Удзел беларускіх кнігавыдаўцоў у XIII Міжнароднай кніжнай выстаўцы-ярмарцы ў Туркменістане і Мальтыйскім міжнародным кніжным фестывалі

Удзел беларускіх кнігавыдаўцоў у XIII Міжнароднай кніжнай выстаўцы-ярмарцы ў Туркменістане і Мальтыйскім міжнародным кніжным фестывалі

Прэс-канферэнцыя па выніках удзелу беларускіх кнігавыдаўцоў у XIII Міжнароднай кніжнай выстаўцы-ярмарцы ў Туркменістане і Мальтыйскім міжнародным кніжным фестывалі адбылася 13 лістапада ў прэс-цэнтры Дома прэсы.

5 - 6 лістапада 2019 года ў сталіцы Туркменістана - г.Ашхабадзе - праходіла XIII Міжнародная кніжная выстаўка-ярмарка і канферэнцыя «Кніга – шлях супрацоўніцтва і прагрэса». У гэтым годзе ў форуме прымалі удзел прадстаўнікі 16 краін свету, у тым ліку і дэлегацыя з Беларусі.

«На міжнародных кніжных выстаўках трэба бываць і не проста бываць, а прадстаўляць нашу краіну», – адзначыў начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрыевіч. «У век новых тэхналогій трэба сачыць за сучаснымі тэндэнцыямі ў кнігавыдавецкай дзейнасці, і тут у дапамогу будзе наведванне кніжных выставак», – падкрэсліў ён. Так, напрыклад, кнігі ў Туркменістане аздоблены вялікай колькасцю фотаздымкаў, маюць багаты знешні выгляд у параўнанні з мальтыйскімі выданнямі, дзе менш увагі надаецца каляроваму аздабленню кніг. Беларускія выдавецтвы на выстаўцы ў Ашхабадзе прадставілі свае лепшыя выданні, і як вынік, нашы кнігі атрымалі 5 дыпломаў з 7 прадстаўленых намінацый.

Намеснік дырэктара РВУ «Выдавецкі дом «Звязда» – галоўны рэдактар  газеты «Літаратура і мастацтва» Аляксей Чарота адзначыў, што ў Туркменістане цікавяцца нашай краінай, і беларуская дэлегацыя змагла дастойна прэзентаваць Беларусь, расказаўшы пра яе праз свае выдавецкія праекты,  а таксама ў інтэрв’ю журналістам туркменскіх СМІ.

прэс-канф.2.jpg

Двухбаковая зацікаўленнасць паміж кнігавыдаўцамі Беларусі і Туркменістана існуе, і, магчыма, у хуткім часе будзе наладжана пастаўка туркменскай літаратуры ў беларускія кнігарні. Пра гэта і асаблівасці кнігавыдавецкай дзейнасці ў Туркменістане гаварыў на прэс-канферэнцыі Генадзь Сілінскі, першы намеснік генеральнага дырэктара ААТ «Белкніга».

Уладзімір Андрыевіч таксама падцвердзіў, што вядзецца праца па ўмацаванні двухбаковага супрацоўніцтва з Туркменістанам. У прыватнасці, ёсць дамоўленнась аб удзеле туркменскай дэлегацыі ў Мінскай кніжнай выстаўцы-ярмарцы, што пройдзе ў лютым наступнага года.

6 лістапада 2019 года быў ўрачыста адкрыты Мальтыйскі міжнародны фестываль, у якім прымалі ўдзел выдаўцы, пісьменнікі і перакладчыкі з Францыі, Ірландыі, Швецыі, Вялікабрытаніі, Бельгіі, Германіі, Іспаніі, Мальты і адзінай з краін СНД – Беларусі.

На працягу 5 дзён на розных пляцоўках праходзілі прэзентацыі, семінары, сустрэчы з аўтарамі. Асаблівая ўвага – дзецям і моладзі. Для іх была распрацавана спецыяльная праграма, дзякуючы якой яны мелі магчымасць сустрэцца з пісьменнікамі, паўдзельнічаць у майстар-класах і чытаннях.

Падчас удзелу ў мерапрыемствах фестывалю адбылася рабочая сустрэча дэлегацыі беларускіх кнігавыдаўцоў з галоўным менеджарам Нацыянальнага кніжнага савета Мальты спадарыняй Сімонай Касана. Як паведаміла Вікторыя Лукашутэ, рэферэнт упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, былі абмеркаваны пытанні ўзаемных перакладаў, распрацоўкі сумесных выдавецкіх праектаў.

Асаблівую зацікаўленасць выказаў мальтыйскі бок адносна запрашэння на Мінскую кніжную выстаўку-ярмарку, а таксама міжнародны сімпозіум літаратараў «Пісьменнік і час». У якасці кандыдатуры для ўдзелу ў пазначаных мерапрыемствах спадарыня Касана прапанавала пераможцу Нацыянальнай літаратурнай прэміі Мальты Ларан Веллу.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах mediana.by.

Апублікавана:
Праглядаў:
751