Сустрэча з пісьменнікам, або як зрабіць урок чытання любімым

Сустрэча з пісьменнікам, або як зрабіць урок чытання любімым

«Сустрэча з пісьменнікам, або Як зрабіць урок чытання любімым» – кніга, падобнай на якую ў Беларусі яшчэ не было. Яна нарадзілася з унікальнага праекта, што здзяйсняе на працягу некалькіх гадоў педагог, метадыст, выкладчык ВНУ Ірына Буторына. Разам са студэнтамі – будучымі настаўнікамі пачатковых класаў – яна праводзіць у школах урокі літаратурнага чытання, на якія запрашаюцца беларускія пісьменнікі. На пытанні, якія найчасцей задаюць на такіх сустрэчах дзеці,  адказвалі ў сваіх эсэ сучасныя дзіцячыя пісьменнікі – Уладзімір Ліпскі, Раіса Баравікова, Уладзімір Ягоўдзік, Алена Васілевіч, Ніна Галіноўская, Наталля Бучынская, Кацярына Хадасевіч-Лісавая, Надзея Ясмінска  – усяго дваццаць чатыры творцы!  Атрымаліся цудоўныя аўтабіяграфічныя эсэ – падарожжы кожнага ў пару свайго маленства, сталення, супольная вандроўка з чытачом па дарогах жыцця. Выдатны матэрыял, з дапамогай якога лягчэй знаёміць дзяцей са светам беларускай дзіцячай літаратуры, бо апроч мастацкіх тэкстаў, як паказвала практыка праекта, юным чытачам надзвычай цікава знаёмства з аўтарамі. Такім чынам, гэта кніга аўтабіяграфічных эсэ, створаных беларускімі дзіцячымі пісьменнікамі на запыт сваіх адрасатаў – юных чытачоў.


У кнізе таксама ёсць хрэстаматыйны складальнік – мастацкія тэксты кожнага аўтара. Выданне аздоблена партрэтамі пісьменнікаў, іх аўтографамі, у афармленні выкарыстаны вокладкі асноўных кніг творцаў, а перайшоўшы па QR-коду, можна пазнаёміцца са спісам кніг для дзяцей кожнага аўтара і паглядзець відэафільмы пра дванаццаць пісьменнікаў.


Кніга адрасавана найперш педагогам і бібліятэкарам, але яна зацікавіць і шырокае кола чытачоў, бо складаецца з матэрыялу ўнікальнага, эксклюзіўнага і вельмі неабходнага. Яна будзе выдатным памочнікам у арганізацыі і правядзенні як цікавых урокаў літаратурнага чытання, так і заняткаў і сустрэч у бібліятэцы.


Выданне мае цудоўна распрацаваныя метадычныя парады, якія вылучае творчы падыход да справы і любоў да дзіцячай кнігі.

Аўтары гэтай кнігі спадзяюцца, што першае выданне «Сустрэчы з пісьменнікам…» стане і першым крокам да стварэння шэрага аналагічных кніг, бо беларуская дзіцячая літаратура вельмі багата на цудоўных пісьменнікаў і  выдатныя творы.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі».

Апублікавана:
Праглядаў:
319