Сустрэча з дэлегацыяй пекінскага выдавецтва

Сустрэча з дэлегацыяй пекінскага выдавецтва

У Міністэрстве інфармацыі Рэспублікі Беларусь адбылася сустрэча з дэлегацыяй Выдавецтва метадычнай і навуковай літаратуры Пекінскага дзяржаўнага ўніверсітэта замежных моў.

У рабочай сустрэчы з беларускага боку прынялі ўдзел міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч, намеснік міністра Ігар Бузоўскі, дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак. На пачатку размовы абмяркоўвалася рэалізацыя праекта па выданні серыі кніг «Ключавыя канцэпты кітайскай думкі і культуры». Першая кніга (а ўсяго мяркуецца выдаць дзевяць зборнікаў), якая носіць падзагаловак «Прэса па даследаванні і вывучэнні замежных моў», ужо пабачыла свет на беларускай і кітайскай мовах у выдавецтве «Мастацкая літаратура». Перакладчыкі — Вольга Гальпяровіч, Раман Несцяровіч.

Таксама падчас рабочай сустрэчы, як пра перспектыву на заўтра, абодва бакі вялі гаворку аб стварэнні рэдакцыі кітайскай літаратуры ў выдавецтве «Мастацкая літаратура». Кітайскія выдаўцы засведчылі і сваю цікаўнасць да прадстаўлення ў КНР беларускай мастацкай літаратуры. У сувязі з гэтым яны чакаюць аўтарытэтных, экспертных падказак з беларускага боку.

У праграме візіту кітайскай дэлегацыі — рабочыя перагаворы ў выдавецтвах «Народная асвета», «Вышэйшая школа», «Адукацыя і выхаванне», Выдавецкім доме «Звязда».

Апублікавана:
Праглядаў:
601