Чытаем разам са “Звяздой”

Чытаем разам са “Звяздой”

Празаік і паэт Анатоль Зэкаў сумесна з Выдавецкім домам ”Звязда“ правёў творчую сустрэчу для вучняў 4 “Б” класа Гімназіі № 14 г.Мінска. У кнігарні ”КнігаПоліс“ (ААТ ”Белкніга“) аўтар прэзентаваў свае творы праз адмысловыя загадкі і жарты, прачытаў вершы, падпісаў кнігі для жадаючых.

А.Зэкаў — прыхільнік дзіцячай літаратуры, як айчыннай, так і замежнай. Сярод любімых беларускіх пісьменнікаў — Васіль Вітка, Янка Маўр і зямляк Мікола Чарняўскі. Апошнім часам пісьменнік усё часцей сам звяртаецца да напісання твораў для дзяцей. ”Птушыныя арэлі“, ”Непаслухмяны чмелік“, ”Вожык вёз сараканожак“ і іншыя не так даўно выйшлі ў Выдавецкім доме ”Звязда“. А.Зэкаву часам прапануюць выдаць нешта на рускай мове (ёсць толькі некалькі перакладзеных твораў), але пісьменнік упэўнены: у Беларусі гэта непатрэбна, і неабходнасць узнікае толькі ў выпадку выхаду на расійскую аўдыторыю.

Паўплывала на станаўленне творцы ў галіне дзіцячай літаратуры не толькі праца ў часопісе ”Вясёлка“. У А.Зэкава двое ўнукаў. Нягледзячы на тое, што ўсе героі яго мастацкіх твораў — рэальныя людзі, асобнае месца ў творчасці аддадзена дзяцям. Прататыпам для дзіцячых персанажаў часцей за ўсё становіцца ўнук, пра якога ў пісьменніка шмат гісторый. Дзеці — самыя вялікія творцы, лічыць пісьменнік.

Зэкаў_2.jpg

Што тычыцца дзіцячай літаратуры і зацікаўленасці ў ёй школьнікаў, шмат залежыць ад настаўнікаў, заўважае А.Зэкаў, які часта выступае перад дзецьмі і часам заўважае пэўную пасіўнасць педагогаў. Толькі бацькі і настаўнікі могуць паўплываць на цягу дзяцей да кнігі. Аўтар лічыць: на карысць стасункаў паміж кнігавыдаўцамі і чытачамі можа пайсці і выданне твораў большымі тыражамі, што паўплывае на зніжэнне кошту асобніка.

Напрыканцы сустрэчы супрацоўнікі Выдавецкага дома ”Звязда“ павіншавалі свайго аўтара з 65-годдзем і пажадалі плёну ў творчасці.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома “Звязда”.  

Опубликовано:
Просмотров:
660