Адбылася прэзентацыя персанальнай энцыклапедыі «Янка Купала»

Адбылася прэзентацыя персанальнай энцыклапедыі «Янка Купала»

Раніца 6 лютага на XXVII Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы была адзначана прэзентацыяй персанальнай энцыклапедыі «Янка Купала», выдадзенай выдавецтвам «Беларуская энцыклапедыя імя П.Броўкі».

У 2019 годзе гэта выданне было ўдастоена Гран-пры Міжнароднага конкурсу краін - удзельніц СНД «Мастацтва кнігі», які праходзіў у горадзе Баку, а таксама дыплома пераможцы ў намінацыі «Залатыя скрыжалі» Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі».

«Першая з вяршынь беларускага Эльбруса паэзіі», – так у свой час сказаў пра Янку Купалу Павел Тычына. І сапраўды, праўдзівае, высокае і мілагучнае паэтычнае слова Купалы – тая вышыня ў беларускай літаратуры, дасягнуць якую жадаюць многія.

Паэзія Купалы з'яўляецца невычэрпнай крыніцай натхнення для сучасных беларускіх пісьменнікаў, мастакоў і кампазітараў. Вось і на прэзентацыі ў выкананні студэнткі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Крысціны Нікіфаравай прагучаў раманс на вершы Я.Купалы «Спадчына».

Да ўдзелу ў падрыхтоўцы энцыклапедыі далучыліся лепшыя розумы рэспублікі, для каго Купала не проста беларускі паэт, а частка душы. Гэта супрацоўнікі Акадэміі навук Беларусі, навукоўцы ВНУ краіны.

Вялікую падрыхтоўчую працу правялі супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага музея Янкі Купалы. Пра гэта падчас прэзентацыі заўважыла дырэктар музея Алена Ляшковіч.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства выступіла навуковы сакратар музея Галіна Воранава, а таксама загадчык музея Янкі Купалы ў Татарстане Рыма Абызава.

Пра раней невядомы, знойдзены зусім нядаўна партрэт Янкі Купалы, распавяла вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі Наталія Мартынава.

Са словамі ўдзячнасці да ўсіх удзельнікаў прэзентацыі звярнулася дырэктар выдавецтва Вольга Ваніна. Яна таксама анансавала выхад у гэтым годзе персанальнай энцыклапедыі «Уладзімір Караткевіч», падрыхтоўка над якой вядзецца ў выдавецтве.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах РУП «ДОМ ПРЭСЫ».

Опубликовано:
Просмотров:
605