«Ад матчынай ласкі крылаты»

«Ад матчынай ласкі крылаты»

Прысвячэнне самаму дарагому чалавеку — зборнік Міхася Пазнякова пад назвай «Матуля». Кніга складаецца з трох раздзелаў: «Вяртанне» (вершы), «Любай маме» (вершы для дзяцей), «Чалавек шчырай і шчодрай душы» (апавяданні, эсэ).

У першым раздзеле аўтар звяртаецца да яскравых успамінаў пра ўласнае маленства і юнацтва, асэнсоўвае ролю сталых традыцый сваёй малой радзімы (спевы і паданні маці, малітвы бацькі), адлюстроўвае клопат руплівай матулі пра сваіх дзяцей («Дождж хлынуў нечакана…», «Мама», «Колькі дзіўнай ясноты ў юнацкіх гадах!..» і інш.).

Кожны верш паэта, — своеасаблівы гімн-прысвячэнне, песня, якая вяртае ў родную хату з успамінамі пра пах духмяных бліноў і водар хлеба, утульную печ, што дорыць цяпло і спакойны сон («У роднай хаце», «Печ»). Паэт апісвае вясковы побыт, напоўнены штодзённымі радасцямі быцця: касьба сена бацькам, гатаванне дранікаў маці («Ціхая, родная хата…»).

Пах жніўнага поля ў аднайменным вершы ідэнтыфікуецца аўтарам як дарагое сэрцу адчуванне, якое нагадвае аб працавітых руках матулі і запавеце, што пакінулі ў спадчыну бацькі… Быць і заставацца годным чалавекам. Любіць і берагчы Айчыну, зямлю, людзей...

Матулін голас, позірк адкрываюць пісьменніку новыя шляхі. Велічныя прасторы Беларусі натхняюць, але яшчэ больш — роднае мястэчка («Вачыма ўбіраю прастор…»). Так, прыбраны татаў сад для аўтара — крыніца станоўчых уражанняў і пазітыўнага настрою, а матулін позірк — таямніца свету, цуд: «Сонца ўзыдзе / Над садам — / Матулін / Самы шчыры / І светлы пагляд».

Вяртаючыся ў часы юнацтва, мастак слова звяртае ўвагу на квітненне півоняў у садах, згадвае незабыўную ўсмешку мамы. Клён над хатай выяўляе сэнсавае адзінства творчай асобы з радаводным дрэвам і ўвасоблены у вершах аўтара як сімвал родных каранёў, родавай пераемнасці духоўнай спадчыны рознымі пакаленнямі («Колькі дзіўнай ясноты ў юнацкіх гадах!..»). Клён зберагаў таямніцы і мары...

У рэальнасці ж двор і хата апусцелі, і душу апанавала туга («А мне б ізноў вярнуцца ў той дзівосны сон…»). Нягледзячы на мінорны настрой некаторых вершаў, галоўнае ў зборніку — сцішаная радасць ад сустрэчы з роднымі мясцінамі.

Імгненні-«кадры» як элемент імпрэсіяністычнага светаадчування даюць магчымасць паэту спаўна перадаць каштоўныя моманты і ўсвядоміць незаменную ролю матчынага цяпла і любові ў лёсе дзіцяці ці дарослага чалавека — сына ці дачкі: «Бы птах, узлятаю да зор, / Ад матчынай ласкі крылаты».

Нітачкі з кудзелі, саматканае матуліна пакрывала сімвалізуюць лёс, адзінства імгненняў, з якіх складаецца штодзённае і творчае, імклівасць часу.

Паэт тонка выяўляе адценні святочнага настрою свайго лірычнага героя (замілаванасць краявідамі, стоеная радасць, узрушанасць і інш.), яго няўлоўнае адчуванне гармоніі і прыгажосці: «Водарам мядовым / Хмеліць родны край. / Не патрэбны словы, / Бо вярнуўся ў рай. /. / Сагравае хата, / Як вячысты Храм. / І на сэрцы свята — / Не паведаць вам…».

Аўтар прызнаецца сваёй малой радзіме ў любові: «Родны кут невымоўна люблю…». Паэта натхняюць залатыя рамонкі, якія сімвалізуюць адданасць краю. Прыцягвае ўвагу і знакавы вобраз — ліст клёна, які падае на траву, тым самым узмацняючы значэнне аўтарскіх ўспамінаў аб жыцці без маці…

У «Бліскавінках»— невялікіх трохрадковых мудрых выслоўях — М.Пазнякоў падкрэслівае: усе дарогі вядуць да маці, а пяшчота яе вачэй здольная выратаваць. Матчына любоў святая. Гэтая ісціна галоўная ў нізцы вершаў для дзяцей — «Любай маме». У творах, адрасаваных дзецям, найбольш ярка раскрыліся экспрэсія аўтарскіх пачуццяў, лаканізм у выяўленні думак і ідэй, яркая вобразнасць і ўзнёсласць настрою паэта. Адсутнасць яўна выражаных праяў дыдактызму дазваляе ўбачыць духоўны свет скрозь прызму чуйнага, цёплага стаўлення да роднай матулі: «Хто найдобры, родны самы / Найдзівосны — у мяне? / Ну, вядома, толькі мама / Так любоўю ахіне. / Я на ўроках тры дзясяткі / Пастараўся атрымаць…».

У дынамічных і лаканічных па сюжэце апавяданнях і эсэ (раздзел «Чалавек шчырай і шчодрай душы») аўтар асэнсоўвае няпросты жыццёвы шлях матулі, Марыі Еўдакімаўны, якая страціла першага мужа на фронце, выгадавала васьмёра дзяцей...

Выклікае глыбокую павагу тое, як яна, рызыкуючы, перадавала хлеб партызанам («Хлеб для партызанаў»). Лаканічна апісваюцца розныя сітуацыі з жыцця яго бабулі.

Пісьменнік зыходзіць з пазіцыі агульначалавечай чуласці і спагады. Праявы гуманізму ў творах М. Пазнякова мацуюць глебу, якая дазваляе нам убачыць сутнасць патрыёта.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда» (ЛіМ)

Опубликовано:
Просмотров:
223
Поделиться в соц.сетях