Выстава кніжнай графікі, прысвечаная мастацтву кнігі

Выстава кніжнай графікі, прысвечаная мастацтву кнігі

Выстава кніжнай графікі беларускіх мастакоў, якая адкрыецца ў сталічным Палацы мастацтва 5 лютага, дасць старт ХХVI Мінскай кніжнай выставе-кірмашы.

У экспазіцыі, якая пройдзе ў двух залах Рэспубліканскай мастацкай галерэі і будзе ўключаць у сябе каля 90 твораў кніжнай графікі, шэраг беларускіх мастакоў розных пакаленняў прэзентуюць лепшыя прыклады сваёй творчасці, звязаныя з мастацтвам кнігі. Побач з працамі такіх прызнаных мэтраў кніжнай графікі, як Валерый Славук, Віктар Мікіта, Уладзімір Савіч, гледачам будзе прадстаўлена і творчасць мастакоў з пакалення 2000-х: Паўла Татарнікава, Юрыя Якавенкі, Ігара Гардзіенкі, Уладзіміра Даўгяла, Маргарыты Цімохавай, Тамары Шэлест. Таксама наведвальнікам прадэманструюць работы на тэму кніжнай ілюстрацыі студэнтаў кафедры графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

"На прыкладах, якія ўключаюць традыцыйную ілюстрацыю, мастацтва шрыфта і кніжнага знака - экслібрыса, гледачы ўбачаць, як прафесійныя мастакі, не губляючы сувязі з адметнымі формамі школы беларускай кніжнай графікі, з лёгкасцю працягваюць засвойваць прагрэсіўныя набыцця сусветнай школы мастацтва кнігі", - адзначылі ў ведамстве .

Спецыяльным мерапрыемствам выставы стане ўзнагароджанне пераможцаў 58-га Нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі", якое адбудзецца 8 лютага.

Апублікавана:
Праглядаў:
1 140