Студэнты з Гомеля стварылі сваё тэлебачанне

Студэнты з Гомеля стварылі сваё тэлебачанне

Гомельскія студэнты стварылі сваё тэлебачанне - перамога ў міжнародным праекце дазволіла набыць дарагую тэхніку, сабралі каманду крэатыўшчыкаў і пачалі здымачны працэс. І гэта пры тым, што ў гандлёва-эканамічным універсітэце факультэта журналістыкі няма. Сёння ў сетцы вяшчання ВНУ - некалькі праграм. У планах журналістаў-аматараў - прайсці стажыроўку ў прафесіяналаў і ўвасобіць новы тэлепраект. З новаспечанымі калегамі пазнаёмілася Ганна Кавалёва.

На здымачнай пляцоўцы хоць і дылетанты, але падыход да справы сур'ёзны. Тэлестудыю стварылі нядаўна. Пачыналася ўсё з газеты. У мінулым жа годзе з прыходам першакурснікаў у ВНУ прыйшлі і новыя ініцыятывы: стварыць свой студэнцкі тэлеканал. Светлавое абсталяванне, лічбавая фотакамера, прафесійная відэаапаратура - усё атрымалася купіць дзякуючы ўдзелу ВНУ ў міжнародным праекце. Зараз у творчай брыгадзе 5 чалавек: аператар, рэжысёр, вядучыя і карэспандэнты.

Усяго ва ўмоўнай сетцы вяшчання - некалькі праграм: акрамя ток-шоу, дайджэсты навін, апытанні студэнтаў. Рыхтуюць і эфірныя версіі ўніверсітэцкіх канцэртаў і конкурсаў. Крэатыўная каманда спасцігае усё самастойна, метадам спроб і памылак, хоць і прызнаецца: у будучыні хацелася б прайсці стажыроўкі на мясцовых тэлеканалах.

Зараз гледачы тэлеканала - гэта ўсё студэнты ВНУ: праграмы транслююць на галоўныя экраны па ўсім універсітэце. Частка аўдыторыі сочыць за тэлежыццём альма-матэр у Інтэрнэце, на афіцыйным ютуб-канале. Вядома, для большасці тэлеактыва стварэнне кантэнту - магчымасць займацца творчасцю, але кіраўніцтва ВНУ бачыць у гэтым больш шырокія мэты.

Дарэчы, бліжэйшыя планы студэнцкага тэлебачання - пашырыць сетку вяшчання і асвоіць новыя жанры. Так, праз пару месяцаў здымачная брыгада прэзентуе новую праграму ў жанры інтэрв'ю, дзе пытанні будуць задаваць студэнты, а вось адказваць на іх, насуперак класіцы, будуць выкладчыкі.



Па матэрыялах Белтэлерадыёкампаніі (www.tvr.by)
Апублікавана:
Праглядаў:
1 068