Як прайшоў этнафэст «Кліч Палесся»

Як прайшоў этнафэст «Кліч Палесся»

У апошнюю суботу жніўня нарэшце адбыўся фестываль этнакультурных традыцый «Кліч Палесся». Ён праходзіць адзін раз у два гады, а сёлета стаў шостым па ліку. Як заўсёды, свята прайшло на прыпяцкім беразе ў вёсцы Ляскавічы Петрыкаўскага раёна. Можна сказаць, у самым сэрцы беларускага Палесся.

Адметная і сама вёска. Тут знаходзіцца адміністрацыя Прыпяцкага нацыянальнага парку, а сам запаведнік з’яўляецца пачынальнікам і арганізатарам маштабнага і ўжо вядомага форуму захавання і папулярызацыі векавых культурных набыткаў.

Сёлета фестываль змяніў дыслакацыю. Усе канцэртныя пляцоўкі і этнафальклорныя падворкі раёнаў Гомельскай і Брэсцкай абласцей размясціліся на адной вялікай пляцоўцы ў форме круга, накшталт старажытнага кірмашу.

Тут упершыню пабудавалі высокую вежу — для агляду зверху і прыпяцкай затокі, і прыгожых пабудоў і, вядома, рознакаляровага свята. Узвялі прыгожую карчму пад чаротавым дахам, а яшчэ непадалёку ад берага змайстравалі вятрак — драўляны ветраны млын.

Але канцэптуальны змест праграмы фэсту застаўся ранейшы — паказ самабытных паляшуцкіх традыцый, якія дэманстравалі здольныя і таленавітыя майстры і рамеснікі, музыканты і спевакі, увішныя гандляры і дасціпныя і вясёлыя артысты, якія прыехалі са сталіцы, з Гомеля і нават з Украіны.

Вядома, свята ніколі не абыходзіцца без удзелу дзіцячых калектываў Петрыкава.

Як заўсёды, на галоўнай сцэне ўручалі дыпломы ганаровага палешука. Па традыцыі правялі і конкурс «Прыгажуня Палесся».

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома “Звязда”.

Апублікавана:
Праглядаў:
407