Фокус агульных інтарэсаў

Фокус агульных інтарэсаў

Неабходнасць пэўных ініцыятыў — тое, на чым трэба засяродзіцца як дзяржаўным структурам, так і выдавецтвам, кнігагандлёвым сеткам, творчым суполкам. Такую думку агучыў намеснік Міністра інфармацыі Беларусі Ігар Бузоўскі падчас круглага стала «Падтрымка нацыянальнага кнігавыдання», які прайшоў у прэс-цэнтры Дома прэсы. Удзельнікі гутаркі — прадстаўнікі Мінінфарма, кнігавыдаўцы і кнігараспаўсюджвальнікі — падзяліліся меркаваннем наконт фінансавых магчымасцей і абмежаванняў, змен нарматыўных актаў, а таксама стану кнігі ў свеце.

Кажучы пра эканамічны бок галіны, нельга не закрануць пытанне стаўкі падатку на дабаўленую вартасць. «Для нашых кнігараспаўсюджвальнікаў гэта тэма найбольш відавочная, асабліва ў  супастаўленні з Расійскай Федэрацыяй, — заўважыў Ігар Бузоўскі. — У нас свая гісторыя. Не трэба ствараць нешта нанова, бо многія падыходы напрацаваны гадамі. Але, магчыма, да некаторых рашэнняў, што былі прыняты па тых ці іншых эканамічных прычынах, сёння неабходна вярнуцца. Увогуле, неабходны канкрэтныя прапановы, бо спонсарскай падтрымкі, а таксама падтрымкі на ўзроўні дзярждатацый у чыстым выглядзе ўжо не будзе, бо час дыктуе зусім іншыя ўмовы, ставіць новыя задачы, у тым ліку перад творчым асяродкам».

Для беларускіх выдавецтваў і кнігагандлю сёння існуюць дзве ўзаемазвязаныя праблемы, з-за якіх зніжаецца попыт на кніжную прадукцыю: кошт друкаванай кнігі і пірацкі кантэнт, лічыць дырэктар кнігарні «Акадэмічная кніга» Вольга Глухоўская. Людзі не сталі чытаць меней. Пытанне ў тым, якія крыніцы яны для гэтага выкарыстоўваюць. Вядома ж, гэта не тычыцца класічнай літаратуры, якая выкладваецца ў адкрыты доступ, не парушаючы аўтарскае права. Час ад часу самі аўтары публікуюць на адкрытых інтэрнэтпляцоўках свае творы, але незаконнае спампоўванне наносіць удар і па кніжным гандлі, і па кнігавыданні. 

«У грамадстве пакуль не сфарміравана такая маральная каштоўнасць, як аўтарскае права. Паўплываць на гэта не могуць ні грамадскія арганізацыі, ні выдаўцы, ні самі пісьменнікі. Калі звяртацца да прычын, то гэта перш-наперш кошт кнігі, на які істотна ўплывае ПДВ», — падзялілася меркаваннем Вольга Глухоўская. Таму падчас сустрэчы неаднойчы гучалі прапановы зрабіць стаўку падатку нулявой, як гэта было некалі. Прынамсі, для кніг на беларускай мове.

«Але сёння кніга — не толькі друкаванае выданне, — заўважыў кіраўнік выдавецтва “Янушкевіч” Андрэй Янушкевіч. — Яна мае як мінімум тры фарматы: друкаваны, электронны і аўдыя-. Усе перадавыя сусветныя выдавецтвы прапаноўваюць чытачу той варыянт, які прыйдзецца даспадобы». Між тым ён звярнуў увагу на сегмент анлайн-бібліятэк, у прыватнасці на тое, што за прэміум-падпіску (неабмежаваны доступ да ўсіх выкладзеных кніг) у некаторых расійскіх анлайн-бібліятэках чытач плаціць каля 20 рублёў у месяц — сярэдні кошт сённяшняй кнігі ў цвёрдай вокладцы. Прытым гэты сегмент хутка развіваецца, і некаторыя выдавецтвы імкнуцца да супрацоўніцтва са шматлікімі інтэрнэт-пляцоўкамі. Але, як заўважыў Андрэй Янушкевіч, беларускую кнігу на расійскіх кніжных сэрвісах чытаюць мала: адчуваецца адсутнасць рэкламы, невядомасць шырокаму колу чытачоў многіх аўтараў і г. д.

«Мы гатовы хоць сёння выпускаць у электронным варыянце шэраг навуковай і вучэбнай літаратуры, — распавёў кіраўнік выдавецтва “Вышэйшая школа” Аляксандр Нячай. — Але законам не прадугледжана, як у такім выпадку сфарміраваць кошт, як разлічыць аўтарскі ганарар. Не рэгламентаваны іншыя важныя рэчы. Для працы заканатворцаў тут цэлае некранутае поле». Акрамя таго, па сёння застаецца адкрытым пытанне мэтазгоднасці і магчымасці далучэння Беларусі да Фларэнтыйскага пагаднення.

Не менш актуальная тэма для беларускіх кнігавыдаўцоў і кнігараспаўсюджвальнікаў — папулярызацыя твораў беларускіх аўтараў, якія фарміравалі б нацыянальны імідж. Як адзначылі эксперты, пакуль літаратурнае поле амаль цалкам занята кнігамі расійскіх выдавецтваў. Востра стаіць пытанне інфармацыйнай падтрымкі, у тым ліку праз папулярныя сацыяльныя сеткі, новых аўтараў, якія ствараюць нацыянальны кантэнт. У выніку ўдзельнікі круглага стала прыйшлі да высновы, што зараз займацца прасоўваннем кнігі павінны ўсе, хто задзейнічаны ў працэсе выдання і распаўсюджвання, — аўтары, выдаўцы, кнігарні, — шукаючы новыя фарматы ўзаемадзеяння з пакупнікамі. Арганізатары падкрэслілі, што такія сустрэчы будуць працягвацца.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома “Звязда”

Опубликовано:
Просмотров:
845