Фолк, драйв і рок-н-рол у 400-м выпуску "Наперад у мінулае"

Фолк, драйв і рок-н-рол у 400-м выпуску "Наперад у мінулае"

12 ліпеня на сацыякультурным канале медыяхолдынга выйшаў юбілейны, 400-ты, выпуск праграмы "Наперад у мінулае". З гэтай нагоды каманда праекта завітала ў госці да фальклорнага калектыву "Зарачанка".

Сустрэча творчай групы прайшла на беразе рэчкі Цітаўка ля вёскі Блонь Пухавіцкага раёна. Удзельніцы ансамбля сустрэлі сталічных гасцей жартоўнымі, з тонкімі народнымі кпінамі прыпеўкамі.

"Юбілейны выпуск мусіў стаць своеасаблівым аналагам выпуску першага. Да здымачнай групы "Наперад у мінулае" далучыліся: выканаўца Аляксандр Сухараў, герой прэм’ернай праграмы, і кампазітар - аранжыроўшчык праекта Сяргей Сухамлін. Песню пад нумарам 400 адшукалі амаль адразу. "Ой, на гары ды дубіна..." пасля апрацоўкі набыла рокавае гучанне дзякуючы гітарным рыфам і супольнаму выкананню колішніх рок-музыкаў - Сухарава і Сухамліна. Спадзяюся, што прыхільнікі праграмы застануцца задаволеныя", - распавядае вядучая Аксана Вечар.

Аляксандр Сухараў і калектыў "Зарачанка" падрыхтавалі для гледачоў "Беларусь 3" своеасаблівы батл - выканалі кожны на свой лад самую першую песню "Мяшчаначка". Акрамя таго, 400-ты выпуск аздобілі фрагменты старадаўняга купальскага абраду, адроджанага фальклорным калектывам. 

Наперад у мінулае

Нагадаем, за восем гадоў існавання праекта творчая група "Наперад у мінулае" праехала ўсю краіну - амаль 100 раёнаў, у тым ліку памежныя вёскі, дзе аўтаматычна падключаўся роўмінг іншых краін. Паводле ўмоў праекта, носьбіты аўтэнтычнай культуры выконваюць шэраг народных кампазіцый, а напрыканцы кожнай праграмы да ўвагі гледачоў прапаноўваецца новая версія народнай песні ў сучаснай аранжыроўцы, якую выконваюць вядомыя беларускія артысты. 

400-ты выпуск праграмы "Наперад у мінулае" гледачы тэлеканала "Беларусь 3" убачылі ў эфіры ў нядзелю, 12 ліпеня.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Белтэлерадыёкампаніі.


Опубликовано:
Просмотров:
608