Выйшаў альбом У.Ліхадзедава «Навагрудак. Падарожжа ў часе»

Выйшаў альбом У.Ліхадзедава «Навагрудак. Падарожжа ў часе»

Пабачыў свет новы альбом вядомага калекцыянера старых паштовак Уладзіміра Ліхадзедава — «Навагрудак. Падарожжа ў часе».

Выданне прымеркавана да 975-годдзя старажытнага горада. Вось што піша ў прадмове да кнігі старшыня Навагрудскага райвыканкама Сяргей Федчанка: «На працягу стагоддзяў Навагрудак быў важным дзяржаўна-палітычным, рэлігійна-культурным цэнтрам, першай сталіцай узыходзячай тады дзяржавы еўрапейскага ўзроўню — Вялікага Княства Літоўскага. Сведкамі славутай гісторыі Навагрудскага краю з'яўляюцца шматлікія помнікі археалогіі, гісторыі, архітэктуры...» 

І далей: «У Навагрудку адбываліся падзеі, лёсавызначальныя не толькі для Вялікага Княства Літоўскага, але і для аб'яднанай дзяржавы, якая ўвайшла ў гісторыю як Рэч Паспалітая Абодвух Народаў, спадкаемніцай традыцый якой нароўні з Польшчай і Літвой з'яўляецца сучасная Беларусь. У Фарным касцёле, які стаіць ля падножжа Замкавай гары, у 1422 годзе адбылося вянчанне караля Ягайлы і Соф'і Гальшанскай — заснавальнікаў еўрапейскай дынастыі Ягелонаў».

Філакартычны альбом складаецца з некалькіх раздзелаў: «Навагрудак. 1915—1918-я гады»; «Навагрудак. 1920—1930-я гады»; «Адам Міцкевіч. Мясціны любыя сэрцу»; «Адам Міцкевіч. Вяршыня славы». 

Адметнасцю легендарнага паселішча з'яўляецца Замкавая гара. І першыя рэпрадукцыі паштовак выступаюць якраз у ролі апавядальнікаў пра гэта месца. Здымкі, датаваныя канцом ХІХ стагоддзя, падаюцца надзвычай красамоўнымі. Так і цягне прайсціся гарадскімі сцежкамі, напрыклад, у пярэдадзень Першай сусветнай вайны. Завітаць з вуліцы Сямёнаўскай да Фарнага касцёла. Альбо перабудаваць маршрут — і зайсці ў касцёл Святога Архангела Міхала. Ці наведаць Барысаглебскую царкву.

Усім вядомы сучасны Дом-музей Адама Міцкевіча. А які ён быў у пачатку ХХ стагоддзя?.. Паштоўкі дапамагаюць адказаць на гэтае і іншыя пытанні.

Калекцыянер Уладзімір Ліхадзедаў расшуквае свае матэрыялы па ўсім свеце. Часта зазірае на розныя аўкцыёны еўрапейскіх краін, падтрымлівае сувязь з калегамі-шукальнікамі з Германіі, Польшчы, Украіны, Літвы, Латвіі, Расіі.

Філакартычны альбом «Навагрудак. Падарожжа ў часе» — 26-я кніга ў серыі філакартычных выданняў «У пошуках страчанага». Бібліятэка альбомаў, кніг з рэпрадукцыямі старых паштовак з калекцыі лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра Ліхадзедава — сапраўдная гісторыка-краязнаўчая прастора для вывучэння лёсу нашай Айчыны. Адметна, што сёлета ў серыі пабачылі свет адразу тры альбомы, якія прысвечаны Гродзеншчыне. Акрамя навагрудскага альбома, выйшлі кнігі, якія выразна, рэльефна расказваюць пра Гродна і Слонім. Такія выданні сталі падарункам да ХХVІ Дня беларускага пісьменства, які сёлета праходзіў у Слоніме, і да юбілею Гродзенскай вобласці.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда»

Апублікавана:
Праглядаў:
380