Купальскае свята "Александрыя збірае сяброў"

Купальскае свята "Александрыя збірае сяброў"

6—7 ліпеня на традыцыйнай маляўнічай лугавіне на беразе Дняпра, які нясе свае хвалі паміж аграгарадкамі Александрыя і Копысь, пройдзе вялікае купальскае свята  "Александрыя збірае сяброў". Як паведамілі ва ўпраўленні культуры Магілёўскага аблвыканкама, галоўная тэма сёлетняга фестывалю — трохгоддзе малой радзімы.

У праграме як заўсёды канцэрты, гандаль на імправізаваных кірмашовых вуліцах, прэзентацыі рэгіянальных фестываляў і свят усіх рэгіёнаў краіны, начная маладзёжная дыскатэка, ушанаванне перадавікоў аграпрамысловага комплексу. Для ўдзелу ў вялікай выстаўцы-кірмашы і канцэртах запрошаны майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і творчыя калектывы з Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Польшчы, Эстоніі.

Прадпрыемствы спажыўкааперацыі абяцаюць парадаваць шырокім асартыментам харчовых тавараў і разнастайнасцю страў беларускай і замежных кухняў. Не абыдзецца без папулярнай у народзе дэгустацыі. Сваімі прысмакамі і вырабамі парадуюць установы адукацыі і сацыяльнай абароны вобласці, якія прадэманструюць найлепшыя ўзоры дэкаратыўна-прыкладной і тэхнічнай творчасці, вырабленыя з гліны, саломкі, лазы, шкла, металу, дрэва, тэкстылю. Для моладзі будзе працаваць пляцоўка «Творчасць маладых», дзе юнакі і дзяўчаты змогуць прадэманстраваць свае спартыўныя, творчыя і навукова-тэхнічныя дасягненні. Аматарам цыркавых відовішчаў будзе цікава заглянуць на пляцоўку «Свята цырка ў Александрыі».

Кульмінацыяй свята стануць купальскі гала-канцэрт і феерверк. З раніцы зноў пачнуць працаваць гандлёвыя рады, а на галоўнай пляцоўцы адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўшанавання перадавікоў аграпрамысловага комплексу вобласці. Настрой ім будзе падымаць народны артыст Рэспублікі Беларусь Анатоль Ярмоленка і яго гурт «Сябры».

Опубликовано:
Просмотров:
2 435
Тематика: