Аляксандр Карлюкевіч: Усё ў самай вялікай ступені залежыць ад ініцыятыўнасці і прафесіяналізму кожнага на сваім творчым участку

Аляксандр Карлюкевіч: Усё ў самай вялікай ступені залежыць ад ініцыятыўнасці і прафесіяналізму кожнага на сваім творчым участку

Сёння ў Слоніме і наваколлі пачаліся мерапрыемствы Дня беларускага пісьменства. Напярэдадні «Звязда» задала некалькі пытанняў з гэтай нагоды Міністру інфармацыі нашай краіны Аляксандру КАРЛЮКЕВІЧУ.

— Аляксандр Мікалаевіч, Дзень беларускага пісьменства будзе праходзіць у краіне ўжо дваццаць шосты раз. Некаторыя гарады, як, напрыклад, Полацк, былі сталіцай свята неаднойчы. Слонім прымае свята ўпершыню, і адбываецца гэта на фоне дзвюх знакавых у духоўным жыцці Беларусі дат, якія звязаны са Слонімскай зямлёй, — 550-годдзя знаходжання іконы Маці Божай Жыровіцкай і 500-годдзя ўтварэння Жыровіцкага манастыра. Ці не атрымаецца так, што сёлета ўласна Дзень пісьменства адыдзе на другі план?

— Па-першае, прыгожае пісьменства, пісьменства на землях славянскіх народаў — гэта як нідзе, пэўна, і тэма веры, тэма праваслаўя, тэма ролі Слова ў духоўным паяднанні народаў, у сімвалізацыі ўвогуле жыцця. Прыгадайце, з чаго, з якіх першадрукаў пачынаўся вопыт Францыска Скарыны. Звярніце ўвагу на ўзнаўленне, факсімільнае выданне Брэсцкай Бібліі да юбілею аднаго са старажытных гарадоў нашай Айчыны — і відаць, у такім фармаце само пытанне адпадзе.

А па-другое, даты, пра якія вы згадалі, — гэта даты наступнага года. І мы, несумненна, будзем мець дачыненне да падрыхтоўкі і святкавання 550-годдзя знаходжання іконы Маці Божай Жыровіцкай на Слонімскай зямлі і 500-годдзя ўтварэння Жыровіцкага манастыра. Дарэчы, прыадкрыю невялічкую таямніцу. Слонім сёлета якраз і стаў сталіцай Дня беларускага пісьменства па ініцыятыве Урада краіны, Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў у сувязі з тым, што 2020 год — год згаданых юбілеяў. А вось у 2019 годзе лагічна правесці мерапрыемства як агледзіны асветніцтва, духоўнасці ў гэтай старонцы.

— Традыцыйны ўжо для свята круглы стол «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго» пройдзе гэтым разам у Жыровічах. Некаторыя яго ўдзельнікі — літаратары і літаратуразнаўцы больш з чым дзесяці краін — прыедуць не першы і нават не другі раз — круглы стол праводзіцца з 2007 года. Пытанне да Вас як да пастаяннага ўдзельніка гэтага мерапрыемства: адкуль бяруцца новыя тэмы для дыскусіі? Ці ў нейкіх момантах яна з году ў год паўтараецца?

— Традыцыі і навацыі — заўсёдная тэма для разумнага спалучэння. Хіба не традыцыйным з'яўляецца пытанне пра ролю мастацкай літаратуры ў выхаванні грамадства, у сцвярджэнні гуманістычных ідэалаў развіцця? Канешне ж, традыцыйным. Але і пастаянным, вартым увагі не толькі з году ў год, але і са стагоддзя ў стагоддзе. На сёлетні круглы стол, які з'яўляецца творчым праектам не толькі Міністэрства інфармацыі, але і Саюза пісьменнікаў Беларусі, Выдавецкага дома «Звязда», выдавецтва «Мастацкая літаратура», прыедуць пісьменнікі, літаратуразнаўцы з Азербайджана, Вялікабрытаніі, Грузіі, Індыі, Казахстана, Кітая, Літвы, Малдовы, Польшчы, Расіі, Сербіі, Таджыкістана, Узбекістана, Украіны. Мы рады, што не першы раз прыязджаюць Святлана Ананьева з Казахстана і Глеб Кудрашоў з Украіны, Яронміас Лаўцюс з Літвы і Рысалат Хайдарава з Узбекістана, але мы рады і новым гасцям. Што цікава, менавіта ўдзельнікі «круглых сталоў» у розныя гады становяцца паўнамоцнымі прадстаўнікамі беларускай літаратуры, беларускай культуры, Беларусі ў сваіх краінах. Менавіта дзякуючы іх намаганням за апошнія дзесяць гадоў выйшлі анталогіі, зборнікі беларускай літаратуры, асобныя кнігі беларускіх аўтараў у перакладзе на іншыя мовы. Выбудавалася своеасаблівая замежная бібліятэка з кніг Максіма Багдановіча на славацкай, сербскай, таджыкскай мовах, Янкі Купалы, Якуба Коласа — на рускай, татарскай, чувашскай, балкарскай, узбекскай мовах, іншых класікаў і сучасных пісьменнікаў Беларусі.

— Апошнім часам назіраецца добрая тэндэнцыя — па ўсёй краіне адкрываюцца новыя ці адноўленыя кнігарні. Слонім да свята таксама атрымаў такі падарунак з прыгожай назвай «Санет». Але каб кнігарня існавала, каб яна была запатрабаваная, асабліва ў невялікім горадзе, абнавіць інтэр'ер і нават асартымент недастаткова. Як вы лічыце, што яшчэ можа прывабіць чытача, спакушанага бясплатнымі кнігамі з Сеціва, прыйсці ў кніжны магазін ды яшчэ нешта ў ім набыць?

 — Толькі — прапагандай, актыўным «прасоўваннем» кніг і аўтараў. У тым ліку — і ў віртуальнай прасторы. Дарэчы, «Санет» працуе ў тэставым рэжыме з 15 чэрвеня. Ужо за гэтыя два з нечым месяцы прайшло досыць шмат прэзентацый, аўтограф-сесій. Былі і сустрэчы з аўтарамі, якія выраслі ці жывуць стала на Слонімшчыне, — Сяргеем Чыгрынам, Святланай Варонік. І што цікава, наўмысна, з разлікам на прэзентацыю, распаўсюджванне ў Слоніме, выдадзена нават некалькі кніг. Адна з іх — альбом рэпрадукцый старых паштовак, прысвечаных Слоніму, з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава. Другая — зборнік гістарычных нататкаў Сяргея Чыгрына пра слонімскія адметнасці. Не сумняваюся, што такая кніга будзе запатрабавана і ў школе.

— Дарэчы, пра Сеціва. Можа, у Беларусі ўжо настаў час стварыць нейкі адмысловы партал, на якім усе ахвотныя маглі б пазнаёміцца з навінкамі ад айчынных пісьменнікаў, прачытаць трэйлер да новай кнігі, а зацікавіўшыся ёй, замовіць поўны варыянт (магчыма, не бясплатна)?

— Тут бы і «Звяздзе» ініцыятыву праявіць. Найстарэйшая беларуская газета заўсёды была ўважлівая да беларускага прыгожага пісьменства. Многія мастацкія творы праз урыўкі прыходзілі перш-наперш да чытача «Звязды». Што да электроннай, інтэрнэт-актыўнасці айчынных выдавецтваў, то цалкам згодзен, што без яе сёння не абысціся. І новыя ініцыятывы патрэбны як ніколі.

Дарэчы, звярніце ўвагу на сайт літаратурна-мастацкага часопіса «Маладосць». Нешматлікая рэдакцыя гэтага выдання ўмее і пра часопіс расказаць, і пра новых аўтараў, новыя праекты здольна «прапіярыць». Трэба вучыцца адно ў аднаго. Усё ў самай вялікай ступені залежыць ад ініцыятыўнасці і прафесіяналізму кожнага на сваім творчым участку. Іншых шляхоў для развіцця проста не існуе. Нават з вялікімі грашыма, з бюджэтнымі пасыламі можна спыніцца ў развіцці і застацца ў ранейшых дзесяцігоддзях.

— Традыцыйным для Дня пісьменства становіцца ўручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Узнагароджвацца будуць пісьменнікі, якія працуюць тут і цяпер. А рэйтынгі продажаў кніг паказваюць, што ў пашане ў чытача больш класікі (за невялікімі такімі выключэннямі, як Наталля Батракова, напрыклад). Можа, лаўрэатам прэміі не хапае піяру?

— Нацыянальная літаратурная прэмія — творчы праект, які пашырае сваю прастору. Ужо і сайт на гэтую тэму ёсць. Мяркую, што агульнымі намаганнямі з Саюзам пісьменнікаў Беларусі мы і надалей шмат што зробім для піяру, прапаганды гэтага праекта. Але заўважу, што Нацыянальная літаратурная прэмія праз дапамогу экспертаў у галіне літаратуразнаўства, у галіне практычнай работы па выданні літаратурна-мастацкай перыёдыкі ўсё ж з'яўляецца праектам, які заўважае ўсё новае, павінен заўважаць усё новае. І сама прэмія — гэта як адзін са сродкаў «раскруткі» таго ці іншага аўтара. Невыпадкова Урад краіны па рэкамендацыі Саюза пісьменнікаў зацвердзіў і такую намінацыю для дэбютантаў, аўтараў першых кніг.

— Як па-вашаму, за чвэрць стагоддзя існавання Дню беларускага пісьменства ўдалося стаць нацыянальным святам?

— Мяркую, што ўдалося. І вельмі спадзяюся на яго даўгалецце і далейшае развіццё.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома “Звязда”.

Опубликовано:
Просмотров:
1 182