Уладзімір Сцяпан: Кожны, хто піша, каштоўны і патрэбны

Уладзімір Сцяпан: Кожны, хто піша, каштоўны і патрэбны

Уладзімір Сцяпан вядомы ў розных іпастасях — пісьменнік, журналіст, кінасцэнарыст, мастак. Са сваім зборнікам кароткай прозы «Хвалі» аўтар сёлета прызнаны найлепшым у намінацыі «Проза» Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Мы распыталі ў творцы пра яго падыход да выбару жанру, стаўленне да калег па цэху і сваёй аўдыторыі.


— Вас называюць «майстрам кароткага жанру». Чым абумоўлены выбар пісаць у такім фармаце?

— Мне хацелася б пісаць доўгія тэксты, але калі пачынаю, то пасля першых сказаў ужо скарачаю. Дзесяць сказаў ператвараюцца ў два-тры, а бывае і адзін з пяці слоў. Чаму так — не магу растлумачыць. Тэксты — як празаічныя, так і паэтычныя — атрымліваюцца кароткія. А вось чытаць люблю кнігі доўгія. Перажываю, калі да заканчэння застаецца некалькі старонак. Хацелася б, нават спрабаваў колькі разоў, напісаць доўгі тэкст, але не атрымалася. Чытачы гэтага не ведаюць і лічаць, што я «майстар у кароткім жанры».

— Ці адчуваеце канкурэнцыю і як ставіцеся да яе?

— Сапраўднай канкурэнцыі я не адчуваю. І не таму, што я такі «майстар» і лепшых няма. Тут — іншае. На беларускамоўным літаратурным полі сёння не так шмат пісьменнікаў. Кожны, хто піша, каштоўны і патрэбны.

— Што сёння вас найбольш непакоіць і на чым засяроджваеце сваю ўвагу як пісьменнік?

— Сёння мяне хвалюе тое ж самае, што хвалявала і тады, калі я толькі пачынаў пісаць. Жаданне стварыць добры тэкст. Напісаць яго так, каб словы краналі, прымушалі думаць, перажываць, згадваць сваё асабістае. Напісаць такі тэкст цяжка, а таму пішу марудна. Мала калі бываю задаволены вынікам.

— Як у наш час сацыяльныя сеткі ўплываюць на творчасць і чытацкі выбар?

— Сацыяльныя сеткі даюць магчымасць кожнаму карыстальніку адчуць сябе паэтам, празаікам, драматургам і гэтак далей... Тых, хто піша цікава, — чытаюць больш. Потым адбываецца адбор. Але так было і раней, з літаратурнымі часопісамі. Сацыяльныя сеткі — хуткая сувязь аўтара з чытачом і магчымасць амаль імгненнага рэагавання. З аднаго боку гэта добра, але ёсць у гэтай хуткасці і адмоўнае. Імгненная рэакцыя не заўсёды дакладная. Самае галоўнае — адчуванне ўласнага чытача. Зацікаўленага і неабыякавага...

— На вашу думку, што павінен мець і ўмець пісьменнік, каб яго слова не засталося непачутым?

— Увесь той час, што пішу, — адчуваю сябе не настаўнікам, які ведае адказы на розныя пытанні, а не вельмі дасведчаным вучнем. Таму даводзіцца шмат чытаць, каб убачыць, як пішуць сапраўдныя майстры, і вучыцца. Пералік тых, каго чытаю і перачытваю, — доўгі, спіс прозвішчаў зойме не адну старонку. Ёсць у ім і беларускія пісьменнікі, і замежныя, старажытныя і сучасныя.

— Якімі прынцыпамі кіруецеся ў сваёй творчасці?

— Асноўны прынцып маёй літаратурнай дзейнасці — пісаць так, каб было цікава мне і чытачу; так, каб у яго ўзнікалі тыя ж пачуцці і думкі, што і ў мяне.

— Хто яны — чытачы вашых кніг?

— Многіх сваіх чытачоў ведаю, бо яны мне пішуць водгукі, некаторыя просяць аўтограф на новай кніжцы. Сустракаемся, падпісваю, гаворым. Яны розныя, але большасць — адукаваныя, неабыякавыя да жыцця людзі. Іх хвалююць тыя ж «вечныя» пытанні, што і мяне.

— Друкаванай кнізе неаднойчы прарочылі знікненне. Як лічыце, чаму прагнозы не спраўджваюцца і што нас чакае ў перспектыве?

— Пра знікненне друкаванай кнігі гаварыць пакуль рана. Занадта доўга чалавецтва ішло да яе стварэння, удасканальвала яе. Адмовіцца ад друкаванай кнігі асабіста мне пакуль не выпадае. Папяровую кнігу чытаю з большай ахвотай і задавальненнем. Хоць што на паперы, што на маніторы — тыя ж словы і сказы.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома “Звязда”.

Апублікавана:
Праглядаў:
428