У выдавецтве “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” выйшла кніга “Лібрэта опер Станіслава Манюшкі"
Выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” запрашае ўсіх аматараў музыкі, гісторыі беларускай літаратуры і культуры на святочную імпрэзу, прысвечаную выхаду ў свет кнігі “Лібрэта опер Станіслава Манюшкі”, што адбудзецца 12 сакавіка 2020 года а 16-й гадзіне ў Доме кнігі "Светач"(г.Мінск, праспект Пераможцаў, 11, 2-і паверх).
Кніга “Лібрэта опер Станіслава Манюшкі” ўводзіць чытача ў свет тэкстаў – літаратурных першаасноў сцэнічных твораў кампазітара. У кнізе прадстаўлены сем перакладаў лібрэта опер Манюшкі на беларускую мову, пададзеныя ў парадку іх прэм’ерных паказаў: ад аперэтак і вадэвіляў на словы А.Корвін-Мілеўскага «Латарэя» (1841) і «Карманьёл, альбо Французы любяць жартаваць» (1842), праз віленскую канцэртную пастаноўку “Галькі” пяра Уладзіміра Вольскага (1848), мінскую “Ідылію” аўтарства Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча (1852), паваротную ў кар’еры кампазітара прэм’еру 4-х актавай “Галькі” (1858) да варшаўскіх спектакляў «Слова гонару» (1861) і “Страшны двор” («Зачараваны замак») на лібрэта Яна Хянцінскага (1865).
У кнізе чытач знойдзе для сябе нямала адкрыццяў – таго, што акрэсліваецца такім спакуслівым для цікаўных айчыннай гісторыі і мастацтва словам “упершыню”. Па-беларуску ўпершыню выдаецца большасць з прадстаўленых у кнізе лібрэт оперных твораў Манюшкі: у свой час свет пабачылі толькі купалаўскія пераклады “Ідыліі” (супольна з Язэпам Лёсікам) і 4-х актавай “Галькі”. У шэрагу першадрукаў аказаўся нават тэкст лібрэта “Страшны двор” у перакладзе Максіма Танка, нягледзячы на тое, што ў 2006–2012 гадах выйшаў поўны 13-томны збор твораў пісьменніка.
Упершыню кніга знаёміць чытача не толькі з мастацкімі тэкстамі, але таксама з кароткімі жыццярысамі чатырох лібрэтыстаў Станіслава Манюшкі, з якімі ён супрацоўнічаў непасрэдна, а значыць мог уплываць на драматургію твораў і папулярызацыю уласных музычна-тэатральных ідэй. Сумесная творчасць кампазітара з прадстаўленымі ў кнізе аўтарамі лібрэта адбывалася акурат у трох розных гарадах-сталіцах сённяшніх Літвы, Беларусі і Польшчы, для сцэн якіх кампазітар пісаў свае оперныя творы. Са сваім равеснікам, маладым графам і літаратарам Аскарам Корвін-Мілеўскім кампазітар працаваў у першыя гады жыцця ў Вільні.
Сумесны праект напісання “Ідыліі” з Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам нарадзіўся ў выніку даволі працяглых перыядаў побыту кампазітара ў Мінску напачатку 1840-х гадоў. Візіт у Варшаву для пастаноўкі “Латарэі” ў 1846 г. прывёў Станіслава Манюшку да знаёмства з пісьменнікам і драматургам Уладзімірам Вольскім, плёнам супрацоўніцтва з якім сталі оперы “Галька” і “Графіня”. Ужо пасля пераезду кампазітара ў Варшаву ажыццяўлялася праца са спеваком і рэжысёрам Янам Хянцінскім – аўтарам лібрэта опер «Слова гонару» і «Страшны двор».
У кнізе “Лібрэта опер Станіслава Манюшкі” прадстаўлены не толькі пераклады тэкстаў твораў: кніга максімальна поўна пазнаёміць нас з беларускімі пастаноўкамі опер, з афішамі іх прэм’ер, імёнамі спевакоў-выканаўцаў галоўных роляў, дырыжораў і рэжысёраў. Багаты ілюстратыўны матэрыял – фотаздымкі з прэм’ерных спектакляў – дазволіць пагрузіцца ў атмасферу манюшкаўскага тэатра на беларускіх сцэнах. Чытач зможа пабачыць і выявы тэатральных будынкаў, у якіх адбываліся прэм’ерныя паказы оперных спектакляў кампазітара.
У кнізе ўпершыню друкуецца і нядаўна знойдзены фрагмент рукапісу дуэта Юліі і Караля з ІІ акта славутай “Ідыліі”: перакрэслены крыж-накрыж, ён аказаўся змешчаны на адвароце аркуша са спевам Камісара “Мая люба”. Дагэтуль з першай оперы, дзе гучала беларуская мова, быў вядомы толькі клавір вышэйназванага нумару, а таксама сцэна Навума Прыгаворкі з фіналу І акта оперы, рэканструяваная паводле ўзгадкі беларускіх песень у лібрэта і аўдыязапісу Стэфаніі Сасноўскай.
Святлена Немагай
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах выдавецтва “БелЭн”.