сучаснік шукае скарб пазамінулага стагоддзя. Аднак галоўнае — яго грамадзянская пазіцыя, дачыненне да сучасных праблем чалавецтва. Мроіць, што ляціць над Зямлёй і быццам бы бачыць глыбокія яе правалы, здагадваецца, «што там некалі былі вялікія радовішчы нафты, газу, вугалю… Мне ўяўлялася Зямля, як паўспушчаны мяч, з якога многа забралі, выкачалі, а нічым не запоўнілі… Браць, не думаючы пра гэты апустошаны шарык, на якім ляціш у таямніцы Сусвету… Я ляцеў над акіянамі, новымі кантынентамі… Мне здавалася, а мо бачылася, як войны сцелюць хвост смерці між народамі, як голад і эпідэміі ставяць на пустках крыжы і камяні. Дзеля чаго, за што, для каго? Чалавек знішчае чалавека, уладар прыроды губіць прыроду, а прырода — землятрусы, цунамі, пажары, віхуры, паводкі — помсціць чалавеку…»

– Важна, каб гэтыя кнігі знайшлі свайго чытача, запалі яму ў душу, запомніліся і паўплывалі на далейшы жыццёвы выбар, — заўважае Алена Стэльмах. — У намінацыі «Паэзія» перамог Віктар Шніп з кнігай «Белае, чорнае і залатое». У ёй вершы пра гісторыю Беларусі, пра людзей, якія сталі нашым гонарам, белыя філасофскія творы, хоку. У цэлым кніга пра тое, што было, ёсць і будзе.

«Белае — гэта чыстая папера, зіма, кужаль... Чорнае — гэта зямля, ноч, вуголле... Залатое — гэта спелае збожжа, зоры, пясок... У белым ёсць чорнае, а ў чорным ёсць белае, і ўсё гэта знітаванае залатым...» — калі дакладней, то менавіта так тлумачыць назву выдання аўтар.

Лепшую публіцыстыку, па меркаванні журы, прадставіў Аляксандр Радзькоў. Разглядаліся дзве яго кнігі ў гэтай намінацыі. «Мой физмат» пра матэматыкаў і фізікаў, традыцыі, дасягненні і перспектывы фізіка-матэматычнай адукацыі ў нашай краіне. У кнізе «Дискретный подход к наблюдению жизни» — нарысы пра вайсковую і дзяржаўную службу, уражанні ад сустрэч і гутарак з вядомымі палітыкамі, высокімі кіраўнікамі, вучонымі, пісьменнікамі, артыстамі і спартсменамі. Як па мне, то гэта кампетэнтны погляд збоку, які абавязкова зацікавіць нават самага раўнадушнага.

— Лепшым творам літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства стала кніга «Пухавіччына. Літаратурнае гняздо Беларусі» Алеся Карлюкевіча. Гэта сапраўдная літаратурна-краязнаўчая энцыклапедыя. На прыкладзе аднаго рэгіёна Беларусі разглядаецца ўзаемасувязь мясцовасці і творчасці, — тлумачыць Алена Стэльмах.

Самы цікавы твор для дзяцей і юнацтва за леташні год прыдумала Валянціна Паліканіна. Адзначана яе кніга «Всех сильнее доброта» — тут пацешныя гісторыі і прыгоды, шмат ілюстрацый. Лепшай дэбютанткай стала Кацярына Стройлава з выданнем «Навстречу любви». Між тым не толькі і не столькі інтымная лірыка склала аснову, любоў — маецца на ўвазе пачуццё да ўсяго прыгожага, таемнага і святога. Так-так, менавіта святога, бо многа твораў рэлігійных.

Да свята беларускага пісьменства падрыхтавалася, бадай, кожнае айчыннае выдавецтва. «Беларуская Энцыклапедыя» можа пахваліцца доўгачаканай навінкай пра дзіцячых пісьменнікаў, дзе іх успаміны пра маленства, фотаздымкі, візітоўныя творы. Для таго каб падрастаючае пакаленне ведала, каго чытае ў школьнай праграме.

– Літаральна нядаўна напісала казку «Папяровы самалёцік», якая таксама трапіла ў гэтую кнігу, — адгортвае сваю любімую старонку Алена Стэльмах. — Усяго 24 аўтары, у іх ліку Кацярына Хадасевіч-Лісавая, Міхась Пазнякоў, Уладзімір Ліпскі, Сяргей Клімковіч, Мікола Чарняўскі, Іван Муравейка… Тут іх выказванні на самыя розныя тэмы, мудрыя і карысныя думкі. Ведаю, у гэтай кнігі шчаслівы лёс, будзе многа чытачоў, бо яна надзённая. Наогул, зацікаўленасць дзяцей чытаннем — найвялікшы клопат усіх пісьменнікаў. Мы радуемся, што дзіцячая літаратура актыўна развіваецца, запатрабавана на роднай мове, кніжкі купляюць, з’яўляюцца новыя аўтары. Заахвочванне кнігай робіць з юнага грамадзяніна асобу, а каштоўнасці, укладзеныя ў літаратуру, уплываюць на выхаванне чалавека. Хто чытае і валодае інфармацыяй — той кіруе светам, — пераканана Алена Стэльмах.

Сёння, у першы дзень свята беларускага пісьменства, адбудзецца круглы стол з удзелам аўтараў больш чым з 10 краін. Пра што будзе гутарка? Перш за ўсё пра працяг міжнароднага творчага супрацоўніцтва, якое выражаецца ў самых розных праектах, кнігах. Так, у Міхася Пазнякова нядаўна выйшла кніга ў Сірыі, перакладзеная на сірыйскую мову, Святлана Быкава можа пахваліцца сваімі перакладамі ў Рэспубліцы Крым, дзіцячая кніга Алены Стэльмах выдадзена ў Кабардзіна-Балкарыі. З Казахстанам выйшаў альманах, у якім прадстаўлена творчасць класікаў і сучасных аўтараў абедзвюх дзяржаў. З гэтай краінай задуманы праект па дзіцячай літаратуры.

— Такой супрацай узаемаабагачаем культуры нашых народаў, бо на гэтай зямлі нам няма чаго дзяліць: ядзім той самы хлеб, п’ём тое самае віно, для ўсіх свеціць адно сонца, у кожнай сям’і адны і тыя ж каштоўнасці — дабрабыт і мір, — рэзюмуе Алена Стэльмах.

А значыць, і патрабаванні да асобы сучаснага пісьменніка таксама аднолькавыя. Ён павінен смела сустракацца з людзьмі, адкрыта глядзець ім у вочы, ведаць грамадска-палітычную сітуацыю, мець грамадзянскую пазіцыю, скіраваную на адзінства і стварэнне. Слова мацуе дзяржаву і народ, бо менавіта яно было ад пачатку…

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах “СБ. Беларусь сегодня”
Апублікавана:
Праглядаў:
525