Аўтограф-сесія са «Звяздой»

Аўтограф-сесія са «Звяздой»

Выдавецкі дом «Звязда» ў рамках XXVII Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу запрашае ўсіх 6 лютага з 15 да 16 гадзін у Нацыянальны выставачны комплекс (Мінск, праспект Пераможцаў, 14) на аўтограф-сесію вядомых аўтараў Ірыны Масляніцынай і Міколы Багадзяжа па кнізе «Легендарныя героі беларускай гісторыі Хl – ХlХ стст.», якая ўбачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда» ў 2020 годзе.

Гэта кніга – своеасаблівы партал у мінулае Белай Русі. У падарожжа па розных эпохах, ад часоў самых ранніх да 19 стагоддзя, запрашаюць сваіх чытачоў Ірына Масляніцына і Мікалай Багадзяж. Вялікія бітвы і асветніцкія подзвігі, бліскучыя палітычныя рашэнні і плён мастацкай натхнёнасці, патрыятызм, самаадданасць у дружбе, вернасць у каханні – усё гэта чытач знойдзе на яе старонках.

Героі кнігі – не выдуманыя асобы, хаця жыццяпіс кожнай з іх ужо даўно аброс легендамі і паданнямі. Але сапраўдныя лёсы гэтых людзей – мудрых правіцеляў, праслаўленых палкаводцаў, бясстрашных змагароў за ажыццяўленне самых лепшых чалавечых ідэалаў, дзёрзкіх мысліцеляў, творцаў і асветнікаў – не менш цікавыя, чым легенды пра іх. І менавіта гэта спрабуюць данесці да чытача аўтары выдання.

Князь Усяслаў Брачыславіч, які ўражваў розумы сучаснікаў сваёй непасрэднасцю і воінскім майстэрствам; яго дачка Зоя Усяслаўна, жанчына-лекарка, што праславіла сваё імя ў далёкай Візантыі; Давыд Гарадзенскі, палкаводзец, які не прайграў ніводнай бітвы; князь Лугвен (Сямён) Мсціслаўскі, герой Грунвальда; Тадэвуш Касцюшка, генерал свабоды; Міхал Клеафас Агінскі, выдатны палітык і аўтар самага славутага паланэза ў свеце… Пра іх і пра многіх іншых легендарных герояў Беларусі гэта кніга.

Чакаем усіх!

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома “Звязда”.