«Яднаннем і любоўю ўратуемся…»

«Яднаннем і любоўю ўратуемся…»

Праект «Дарога да Святыняў» — з тых, што ствараліся сапраўднымі энтузіястамі ў складаны час (пачатак 90-х гадоў мінулага стагоддзя) і з часам перараслі ў з’яву не толькі рэспубліканскага, але і міжнароднага значэння.  Традыцыя працягваецца ў сёлетнім падарожжы па Беларусі. Як паведаміў кіраўнік экспедыцыі, навуковы супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, даследчык літаратуры Алесь Лапата-Загорскі, удзельнікі прайшлі дарогамі Баранавіцкага, Ганцавіцкага, Лунінецкага, Салігорскага, Слуцкага, Уздзенскага і Капыльскага раёнаў. Ва ўсіх храмах на шляху экспедыцыі, якая звычайна пераадольвае не адну сотню кіламетраў, адбыліся богаслужэнні: усе ахвотныя запалілі свае свечкі ад прынесенай лампады з Жыватворным Агнём са Святой Зямлі. На афіцыйным партале Беларускай праваслаўнай царквы падлічылі, што агульная працягласць маршруту, які прайшоў да сталіцы Дня беларускага пісьменства 2021 года, склала 780 км.

Сённяшняя дарога

Падарожжа — традыцыйная частка святкавання айчыннага Дня пісьменства. Ужо дваццаць восьмы год напярэдадні кніжных сустрэч яно праходзіць праз многія гарады і вёскі Беларусі. На гэтым шляху адбываюцца незабыўныя сустрэчы з мясцовымі жыхарамі, якім удзельнікі экспедыцыі (святары, навукоўцы, літаратары) расказваюць пра гістарычнае мінулае наведаных мясцін. Вяскоўцы і гараджане выступаюць на гэтых сустрэчах з цікавымі ўспамінамі пра мінулае сваёй малой радзімы, прыгадваюць імёны землякоў з ранейшых пакаленняў.

Сёлета ж усё пачалося ў першы дзень верасня, калі ад Мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора (пасля благаславення ў дарогу, якое прагучала ад Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Веніяміна) міжнародная навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў» выправілася ў чарговы шлях з цудатворнай Загор’е-Сталавіцкай іконай Пакрову Прасвятой Багародзіцы і нязгаснай лампадай, у якой гарыць Жыватворны Агонь ад Гроба Гасподняга. Дарэчы, выгляд аднаго з галоўных атрыбутаў вандроўкі — лампады — у 2021 годзе значна змяніўся. Яе вырабілі вядомыя мастакі ў маскоўскіх майстэрнях Рускай праваслаўнай царквы. Дастаўлена яна ў Беларусь спецыяльна для экспедыцыі «Дарога да святыняў». Паводле слоў Алеся Лапата-Загорскага, нязменны дэвіз экспедыцыі — выказванне Сергія Раданежскага «Яднаннем і любоўю ўратуемся» — асабліва актуальны сёлета, у Год народнага адзінства.

Гэтым разам у маршруце ўдзельнікаў — Кажан-Гарадок (Лунінецкі раён), Грэск (Слуцкі раён), Гоцк (Салігорскі раён). Завяршылася экспедыцыя 5 верасня ў Капылі святочным богаслужэннем у храме Ушэсця Гасподняга, дзе ўсе ахвотныя запалілі свечкі ад нязгаснай лампады з Жыватворным агнём ад Гроба Гасподняга.

Хрэсны ход па вуліцах Камянца. 2005 г.

Хрэсны ход па вуліцах Камянца. 2005 г.

Мар'іна Горка. 2019 г.

Мар'іна Горка. 2019 г.

Пра міжнародную навукова-асветніцкую экспедыцыю разважае пастаянны ўдзельнік Іван Чарота, перакладчык, літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук, прафесар. Спачатку ён ездзіў рэгулярна, але ў сувязі з некаторымі мерапрыемствамі Дня беларускага пісьменства, дзе быў далучаны да розных, у тым ліку арганізацыйных спраў, удзельнічаць не заўсёды атрымлівалася. Сёлета Іван Чарота не абмінуў праект увагай:

— Кажучы пра зыходныя мэты экспедыцыі, хочацца перш за ўсё адзначыць, што яны асветныя. У гэтай канцэпцыі асветніцтва ёсць два важныя складнікі. Найперш само паняцце «Дарогі да святыняў»: чыя ж гэта дарога, куды яна вядзе і, Купалава пытанне, хто па ёй ідзе? Ідзе інтэлігенцыя — да храма, да хрысціянства, да веры. Да святла і асветы. Усім вядома, што экспедыцыя адбываецца з непагаснай лампадай, у якой гарыць Жыватворны агонь ад Гроба Гасподняга, і інтэлігенцыя, якая штогод крочыць па дарогах Беларусі, таксама далучаецца да гэтага святла і асветы. Па-другое, невыпадкова вандроўка прымеркавана да Дня пісьменства і адначасова да Дня ведаў. У невялікіх гарадах і вёсках, у глыбінцы Беларусі з’яўляюцца акадэмікі, прафесары, артысты. Усе яны нясуць асвету і далучаюць да культуры. Удзельнічаць у экспедыцыі заўсёды было цікава, не ў апошнюю чаргу таму, што ўдалося аб’ездзіць фактычна ўсю Беларусь. Асаблівыя пачуцці выклікала наведванне далёкіх вясковых храмаў і знаёмства, як правіла, са сталымі людзьмі, якія захавалі ў сабе веру і выхоўваюць у ёй дзяцей, унукаў, праўнукаў… Бачыць і адчуваць гэта неверагодна кранальна.

Што да фармату экспедыцыі, то Дарога да святыняў павінна мяняцца, перакананы Іван Чарота. Адбывацца гэта павінна ў сувязі з запытамі людзей. Напрыклад, сёлета ўсё выдатна супала, і вандроўка пачалася ў Дзень ведаў. Аднак бывалі выпадкі, калі ўдзельнікі крочылі па Беларусі раней гэтай даты, то-бок да пачатку вучэбнага года, што не дазваляла наведваць установы адукацыі. Да таго ж 5 дзён — гэта даволі складана для ўсіх, асабліва для арганізатараў, адзначае прафесар і дадае, што склад удзельнікаў павінен таксама змяняцца: неабходна запрашаць новых людзей, праз розныя сродкі прапаноўваць больш шырокую інфармацыю. Літаратуразнаўца ўпэўнены, што можна знайсці нямала ахвотных паўдзельнічаць у экспедыцыі і прынесці карысць.

Перадача кніг ад удзельнікаў экспедыцыі жыхарам пасёлка Чысць Маладзечанскага раёна. 2019 г.

Перадача кніг ад удзельнікаў экспедыцыі жыхарам пасёлка Чысць Маладзечанскага раёна. 2019 г.

Мінулыя шляхі

З цягам часу вандроўка сталела і так ці інакш відазмянялася, набывала новыя і новыя традыцыі. Адной з іх стала пасадка дрэў у месцах наведвання з сімвалічнай назвай — Малітоўны сад, які павінен стаць памяццю пра падзею.

Увогуле, адна з галоўных задач падарожжа — каб кожны населены пункт адчуў атмасферу Дня беларускага пісьменства. Удзельнікі — святары Беларускай праваслаўнай царквы, вядомыя дзеячы навукі, культуры і мастацтва — наведваюць храмы, навучальныя ўстановы, дзіцячыя дамы, школы-інтэрнаты, дамы састарэлых, бібліятэкі і музеі, дзе праводзяць духоўна-асветніцкія, метадычныя, літаратурныя і музычныя сустрэчы. Канферэнцыі і гэтыя сустрэчы мабільных груп з навучэнцамі, вернікамі, зацікаўленымі — усё напрацоўвалася гадамі. Як успамінае Алесь Лапата-Загорскі, вышынямі такога алгарытму сталі выступленні ў Светлагорску ў 2016 годзе, калі экспедыцыя разбілася на 13 груп у школах, потым сышлася яшчэ ў 6 месцах, дзе сабралася больш дарослая аўдыторыя, а пасля адбылася агульнагарадская канферэнцыя. Такім чынам, у выніку зладжанай праграмы ўвесь горад быў задзейнічаны ў святочных мерапрыемствах.

Пасадка саду ў Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры. Полацк. 2003 г.

Пасадка саду ў Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры. Полацк. 2003 г.

У розныя гады ў праекце ўдзельнічала вялікая колькасць прадстаўнікоў інтэлігенцыі, у тым ліку пісьменнікі Анэля Тулупава, Браніслаў Спрынчан, Васіль Жуковіч, Валянціна Коўтун, Алесь Махнач, Генадзь Пашкоў, Алесь Петрашкевіч, Уладзімір Ліпскі, Анатоль Бутэвіч. Доўгі час арганізоўвала і кіравала экспедыцыяй паэтэса Ніна Загорская. Далучаліся да вандроўкі і народная артыстка Марыя Захарэвіч, археолаг і прафесар Пётр Лысенка, мовазнаўца і акадэмік Аляксандр Падлужны. Кожны год без выключэнняў у вандроўцы «Дарога да святыняў» удзельнічае Яўген Пясецкі, фотамастак, журналіст і паэт, які за амаль тры дзесяцігоддзі існавання праекта стаў яго сапраўдным летапісцам. Аб гэтым сведчыць яго своеасаблівы дзённік-справаздача на старонках газеты «Звязда» і на сайце, а таксама фотаархіў экспедыцыі, які час ад часу прэзентуецца аўтарам.

За ўвесь час экспедыцыя адолела амаль 35 тысяч кіламетраў, а пешымі хрэснымі хадамі — каля 660 кіламетраў. З непагаснай лампадай духоўнасці прайшлі 3 мільёны 131 тысяча вернікаў, а ўсяго ў мерапрыемствах экспедыцыі паўдзельнічала 5 мільёнаў 198 тысяч чалавек. Жыватворным Агнём асвечана 655 храмаў, капліц і манастыроў. Але гэта толькі лічбы, якія з цягам часу будуць змяняцца. А нязменнае адно — імкненне людзей да веры, да ратававання яднаннем і любоўю.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».

Апублікавана:
Праглядаў:
422