Алесь Бадак: Кожную мясціну мы любім па-свойму

Алесь Бадак: Кожную мясціну мы любім па-свойму

У сучаснай беларускай літаратуры добра вядома імя Алеся Бадака. Празаік, паэт, дзіцячы пісьменнік, публіцыст, перакладчык... А яшчэ — дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Яркая творчая асоба. Лаўрэат Рэспубліканскай літаратурнай прэміі «Залаты купідон», лаўрэат прэміі Садружнасці Незалежных Дзяржаў «Зоркі Садружнасці». Сённяшняя наша гутарка з ім — не толькі пра літаратуру.

— Алесь Мікалаевіч, хоць і нарадзіліся Вы на Берасцейшчыне, у Ляхавіцкім раёне, ведаю, што вы парадніліся з Міншчынай. Ёсць у вас лецішча на Уздзеншчыне... Ці часта там бываеце? Раскажыце, калі ласка, як «прыраслі» да гэтага куточка.

Слова «дача» ці «лецішча» ў мяне асацыіруецца з нечым штучна ўзніклым, што не мае глыбокай гісторыі: выдзелілі зямлю, на якой пабудавалі домікі, раскінулі маленькія агародзікі. Летам там жыццё ёсць, а зімою ні душы не ўбачыш. З Міншчынай я зрадніўся дзякуючы жонцы: там засталася хата, у якой некалі жыла яе вялікая радня: маці, дзед з бабуляю, цёткі. Хата старэнькая, яшчэ даваенная, але затое многія рэчы ў ёй маюць багатую гісторыю, нясуць у сабе адбітак даўніх часоў. Тым яна і прыцягвае. Я ўпершыню там пабываў у сярэдзіне 1990-х і з таго часу бываю штогод, з мая да кастрычніка, па некалькі разоў на месяц, і абавязкова праводжу там частку адпачынку. Я не люблю, калі агарод зарастае пустазеллем, люблю свае памідоры, агуркі, свае вішні, слівы, яблыкі, таму працы хапае. А яшчэ там зусім побач лес, рака Неманец. Адным словам, ёсць дзе адпачыць.

— Ці ведаеце літаратурную гісторыю Уздзеншчыны? З гэтых мясцін Паўлюк Трус, Кандрат Крапіва, Алесь Якімовіч, Пятро Глебка, Лідзія Арабей...

— Безумоўна. У гэтым плане Уздзеншчына, вядома, унікальная зямля — столькі талентаў дала свету. Адтуль жа, дарэчы, і Алесь Пальчэўскі, і Васіль Шырко, і шмат хто яшчэ з пісьменнікаў... Там купіла сабе з мужам хату Раіса Баравікова, куды прыязджае на лета.

— Не даводзілася выступаць перад чытачамі на Уздзеншчыне?

— У якасці пісьменніка пабываў толькі аднойчы ва Уздзенскай школе-інтэрнаце, але гэта было даўно. Што датычыцца маіх суседзяў, то, шчыра кажучы, мне ніколі не хацелася ні хаваць (у вёсцы хіба што-небудзь утоіш), ні афішыраваць перад імі род свайго творчага занятку. Ну, пішу нешта — і ладна, мы ж з імі не пра літаратуру гаворым, а пра грады ды надвор'е. А паслухаць іх заўсёды цікава, бо прыродная сялянская мудрасць — гэта такі скарб! І людзі там вельмі добрыя, шчырыя, працавітыя, вельмі нагадваюць маіх аднавяскоўцаў.

— Ці напісалі што-небудзь пра гэтыя ўздзенскія мясціны?

— Невялічкую паэму «Камяні». Вёска называецца Камяное, таму нават з назвы відаць нейкая сувязь. А таксама некалькі вершаў, якія я ўключыў у свой нядаўні зборнік «Развітанне з вечнасцю», ды каментарыі-эсэ да іх, змешчаныя ў апошнім раздзеле. Ну а некалі я напісаў цэлую серыю кніг «Усім пра ўсё» — пра расліны, жывёл, птушак... І там было шмат ілюстрацый, у тым ліку і фотаздымкаў з Уздзеншчыны, і нават з майго ўраджайнага агарода.

— А здараецца працаваць на лецішчы як пісьменніку сістэмна? Ці больш часу праводзіце на агародзе, за гаспадарчымі клопатамі?

— Складанае пытанне. Справа ў тым, што я «аднасед», я прырастаю душой да аднаго рабочага стала. Калі я стаў жыць у Мінску, мне доўга не пісалася так добра, як дома, у сваёй роднай вёсцы Туркі, што ў Ляхавіцкім раёне, на Берасцейшчыне. А цяпер мне нідзе так добра не пішацца, як у сваёй мінскай кватэры. Але справа не ў нейкіх асаблівых умовах. Вось прыязджаю я, напрыклад, дадому. Мне хочацца як мага больш пагаварыць з мамай, з братам, нешта дапамагчы зрабіць, нарэшце проста прайсціся па вёсцы, паглядзець, што ў ёй змянілася, пабачыць вяскоўцаў. Душа настроена не на творчасць, а на зусім іншае. Тое ж самае датычыцца і Камянога: выпадае вольная хвіліна — хочацца ў лес альбо на рэчку. Іншая справа, што так званы «падрыхтоўчы працэс» — абдумванне нейкіх сюжэтаў, вобразаў, — ён бывае паўсюль. І на Уздзеншчыне, у Камяным, у ваколіцах гэтай мілай вёскі — таксама.

— Бераце на Уздзеншчыну кнігі? Як чытаецца ў гэтых мясцінах?

— У мяне ў Камяным вельмі вялікая бібліятэка. Па-першае, я кнігаман, і ўсе кніжныя паліцы ў мінскай кватэры даўно застаўлены, а па-другое, быў час — пачатак 1990-х, — калі ўсе кінуліся купляць дэтэктывы, фантастыку і за капейкі здавалі ў букіністычныя крамы класіку. Я тады вельмі шмат кніг купіў, асабліва не думаючы пра тое, ці будуць патрэбны яны мне для штодзённага карыстання. А добра папрацаваўшы на агародзе, вельмі хораша бывае разгарнуць пасля томік якога-небудзь Галсуорсі і пачытаць некалькі старонак пад прыемны птушыны спеў за расчыненым акном.

— Ці параўноўваеце свой уздзенскі «прытулак» з роднымі ляхавіцкімі вёсачкамі?

— Што б цябе ні звязвала з іншымі мясцінамі, якія б цудоўныя краявіды там ні былі, даражэй за Бацькаўшчыну ўсё роўна няма нічога. Гэта па-за ўсякімі параўнаннямі. Нармальны ж чалавек, які вырас у добрай сям'і, ніколі не стане параўноўваць сваю маці з іншай жанчынай. Мне здаецца, яму нават і ў галаву такое не прыйдзе. Але чалавечая любоў мае вельмі шмат адценняў, і як кожнага чалавека, так і кожную мясціну мы любім па-свойму.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома “Звязда”


Опубликовано:
Просмотров:
770